Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

    Па выніках работы за 2017 год за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі ў намінацыі “Лепшая ўстанова прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі” Валожынскі прафесіянальны сельскагаспадарчы ліцэй заняў трэцяе месца. Першае месца заняў Смалявіцкі прафесіянальны аграрна-тэхнічны ліцэй, другое – Слуцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесіянальны ліцэй.

На калегіі ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама дырэктару ўстановы У. І. Мітрошчанкаву была ўручана Ганаровая грамата. Дарэчы, па выніках работы за 2016 год наш ліцэй быў у ліку апошніх у сістэме прафтэхадукацыі вобласці. Так што такое высокае месца – вялікі прарыў усяго калектыву. Пажадаем землякам і надалей не здаваць заваяваныя пазіцыі.

 

     Бягучы год калектыў Івянецкага лясніцтва пачаў у новым будынку па вуліцы Заслонава ў гарпасёлку. Раней там размяшчаўся Івянецкі ўчастак гаргаза. Апошнія гадоў з дзесяць будынак здаваўся ў арэнду.

На працягу мінулага года вяліся рамонтныя работы, добраўпарадкавалася тэрыторыя. Цяпер умовам работы калектыву лясніцтва могуць пазайздросціць многія калегі. Восенню на тэрыторыі закладзены новы дэндрапарк. А стары будынак лясніцтва пераводзіцца ў жылое памяшканне.

 

    У студзені выйшла ў свет кніга “Думкі і ўспаміны” ветэрана педагагічнай справы, краязнаўца, стваральніка і кіраўніка некалішняга народнага тэатра Мікалая Мікалаевіча Ганчарыка з Пяршаяў. У мастацкім афармленні кнігі выкарыстаны малюнкі яго дачкі Алены Цямніцкай.

На амаль дзвюхстах старонках можна пазнаёміцца з багатай творчай палітрай аўтара – ад п’ес да біяграфічных успамінаў. Тут змешчаны народная драма “Доры”, народны абразок “Каська з Мураўскім”, апавяданне “Дабраўляны”, шматлікія пераклады, апісанне абраду “Вяселле на Пяршайшчыне”, “Наш радавод”. Значнае месца адведзена ўспамінам “З думкай аб школе”, “Паходы і экскурсіі”, “Тэатр”, якія падмацоўваюцца чорна-белымі фотаздымкамі. Сваю шматгадовую літаратурную працу М. М. Ганчарык адрасаваў маладому пакаленню землякоў: каб ведалі, каб помнілі. Зразумела, што адным з першых аўтарскі экзэмпляр выдання атрымаў калектыў Пяршайскай сярэдняй школы, рабоце ў якой аўтар аддаў шмат гадоў жыцця.

 

    30 студзеня ў Маладзечне адбыліся занальныя спаборніцтвы па біятлоне сярод дзяцей і падлеткаў “Снежны снайпер” на прызы прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Наш раён прадстаўляла каманда з 12 вучняў Сакаўшчынскай, Багданаўскай і Суднікаўскай СШ. Аднак змагацца на роўных з равеснікамі з Капыльскага і Лагойскага раёнаў ім было не па сілах: у гэтых раёнах у ДЮСШ ёсць аддзяленні біятлону. Затое 9 і 11 лютага гэтыя спартсмены ў ліку 150 школьнікаў раёна змогуць папрысутнічаць на абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер”, якія пройдуць у Раўбічах.

 

    Ініцыятарамі паездкі ў Мінск, каб наведаць прэм’ерную выставу “Святыя непадзеленай царквы”, сталі члены клуба “Лэдзі” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Запрасілі далучыцца да іх цімбілдзінгу прадстаўнікоў клуба “Залатая восень”.

Разам з кіраўніком сацыяльнага турызму аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей Крысцінай Спічак такую паездку здзейснілі. Спачатку пабывалі ў Нацыянальным мастацкім музеі, дзе разгорнута выстава ікон, над якімі два гады працавалі мастакі з 15 краін у рамках міжнароднага праекта. Беларусь стала першай краінай, дзе дэманструюцца гэтыя работы. Пасля жанчыны наведалі гістарычны музей, на трох паверхах якога зараз размешчана экспазіцыя “Гісторыя Вялікага княства літоўскага”. Асабліва ўразілі велічнасць і прыгажосць “адноўленых” у фармаце 3D Гальшанскага і Крэўскага замкаў.

 

 3-4 лютага ў Лагойску адбыліся занальныя спаборніцтвы чэмпіянату Мінскай вобласці па міні-футболе сярод выхаванцаў ДЮСШАР 2006 года нараджэння.

Нашы юныя футбалісты першую гульню з камандай Мінскага раёна выйгралі з лікам 5:2, у гаспадароў пляцоўкі выйгралі з лікам 9:4, перамаглі і сваіх равеснікаў з Дзяржынска – 6:3. А вось у гульні за першае месца прайгралі з лікам 3:5 камандзе Маладзечна, якая і выйшла ў фінал абласнога чэмпіянату.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars