Даніна памяці

Общество

У 1995 годзе, праз шэсць гадоў пасля вываду савецкіх войск з Афганістана, было прынята рашэнне 15 лютага адзначаць як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

У нашым раёне на сённяшні дзень жывуць 58 удзельнікаў лакальных войнаў, 17 з іх маюць баявыя ўзнагароды. Трое нашых землякоў загінулі на афганскай зямлі і былі дастаўлены ў “чорных цюльпанах” і цынкавых трунах на родную зямлю. Па распараджэнню старшыні райвыканкама матулям П. Падрэза і І. Мазуры сёлета выдзелена грашовая дапамога – па 200 тысяч рублёў. Бацькоў маёра В. Сліжа, на жаль, ужо няма ў жывых.

За 22 гады, што мінулі з дня, калі апошні савецкі салдат пакінуў афганскую зямлю, па розных прычынах пайшлі з жыцця 19 нашых баявых сяброў. Большасць памерлі з прычыны кантузій, ран, але былі і такія, хто не змог пазбавіцца афганскага сіндрому і не знайшоў сабе прымяненне ў мірным жыцці. 2 воіны-афганцы маюць групу інваліднасці. З’явілася магчымасць папраўляць здароўе ў шпіталі ветэранаў вайны імя П. Машэрава. Летась яе скарысталі Ю. А. Кліцоў і І. І. Варанецкі. Скажу шчыра, што лічба магла быць значна большая, нямногія ўважліва сочаць за здароўем.

Воіны-інтэрнацыяналісты частыя госці ў школьных калектывах, гэтыя сустрэчы нязменна нясуць зарад патрыятызму. З гонарам назаву прозвішчы тых, хто добра адаптаваўся ў сённяшняй рэчаіснасці, працуе на карысць нашай дзяржавы. Гэта начальнік папраўчай установы адкрытага тыпу ў Валожыне А. В. Матус, вадзіцель Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” С. М. Пермякоў і спецыяліст па сыравіне гэтага ж прадпрыемства М. Ф. Лукашанец, С. А. Жук і А. І. Зянько, якія працуюць у ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, работнік аўтазапраўкі “ЛУКойл-Беларусь” А. В. Яблонскі і іншыя.

15 лютага воіны-афганцы збяруцца ў раённай бібліятэцы на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна. Потым мы па традыцыі падзелімся на тры групы, каб ускласці вянкі на магілы тых, хто загінуў у Афганістане, па магчымасці па дарозе наведаемся і на іншыя могілкі. Воіны валожынскага гарнізона забяспечаць ганаровы каравул. Кіраўнікам калектываў, дзе працуюць воіны-інтэрнацыяналісты, рэкамендавана зрабіць для іх 15 лютага выхадным днём, аказаць грашовую падтрымку. Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, з аптымізмам глядзець у заўтрашні дзень, радавацца за дзяцей і ўнукаў.

Рыгор РУСАКЕВІЧ, старшыня раённага савета ветэранаў, старшыня раённага савета ГА “Беларускі  саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.



Добавить комментарий