Радзіме адданы душою навек

Радзіме-адданы-душою-навек

Сёння адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны!

23 лютага таксама спаўняецца 100 гадоў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь

    Напярэдадні велічнай даты мы сустрэліся з нашым земляком – начальнікам упраўлення тэрытарыяль­най абароны, намеснікам начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Андрэем Аляксандравічам ПАСЕКАМ.

Валожыншчына здаўна славіцца сваімі сынамі, якія ў любыя часы былі гатовы стаць на абарону роднай зямлі. Наш край – радзіма вядомых военачальнікаў – ге­нералаў Міхаіла Фаміча Букштыновіча і Антона Іосіфавіча Гасціловіча, контр-ад­мірала Зігмунда Іванавіча Жабко.

Маладое пакаленне валожынцаў пра­цягвае традыцыі дзядоў і бацькоў. Сёння ва Узброеных Сілах краіны мноства вы­хадцаў з раёна. На розных пасадах дзень і ноч нясуць яны няпростую службу – за­бяспечваюць мірнае жыццё беларускага народа. Наш субяседнік якраз з такіх…

Ён нарадзіўся і вырас у Валожыне. Вуліца Лені­на, якую і зараз з любоўю называе “мая вёска”, стала самым родным кутком на свеце. У СШ № 2 г. Валожына набыў 8-гадовую адукацыю. Мала хто чакаў ад гэтага падлетка ўчынку, што патрабаваў дастаткова моцнага характару і сілы волі – пасту­плення ў Сувораўскае вучылішча. Андрэй Аляк­сандравіч і сам ужо дрэнна памятае матывацыю такога рашэння. Добра ўсведамляе адно: на яго лёс магутнае ўздзеянне аказала асоба бацькі Аляксан­дра Аляксандравіча – разумнага і вопытнага ча­лавека, здольнага кіраўніка. Ды і абодва яго дзяды былі ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.

Матулін тата меў мноства ўз­нагарод, шмат гадоў аддаў арміі. Прыклад баявых сваякоў, бацькавы ўстаноўкі – быць сама­стойным, трымаць слова, не баяцца ніякай працы – рана сфарміравалі ха­рактар.

Хоць да паступлення рыхтаваўся, але нават у сне не мог уявіць цяжкас­ці, з якімі давялося сутыкнуцца. Не хапала ведаў па матэматыцы, не ўсё складвалася з фізікай, замежнай мо­вай. Фізічная падрыхтоўка таксама была не на належным узроўні. Боль­шасць сакурснікаў – выпускнікі спе­цыялізаваных школ Мінска. Многія – сур’ёзныя спартсмены. І ён – 1 м 52 см росту, звычайны “харашыст” з рацэнтра з выключна вясковым вы­хаваннем. Чаму не спасаваў, як змог заставіць сябе не адстаць ад астатніх, куды дзеў слёзы і жаданне кінуцца да бацькоў з просьбай: “Забярыце мяне адсюдь!” – ведае толькі ён сам, але, хітравата ўсміхаючыся, жартуе: “Гэты перыяд знік з памяці”.

Сілу духу сувораўца Пасекі ў вучылішчы, дзе, па яго словах, панаваў культ вучобы, ацанілі. Ён змог годна здаць выпускныя экза­мены. Усе разумелі: з хлопца будзе афіцэр, але наступным рашэннем, прынятым выключна самастойна, здзівіў усіх. Безумоўна, курсан­таў рыхтавалі да паступлення ў вышэйшыя ваенныя ўстановы. Ад­нак, ніхто не чакаў, што менавіта ён абярэ адну з самых прэстыжных, дзе вучыліся лепшыя з лепшых, – Ленінград­скае вышэйшае арты­лерыйскае каманднае вучылішча. А валожынскі юнак накіраваўся туды. Яго не спыніла тое, што артылерыя – «бог бою» – патрабуе самых адмысловых ве­даў. Добра запомніў, як адзін з вы­кладчыкаў паўтараў: “Каб пушкі стралялі, неабходна рашыць шэраг матэматычных задач”. Таму, сціс­нуўшы зубы, засеў за падручнікі. Да цяжкасцей яму было не прывы­каць, пастаяннае пераадоленне сябе стала звыклым. І ён чарговы раз справіўся.

Сёння многія выпускнікі ВНУ 90-х помняць роспач, якую адчувалі пасля таго, як дыплом аказваўся ў руках. Куды ісці, дзе працаўлад­кавацца? Маладым афіцэрам было яшчэ больш складана. Іх рыхтавалі абараняць рубяжы Савецкага Саю­за, а на момант заканчэння вучобы такой дзяржавы ўжо не было. Лей­тэнант Пасека мог застацца служы­ць у Расіі, але жаданне быць патрэб­ным на беларускай зямлі перамагло.

З 1992 года яго жыццё цесна звя­зана з Узброенымі Сіламі краіны. Служыць давялося на пасадах ка­мандзіраў агнявога ўзвода, узвода ўпраўлення артылерыйскай батарэі, узвода артылерыйскай разведкі, ба­тарэі артылерыйскай разведкі. Быў начальнікам разведкі штаба арты­лерыйскай брыгады.

У 2001 годзе Андрэй Аляксан­дравіч атрымаў дыплом з адзнакай і залаты медаль выпускніка каманд­на-штабнога факультэта Ваеннай акадэміі. Пэўны час нёс службу ў якасці начальніка штаба – першага намесніка камандзіра артылерый­скай брыгады. У яго паслужным спісе: намеснік штаба ўпраўлення ракетных войск і артылерыі Гене­ральнага штаба, начальнік штаба ўпраўлення – намеснік начальніка ракетных войск і артылерыі Узбро­еных Сіл.

У 2013 годзе яшчэ раз, такса­ма з адзнакай і залатым медалём, скончыў акадэмію, на гэты раз фа­культэт Генеральнага штаба. Пэўны час з’яўляўся намеснікам началь­ніка ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны Генштаба, а ў снежні 2017 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь назначаны начальнікам упраўлення тэрытарыяльнай абаро­ны – намеснікам начальніка Гене­ральнага штаба Узброеных Сіл.

Андрэй Аляксандравіч – заняты чалавек. Яго пасада патрабуе мак­сімум сканцэнтраванасці на зада­чах, што стаяць перад вайскоўцамі краіны. Тым не менш, ён – выдат­ны сем’янін, сябруе са спортам. Сённяшні жыхар сталіцы не за­бывае пра родныя мясціны і, хоць нячаста, наведвае горад, дзе прай­шло дзяцінства, дзе ў любы час яго чакае матуля – Таццяна Васільеў­на. Прызнаецца: хацелася б “дома бываць часцей”. Часта ўспамінае сваіх школьных настаўнікаў, якім абавязаны многім – Аляксандру Якаўлеўну Лісаву, Зою Лук’янаўну Разанаву, Наталлю Уладзіміраўну Наквас, Аляксандра Ва­сільевіча Трапашку… Шчыра ганарыцца бела­русамі. Даўно заўважыў асаблівае стаўленне да нашых суайчыннікаў. Упэўнены: ёсць за што, мы – спакойны, цяр­плівы, удумлівы народ. Дарэчы, для камандзіра гэтыя рысы – літа­ральна залатыя.

Напэўна ён мае рацыю – шмат дзе пабываў, сустракаўся з рознымі людзьмі, прачытаў мноства кніг па гісторыі. Як сапраўдны афіцэр, цікавіцца развіццём і станаўленнем ваеннай справы на Беларусі. Нага­даў мне, што ў час Вялікай Айчын­най вайны каля 70% начальнікаў штабаў Чырвонай Арміі былі вы­хадцамі з нашай зямлі. Я запытала ў Андрэя Аляксандравіча, што б ён хацеў пажадаць сваім землякам у Год малой радзімы. Пачула наступ­нае: “Прызнаюся ў сваёй бязмежнай любові да роднай Валожыншчыны і шчыра жадаю яе жыхарам працяг­ваць старанна працаваць на карыс­ць цудоўнага Налібоцкага краю, берагчы сем’і, умацоўваць здароўе і абавязкова цікавіцца каранямі. Мо­ладзі ж хачу нагадаць: няма больш пачэснай місіі, чым стаяць на варце мірнага жыцця свайго народа”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars