Люты зіму вянчае

Культура

Люты – апошні развітальны месяц зімы, ён больш лагаднейшы за іншыя зімовыя месяцы. За 28 сутак дзень прыбывае на 1 гадзіну 54 хвіліны.

У гэту пару года важна аглядаць палеткі, каб на жыце вада не збіралася. Калі дзе-небудзь ля плота снегу сабралася шмат, трэба пракалоць дзіркі, каб снег хутчэй растаяў. У садзе важна таксама сачыць за тым, каб вада не стаяла каля ствалоў пладовых дрэў, бо кара можа патрэскацца.

Варта пільнаваць і пасеку, магчыма, некаторым сем’ям трэба даць мёду для падкормкі. А калі ў вуллі завялася мыш, то неабходна паставіць пастку.

Жанчыны ў лютым звычайна мяняліся з гаспадынямі з суседніх вёсак пеўнямі і гусакамі. Калі самец з іншага гнязда, дык прыплод будзе лепшы. У лютым уважліва аглядалі і сельгасінвентар, старанна рыхтавалі яго да будучых веснавых работ.

На Стрэчанне назіралі за надвор’ем. Існавалі прыкметы: якое надвор’е на Грамніцы, такая выдасца і вясна. Калі на Грамніцы будзе адліга, то з ураджаю будзе “фіга”.

У прыродзе ў гэты час адчуваецца пацяпленне, са стрэх бягуць капяжы. На Грамніцы беларусы выпальвалі крыжы: дзве палачкі, накладзеныя адна на адну, каб засцерагчы жытло ад нябесных стыхій. Крыжападобна запальвалі  і валасы на галовах сваіх дзяцей і на жывёле, каб адагнаць злых чарадзеяў, ведзьмакоў. Грамнічныя свечкі  пакідалі ў хаце і нават у хлявах. Іх запальвалі пры грымотах і калі выганялі кароў вясной у поле.

Калі на Грамніцы снег перамятае дарогу, то чакаецца позняя вясна.

На гэты месяц прыпадае і прысвятак – Агата, а таксама Пятро. Калі на Пятра цёпла, зіма працягнецца аж да Вялікадня.



Добавить комментарий