Лепшы сябар – разумная кніга

45682698

Настаўнік ніколі не бывае былым. Гераіня сённяшняй сустрэчы ўжо на пенсіі, але, не зважаючы на безліч вясковых клопатаў, па-ранейшаму нястомна працуе над сабой, здзіўляе субяседнікаў багатым інтэлектуальным багажом, выдатнай эрудыцыяй і здаровым гумарам. Яе прозвішча добра вядома чытачам раённай газеты, не раз іх радавалі артыкулы, дасланыя нашай пазаштатнай аўтаркай. Здагадаліся, хто гэта? Знаёмцеся бліжэй: жыхарка вёскі Янушкавічы Данута Вікенцьеўна ШАЎЛОЎСКАЯ!

– Данута Вікенцьеўна, жыць у сельскай мясцовасці, ды яшчэ адной, зусім няпроста. Як Вам удаецца не губляцца ў шэрай паўсядзённасці, дзе знаходзіце сілы?

– У грамадстве, у школе (а я працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Пяршаях) заўсёды існавала думка: калі чалавек шмат чытае, ён шмат і ведае. Такіх людзей цанілі і паважалі. Вось і прывучыла чытаць мяне старая школьная сістэма. У настаўніцкай на асобным стале ляжалі падшыўкі газет і часопісаў. Як толькі “фортачка” ў раскладзе – адразу туды, гартаць старонкі папулярных тады часопісаў – “Огонек”, “Советский Союз”, “Новый мир”, “Дружба народов”, “Вокруг света” і многіх  іншых… Памятаю, калі пабудавалі дом, першай мэбляй, якую туды купілі, была кніжная шафа. Пасля кожнай зарплаты бегла ў кніжную краму за новай пакупкай. Я і сёння лічу, што лепшыя сябры ў жыцці – кнігі. Толькі трэба чытаць добрыя, цікавыя – дрэннага і так наўкол хапае.

– Адным словам, Вашы светапогляд і асоба фарміраваліся пад вялікім уплывам друкаванага слова. Што сёння трымаеце ў дамашняй бібліятэцы?

– Фармірую яе ўсё жыццё, але вельмі разборліва і дэталёва. Не патрэбна мне, напрыклад, тая модная дэтэктыўная “шэрань”, якой цяпер загрувашчаны паліцы кнігарняў. Раней штудзіравала праграмную літаратуру, але, па шчырасці, не ўся яна мне падабалася. Зараз трымаю апавяданні Грына, Караленкі, творы Чукоўскага, Салжаніцына, Пастэрнака, Пяскова. Памятаю, як цяжка было дастаць такія эксклюзівы, як “Галіна Вішнеўская”, “Крамлёўскія жонкі” Васільевай, “Плаха” Айтматава, “Уладзімір, або Перарваны палёт” пра жыццё Уладзіміра Высоцкага аўтарства Марыны Владзі, мемуары Азгура, Жукава… Не саромеюся перачытваць перачытанае. Вечарам на ложку ўладкуюся, націсну на кнопку начніка – і вось ужо святло гарыць, а пад рукой, справа, увесь неабходны мне друк. Пакуль не пачытаю – не засну. Увогуле, сёння бібліятэка дапамагае мне змагацца з адзінотай…

– Калі ласка, некалькі слоў пра свае вытокі, сям’ю…

– Нарадзілася я на Пяршайшчыне. Маці была жанчынай надзвычай працавітай. Калі яе ўгаворвалі адпачыць, нязменна адказвала: “На тым свеце наляжуся!” Ад яе нешта падобнае перадалося і мне, адчуваю пастаянную ўнутраную патрэбу быць занятай. А вось як гэта рэалізаваць – залежыць ужо ад здароўя, якое сёння маю не вельмі моцнае.

На жаль, не стала побач многіх дарагіх людзей – адышлі ў вечнасць мама, свякроў, якая была заўсёды на баку нявестак, муж. Цяпер, дзякаваць Богу, у многім дапамагаюць дзеці, якія зараз жывуць і працуюць у Мінску. Калі наведваюцца, на месцы не сядзяць, кожны знойдзе сабе работу.

– Чаму Вы вырашылі звязаць лёс менавіта з педагогікай?

– У многім на выбар прафесіі паўплывалі сваякі: стрыечны мамін брат Эдуард Канстанцінавіч Голуб да 1940 года працаваў дырэктарам Пяршайскай школы. Настаўнікам з вялікім талентам мастака быў і родны дзядзька Ізыдар. Але здарыўся ў жыцці эпізод, пасля якога я канчаткова вырашыла стаць настаўніцай. У 1952 годзе прыйшла на ўрок рускай літаратуры, які вяла Г. М. Курдо. Вось хто быў сапраўдным носьбітам высокай культуры ва ўсіх сэнсах! Прыехала да нас яна з Ленінграда. Заўсёды прыбраная, акуратная, яна настолькі пранікнёна і маляўніча выкладала матэрыял, што падчас нават слёзы на вачах выступалі. Тады я і зрабіла свой выбар. Парадокс у тым, што ён быў нечаканым для мяне самой: у дзяцінстве я марыла стаць… мастачкай! Мела да гэтай справы прыроджаны талент і пастаянна развівала яго, малюючы людзей, жывёл, прыроду, кветкі.

– Атрымліваецца, дзіцячая мара не збылася?

– Атрымліваецца, так. Толькі пра гэта ні ў якім разе не шкадую. Тыя здольнасці не згінулі, наадварот, былі запатрабаваны. Яшчэ калі вучылася, па меншай меры, 3 разы на год афармляла школьныя лозунгі. На 10-15 метрах чырвонай тканіны сумессю зубнога парашку і малака акуратна выводзіла белыя літары. Вялікая праца! Акадэміі ж, якія выпускалі прафесіянальных мастакоў, былі тым часам толькі ў Маскве і Ерэване. Вядома ж, ніхто мяне туды не павёз, і сама не паехала. Затое цалкам знайшла сябе ў педагогіцы.

– Можа, дасце зараз некалькі прафесіянальных парад маладым калегам-педагогам?

– Кожны з сённяшніх настаўнікаў – прафесіянал і добра ведае сваю справу. Раскажу, як працавала ў свой час я, а калі хто захоча, возьме сабе што-небудзь на заметку… Праз жыццё нясу выказванне пра тры прафесіі, якія патрабуюць ад чалавека не злавацца. Гэта святар, настаўнік і доктар. Той, хто выбірае для сябе гэтыя дарогі, павінен мець вялікае цярпенне, не зважаць на праблемы ў асабістым жыцці, не несці дамашнія нягоды на работу.

Працу я сваю любіла, была прынцыповай і патрабавальнай. Калі вучань не прачытаў “Вайну і мір” Льва Талстога, на “выдатна” мог не спадзявацца. Вучыла дзяцей разважаць, пісаць цікавыя сачыненні (прасіла прапусціць кожнае слова праз сэрца – тады і атрымлівалі вынік). Развучвала з імі мноства вершаў, якія дапамагалі выбіраць у жыцці правільныя каштоўнасці. Мой жыццёвы дэвіз: «Умейте радоваться жизни, ее обыденным дарам: взлету журавленка, речушке, моющей пески, пожатью дружеской руки…». Каб веды лягчэй засвойваліся, выкарыстоўвала прынцып правілаў у вершаванай форме. Многія памятаюць: “Ясно, вкусно, интересно, и искусно, и чудесно, и ужасно, и прекрасно – с буквой «т» писать опасно”. Заўсёды імкнулася, каб кожны ўрок быў цікавы, па-свойму адметны, каб западаў у душу вучню.

– Вернемся непасрэдна да Вашай асобы. Чым жа захапляецца Шаўлоўская-гаспадыня?

– Лес, сад і ўсе іх дары – вось маё. Сабранае павінна быць спарадкавана, і пачынаецца тады “ліхаманка” закрутак-кансерваванняў. Ажно рукі свярбяць, так люблю гэту справу. Разважаю: у сутках 24 гадзіны, 10 адпачываю, а 14 – павінна працаваць! Прырода часта шчодрая да людзей бывае. Летась, напрыклад, агуркоў, памідораў, кабачкоў – хоць воз вязі. Год таму столькі ж было сліў і вішань. Грэх такой магчымасцю не скарыстацца. Яшчэ надзвычай люблю агарод і мноства кветак.

– Данута Вікенцьеўна, ведаю, Вы вядзеце актыўнае творчае жыццё…

– Калі выйшла на пенсію, першы час мучыла дэпрэсія, думала: “І каму я цяпер патрэбная?” У такі крызіс прыйшла на дапамогу наша раённая “Працоўная слава”. Карэспандэнты і далучылі мяне да дзівоснага свету публікацый. Упершыню адчула, які нялёгкі з радочка хлеб: піша адзін, а чытаюць жа ўсе! Зрабіла выснову: газета – тая ж школа, дае веды і выхоўвае вучняў-чытачоў.

Адважылася неяк даслаць у “Звязду” артыкул пра свае Янушкавічы, знішчаныя фашыстамі ў 1943 годзе. Журналістка Таццяна Падаляк выдала кнігу “Нашчадкі вогненных вёсак”, куды ўвайшла і мая замалёўка. Было цікава на прэзентацыі кнігі ў “БелЭКСПА”, куды мяне запрасілі. Гэтай восенню наведалася да мяне і здымачная група тэлеканала “Лад”. Вядучы Алесь Матафонаў з таварышамі папрасілі даць інтэрв’ю пра графоў Тышкевічаў. Так я трапіла “ў тэлевізар”, паглядзела на сябе збоку. Скажу шчыра, да той перадачы я не рыхтавалася, бо вядучы папярэдзіў: як прарэпеціруем, нічога не атрымаецца.

Увогуле, стараюся жыць цікава – чытаю, пішу, гляджу тэлевізар, тэлефаную. Не забываюцца пра мяне ў школе і сельвыканкаме, часта з дзецьмі езджу на прыроду. Калі паварочваем на Петрусоўшчыну, праязджаем каля прыгожага дома. Між іншым, менавіта тут спраўляў вяселле малады і таленавіты беларускі спявак Руслан Аляхно!

– Што яшчэ, акрамя кніг, дапамагае Вам настроіцца на хвалю пазітыва?

– Душа радуецца, калі прыйдзе вестачка ад былых вучняў. Яны ў мяне малайцы, не забываюць. Нядаўна, напрыклад, атрымала пісьмо ад Вольгі Урбан, якая сёння жыве ў Швейцарыі, выкладае там французскую мову ў каледжы для нямецкамоўных дзяцей. Рада ўсім віншаванням. Адзін з вучняў, родам з Баравікоўшчыны, у свой час не здаваў сачыненні ў тэрмін. Я тады жартавала: “Ведама, хлопец з-пад лесу, не данёс па гушчары!” І вось аднойчы прыходзіць паштоўка – шмат добрых слоў, а ўнізе подпіс: “Ваш хлопец з-пад лесу”.

Радуюся за родную вёску. Чыстая вуліца, акуратныя двары. Дамоў закінутых няма – усе выкупілі добрыя людзі на дачы. Трэба бачыць, як новыя гаспадары завіхаюцца цяпер на сваіх надзелах, стараюцца ўпарадкаваць, зрабіць лепш, чым у суседа. Аж душа радуецца!

У жыцці грамадства, як і ў прыродзе, штосьці старое затухае, а на змену яму прыходзіць новае, яркае. Напрыклад, аграгарадкі. Хацелася б, каб кожная вёска стала аграгарадком, тады і людзей там  будзе шмат. Асабіста я выказваюся ў падтрымку такіх працэсаў.

– Тады назавіце, калі ласка, самае катэгарычнае сваё “супраць”…

Іх два. Першае – дзіравыя джынсы на маладых людзях. Нядаўна заязджалі да мяне такія, хацела ўжо прапанаваць зашыць, ды своечасова абдумалася. Выдатна разумею, што гэта патрабаванні сённяшняй моды, але я ад яе безнадзейна адстала… А другое – працэс дэгераізацыі ў літаратуры і мастацтве. Цяпер чамусьці стала “модным” развенчваць славу некаторых герояў вайны. Гэта няправільна. Іх подзвігі набліжалі Перамогу. На іх прыкладзе выхоўвалася не адно пакаленне…

– Данута Вікенцьеўна, на развітанне што б хацелі сказаць ці пажадаць чытачам?

– Разважанні закончу на мажорнай ноце словамі Міхася Курылы, якія запалі мне ў душу: “Расціце, парасткі святла, хай родзіць ваш палетак. Удачы творчай вам, цяпла, удзячнасці ад дзетак”. Няхай жыццё працягваецца і набывае новыя, больш яркія фарбы.

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ.

Фота з дамашняга архіва

Д. В. Шаўлоўскай.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars