Творчы праект: Соль валожынскай зямлі

    …Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі. Змяняюцца пакаленні. Час і людзі робяць гісторыю, пра якую не толькі варта памятаць, але і ведаць. Рэдакцыя газеты сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў распачынаюць творчы праект над назвай “Соль Валожынскай зямлі”. Задума з’явілася невыпадкова. Падчас правядзення ў красавіку 2015 года маштабнага прафсаюзнага мерапрыемства “Эстафета па­каленняў” ад шаноўных ветэранаў працы, што былі запрошаны на ўрачыстасць, не раз давялося пачуць, як іх кранаюць такія сустрэчы. А колькі прыемнай асалоды на душы яны атрымліваюць ад звычайнай паштоўкі ад колішняга працоўнага калектыву. Ну а запрашэнне падзяліцца назапашаным вопытам з маладымі калегамі – і ўвогуле ажыўляе, надае бадзёрасці, узнімае настрой. Падумалася: наколькі важ­ныя для чалавека, які сваімі працоўнымі здабыткамі праславіў раён, увага і ўсведамленне таго, што праз гады цябе памятаюць, табой ганарацца, з цябе бяруць прыклад.

    На нашай Валожыншчыне жыве нямала ганаровых людзей, адзначаных дзяржаўнымі ордэнамі, ме­далямі, граматамі. Усе яны ў свой час самааддана працавалі дзеля дабрабыту і росквіту валожын­скага краю і ўнеслі варты ўклад у яго станаўленне. Зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але застаюцца ўсё такімі ж актыўнымі і патрэбнымі грамадству, бо з’яўляюцца прыкладам пра­цавітасці, адказнага стаўлення да даручанага ўчастка работы, улюбёнасці ў сваю справу, якой прысвяцілі жыццё. Радзіма годна адзначыла працоўныя подзвігі, і яны без перабольшвання – гонар і слава раёна. Пра такіх гавораць: соль зямлі.

 Гады-былі-цяжкія,-але-цікавыя...

Браніслава Канстанцінаўна ХАДЗІНСКАЯ:

“ГАДЫ БЫЛІ ЦЯЖКІЯ, АЛЕ ЦІКАВЫЯ…”

    Уся працоўная біяграфія гэтай паважа­най жанчыны звязана з родным раёнам. Нарад­зілася ў невялікай вё­сачцы Навасады Сугваз­даўскага сельсавета. І хто б мог уявіць, што з ця­гам часу будзе ў ім стар­шынстваваць?! За вялікі ўклад у сацыяльна-эка­намічнае развіццё раёна і Мінскай вобласці Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі Браніслава Канстан­цінаўна ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”. Тройчы адзначалася Ганаровымі граматамі Мінскага аблас­нога выканаўчага камітэта, а перад выхадам на заслужаны адпачынак мела больш чым 35 гадоў працоўнага стажу і 5-ы клас дзяржслужачага. Выбіралася дэпутатам Мінскага аб­ласнога Савета дэпутатаў па Вішнеўскай выбарчай акрузе.

Адказнасць, дысцы­плінаванасць і прыстойна­сць – асноўны крытэрый ацэнкі работы, якім кіра­валася па жыцці. Яна з разуменнем ставілася да людзей: як патрабавала, так і дапамагала, была строгай, а дзе трэба – з гумарам. Усе ведалі, што слова Хадзінскай – закон, бо гэты чалавек канкрэт­ны і спраўны.

Браніслава Канстан­цінаўна ўспамінае канец 80-х, калі працавала на­меснікам па кадрах рай­саюза і ўзначальвала партыйную арганізацыю. У пярвічцы налічвалася 150 камуністаў, тавараў не хапала – усё прада­валася па візітках, купо­нах, а кадры шукалі па ўсім раёне. Рабочы дзень доўжыўся па 12 і больш гадзін. Гады былі цяж­кія, але цікавыя.

Асабліва плённай была работа Б. К. Хадзінскай падчас яе старшынства ў Вішнеўскім, а пасля Сугваздаўскім сельсаве­тах. У Вішневе першай у раёне пачала гарадзіць могільнікі: арганізоўвалі суботнікі, усё рабілі сваімі сіламі. Паступо­ва прыхінуліся многія: дапамагалі арганізацыі, людзі прыходзілі, кас­цёл і царква далучыліся. Добрай справай для вя­скоўцаў стала адкрыццё Дома сацыяльных паслуг у Лінках на базе закры­тай школы, пасля тут нават праводзілі рэспу­бліканскія курсы. Яшчэ адна вельмі важная падзея – перапахаван­не знакамітай паэтэсы Канстанцыі Буйло, якое адбылося 21 мая 1989 года. У мястэчка завіталі прадстаўнікі Цэнтраль­нага і абласнога Камітэта Камуністычнай партыі, прыехалі Ніл Гілевіч і Заір Азгур, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. А колькі радасці для баць­коў і дзяцей прынесла ад­крыццё новага дзіцячага садка! Стары быў разлі­чаны на 25 выхаванцаў, і ў дашкольную ўстанову існавала чарга: у вёсцы ж на той час налічвалася 82 дзіцяці. За восем га­доў яе кіраўніцтва Віш­неўшчына непазнавальна змянілася. І сёння мяс­цовыя жыхары, узгадва­ючы былога старшыню сельвыканкама, зазна­чаюць, што за ўсё зро­бленае на іх зямлі Б. К. Хадзінскай пры жыцці можна паставіць помнік.

Зусім іншы малюнак паўстаў перад Бранісла­вай Канстанцінаўнай, калі ў 1997 годзе прапа­навалі ўзначаліць Сугваз­даўскі сельвыканкам. Успамінае: “Тры дні пла­кала: куды я патрапіла, у нейкую нетру… За шко­лай – вялікая куча смец­ця, у Адамполле прыеха­ла – там звалка гадамі ляжала пасярэдзіне вёскі. Будынак сельвы­канкама не ацяпляўся, у клубе і дзіцячым садку правалілася падлога, на могільніках – у Цябутах, Ласокіне і Ясьманаўцах – не пралезці, усё паза­растала. Сродкаў няма, ды і людзі зусім іншыя, цяжкія на пад’ём”.

Пачала з навядзення парадку на зямлі. Да ра­боты далучыла ўвесь ак­тыў: дырэктара школы, загадчыка дзіцячага сад­ка, дэпутатаў. Вялікую дапамогу тэхнікай ака­зваў кіраўнік мясцо­вай гаспадаркі Валерый Фёдаравіч Селівон. Пад­трымалі старшыню зем­леўпарадчык Валянціна Іванаўна Радына, стара­сты вёсак Цябуты Рыгор Антонавіч Красоўскі, Ла­сокіна – Зянон Адамавіч Пратасевіч, Мяжэйкі – Франц Георгіевіч Прата­севіч. З цягам часу пабу­давалі новую кацельню, і цяпло прыйшло ў ад­міністрацыйны будынак, у клубе замянілі вокны і паклалі падлогу.

Вялікай праблемай для Сугваздаў заўсёды была вада, бо грунтовыя воды размешчаны вельмі глыбока. “Аднойчы вы­рашылі нарэшце дабрацца да вады: 60 труб загналі ў зямлю, а яе ўсё няма”, – узгадвае Б. К. Хадзін­ская. Вось тады і было вырашана замяніць 1,5 кіламетра водаправода па вёсцы. Вада прыйшла ў дзіцячы садок: дагэтуль яе прывозілі ў ёмістас­цях. Водакалонка з’явіла­ся ў вёсцы Камароўка, у Паліксаўшчыне была па­будавана новая свідравіна, а ў Захажэве – капітальна адрамантавана.

Паступова і сугваздаў­цы змянілі погляды і ад­носіны да свайго куточ­ка маленькай радзімы. Пачалі добраўпарадкоў­ваць сядзібы і падвор­кі, чысціня прапісалася на вуліцах. Традыцый­нымі сталі Святы вёсак, Дні пажылых людзей, ветэранскія агеньчыкі. У сельсавеце налічваў­ся 21 населены пункт, і Браніслава Канстан­цінаўна старалася адзін раз у месяц абавязкова пабываць у кожнай вё­сачцы, сустрэцца з люд­зьмі сам-насам, пагута­рыць-паразважаць, каб ведаць, што іх хвалюе.

Чалавек актыўнай грамадзянскай пазіцыі, яна часта выступала на канферэнцыях, справаз­дачна-выбарных сходах, сесіях раённага Савета дэпутатаў, ніколі не ба­ялася сказаць, а калі трэба, і пакрытыкаваць – галоўнае, каб на ка­рысць. Таму да яе прыс­лухоўваліся, з ёй лічылі­ся, з яе бралі прыклад. Так было заўсёды, так адбываецца і зараз. Хоць няма ўжо ні сельсавета, ні гаспадаркі, дзверы дома Хадзінскай ніколі не зачыняюцца – цяпер сюды ідуць за парадай. І не толькі. Браніслава Канстанцінаўна асвоіла не зусім звыклае для жанчыны рамяство – вэнджанне. Справу робі­ць дэталёва, па даўней­шых рэцэптах, нават спецыяльную сыравіну нарыхтоўвае – маліннік, вольху, ядловец. Мяса атрымліваецца вельмі смачнае і пахучае. Гэта могуць пацвердзіць усе, хто да яе звяртаецца, бо нікому Браніслава Кан­станцінаўна не адмаўляе. Кажа, што трэба дапа­магаць блізкаму, быць добрым і спагадлівым. А дзякуючы гэтым про­стым чалавечым якасцям толькі добрым словам і праз гады ўспамінаюць пра яе людзі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота з архіва рэдакцыі

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars