Растуць дзеці — маладзее вёска

Общество

Жыццё дзіцячага садка ў сельскай мясцовасці цесна звязана з сельскагаспадарчым прадпрыемствам, якое там размяшчаецца. Росквіт і развіццё СВК дае штуршок для новых рабочых месцаў, павышэння колькасці жыхароў, будаўніцтва жылля. Больш будзе стварацца маладых сем’яў, павялічыцца колькасць дзетак, а значыць, і для калектыву дзіцячага садка знойдзецца работа.
Падчас адной з камандзіровак па раёне мы наведаліся ў Яршэвіцкі навучальна-педагагічны комплекс “Дзіцячы сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа”, работа якога ў многім залежыць ад дабрабыту СВК “Манькаўшчына”. Дырэктар гэтай навучальнай установы Ала Віктараўна Пятроўская аб перспектыве садка мяркуе так:
– Зараз у садзік ходзяць 24 дашкольнікі і 4 знаходзяцца на кароткачасовым прабыванні. У Манькаўшчыне будуецца новае жыллё, і мы спадзяёмся, што колькасць маленькіх наведвальнікаў узрасце.
У садзіку дзве групы. У старэйшай – 10 дзетак, яны займаюцца пад пільным вокам выхавальніка К. І. Гражуль, настаўніцы англійскай мовы з 20 гадовым стажам. Кацярына Іванаўна гаворыць, што заняткі ў садзіку, як урокі ў школе. Кожны дзень яна распрацоўвае план работы з малымі, які дазволіць ім авалодаць граматай, развіць мову і камунікатыўнасць, падрыхтавацца да школы. План вельмі разнастайны. Напрыклад, гутарка на тэму “Хатнія і экзатычныя птушкі”, канструяванне папугайчыка, адгадванне загадак, завучванне на памяць вершаў, перасказ “Курачкі Рабы” і інш. Перад “ціхай гадзінай” Кацярына Іванаўна традыцыйна чытае дзецям казкі.
Свае веды і цеплыню сэрца тым, хто стаіць на парозе жыцця, дорыць выхавальнік малодшай групы, малады спецыяліст Галіна Іванаўна Ілбуць. Пасля заканчэння Лідскага каледжа імя Я. Купалы яна трапіла ў Яршэвічы па размеркаванню. Спецыяльнасць “Агульная дашкольная адукацыя. Лагапедыя” дазваляе Галіне Ілбуць лёгка разумець і працаваць нават з самым маленькім наведвальнікам групы, якому толькі 2 з паловай гады.
Галіна любіць маляваць гуашшу, пастэллю, захапляецца бацікам. Прымяненне свайму хобі яна знайшла і ў рабоце з дзеткамі: афармляе вялікімі намаляванымі звяркамі гульнявыя зоны, прыдумвае яркія развіваючыя карткі. Сакрэтамі работы з дзецьмі, добрымі парадамі з Галінай Ілбуць дзеліцца памочнік выхавальніка Вольга Мікалаеўна Гідлеўская.
Частую дапамогу садку аказвае былы выпускнік Яршэвіцкай школы Уладзімір Пятровіч Ліхтаровіч. Ён спансіраваў садзік навагоднімі падарункамі, посудам, пасцельнымі камплектамі.

Алена ПАШКЕВІЧ.
На здымку: малады спецыяліст Галіна Ілбуць са сваімі выхаванцамі. Фота аўтара.



Добавить комментарий