Падставай для мерапрыемства сталі кнігі

Падставай-для-мерапрыемства-сталі-кнігі

    Прэзентацыю паэтычных зборнікаў удзельнікаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Зінаіды ГАСЦІЛОВІЧ і Дзмітрыя КРАСКОЎСКАГА правялі ў раённым Цэнтры культуры.

Мінулы год быў вельмі “ўраджайным” для членаў “Руні”. Адразу ў некалькіх чалавек на свет з’явіліся кнігі, розныя па фармаце і аб’ёме, у некаторых першыя ў жыцці. Асабліва шчодрым быў год для адной сям’і – брата і сястры Зінаіды Гасціловіч і Дзмітрыя Краскоўскага. Вынікам іх шматгадовай творчай працы сталі агульны зборнік “Плынь нашага жыцця” і асабістыя – “Лёсу майго карункі” і “Ёсць нагода пасмяяцца”. Як і заўсёды, чарговую сустрэчу-прэзентацыю наладзіла кіраўнік “Руні” Валянціна Гіруць-Русакевіч, якая на працягу больш чым дзвюх гадзін вяла імпрэзу, расказвала пра лёс нашых землякоў, задавала ім пытанні, каб творцы маглі больш глыбока і ўсебакова раскрыцца перад людзьмі, што сабраліся ў той суботні дзень у зале.

Як бы старонку за старонкай кнігі, вядучая гартала старонкі біяграфій сваіх герояў, прымушаючы іх успомніць тыя моманты з жыцця, якія натхнялі на вершы. Атрымаўся досыць адкрыты дыялог, і самі творцы сталі больш зразумелыя для прысутных. Гэта надзвычай прыемныя і шчырыя людзі, што пакінулі свой след у шматлікіх вучнях, у працоўных калектывах. Дзмітрый Геранімавіч шмат гадоў працуе настаўнікам музыкі і спеваў у Івянецкім дзіцячым доме-інтэрнаце. Яго навучэнцы – нязменныя ўдзельнікі раённых канцэртаў, займаюць прызавыя месцы ў раённых і абласных конкурсах.

Абодва віноўнікі ўрачыстасці з’яўляюцца яшчэ і членамі абласнога народнага Клуба паэтаў і кампазітараў “Жывіца”, іх вершы ўвайшлі ў яго калектыўныя зборнікі. Віртуальнае віншаванне перадала ім кіраўнік Клуба Ірына Карнаухава. Шмат добрых слоў пачулі са сцэны і ад членаў “Руні”. Дарэчы, вершы брата і сястры даўно надрукаваны ў калектыўных зборніках літаратурнага аб’яднання “Зямлі маёй і землякам”, “Нашчадкі”, “Помнім і жывём”. А Зінаіды Гасціловіч – яшчэ і ў калектыўных зборніках літаратурна адораных настаўнікаў Міншчыны: “Галасы роднай старонкі” і “Край верасовы”.

Наталля ШТЭЙНЕР

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars