У музей за казкай

Наведацца “У госці да казкі” жыхары раёна цяпер могуць, завітаўшы ў Валожынскі краязнаўчы музей, дзе пад такой назвай працуе персанальная выстава лялек па сюжэтах разнастайных твораў.

У памяшканні ўстановы размясціліся 30 казачных кампазіцый, у якіх задзейнічана каля 80 персанажаў. Яны вельмі маляўнічыя, самабытныя, нават здаецца, што жывыя. Гэту прыгажосць стварыла і прадаставіла на выставу сям’я Кузьмічовых з Маладзечна.

Галоўны ініцыятар праекта Святлана. Жанчына нарадзілася ў вёсцы Палачаны, якая знаходзіцца па дарозе з Валожына ў Маладзечна. Дзяўчынка расла ў творчай сям’і, таму з дзяцінства захаплялася ўсім прыгожым, старалася навучыцца маляваць, вышываць, вязаць і інш. Для гэтага наведвала гурткі, якія былі толькі ў мясцовай школе. Лёс склаўся так, што ў свой час яна закончыла медвучылішча і 22 гады адпрацавала ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, але душа цягнулася да іншага. У выніку хобі для Святланы стала сэнсам жыцця, у 2011 годзе яна зарэгістравалася рамеснікам.

Жанчына спрабавала сябе ў розных кірунках, але не ўсё атрымлівалася. Пасля таго, як у 2013 годзе на “Славянскім базары” ў Віцебску пазнаёмілася з цікавымі людзьмі і набыла вопыт, яна вызначылася, чым зоймецца далей. Стала вырабляць прыгожыя, самабытныя ўпрыгажэнні з камянёў у тэкстыльнай апрацоўцы, расшытыя бісерам, пацеркамі, занялася і валеннем з воўны. Але найбольшай увагі заслугоўваюць яе кававыя, ці паддашкавыя цацкі. Некалькі работ у гэтай тэхніцы прадстаўлены на выставе ў Валожыне. Падчас яе адкрыцця Святлана расказала легенду пра з’яўленне вышэйназваных лялек: забытая цацка доўгі час праляжала на гарышчы кававай фабрыкі, яна састарэла і набралася водару. Калі трымаеш такую ў руках, адчуваеш асаблівы прыемны пах, бо ў працэсе вырабу тканіна прамочваецца сумессю з кавы, карыцы і ванілі. А яшчэ яе націраюць наждачнай паперай і выварваюць у травах. Таму цацка мае такі выгляд, быццам яе знайшлі на гарышчы. Зразумела, што гэта вельмі аб’ёмная і карпатлівая праца. На сённяшні дзень паддашкавыя лялькі вельмі папулярныя і займаюць дастойнае месца ў шматлікіх калекцыях.

Ідэя ствараць герояў па матывах казак з’явілася, калі да Святланы ў госці завітала сяброўка з маленькім сынам, і аказалася, што хлопчык нават не чуў пра большасць некалі папулярных персанажаў савецкіх мультфільмаў. Вельмі захацелася пазнаёміць дзяцей з культурай таго часу і адначасова адцягнуць увагу малых ад інтэрнэту.

Выстаўленая ў музеі экспазіцыя складаецца з дыярам – своеасаблівых сюжэтных міні-сцэнак, у якіх героі размяшчаюцца ў адпаведным інтэр’еры. У асноўным гэта персанажы народных казак, але ёсць і з твораў Ганса Хрысціяна Андэрсена, Джані Радары, Шарля Перо, Самуіла Маршака і інш. Прадстаўлена на выставе і інсталяцыя з казкі ўласнага сачынення, адной з тых, што з’явіліся ў сям’і, калі дачушка была малая. Над экспазіцыяй, якая цяпер знаходзіцца ў Валожынскім музеі, праца вялася тры гады.

Сям’ю Кузьмічовых аб’ядноўвае творчасць. Разам яны прадумваюць сюжэты для будучых кампазіцый. Казачныя героі вырабляюцца ў тэхніцы прымітыўнай тэкстыльнай лялькі. Кожны тыдзень з’яўляюцца нейкія новыя героі. Святлана займаецца выкрайкай, пашывам і набіваннем дэталей. Яе муж Іван сшывае іх і працуе з самымі дробнымі, а таксама на ім – планшэты і элементы з дрэва і ДВП. Дачушка Ганна, якая вучыцца на мастацкім аддзяленні ў гімназіі-каледжы, з задавальненнем распісвае лялек і малюе фоны для кожнай інсталяцыі.

У памяшканні краязнаўчага музея выстава лялек стварыла атмасферу светлага цуда, каля кожнай дыярамы хочацца затрымацца. Асабліва даспадобы экспазіцыя прыйшлася маленькім жыхарам Валожыншчыны, але і нікога з дарослых не пакідае раўнадушным.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

У-музей-за-казкай-1

У-музей-за-казкай-2

У-музей-за-казкай-3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars