Крымінальныя падзеі мінулага тыдня

Закон и порядок

КРАСЦІ, КАБ САГРЭЦЦА?

2 лютага ў райаддзел звярнулася жыхарка вёскі Сугвазды, якая выявіла ў сваёй кватэры прапажу ацяпляльных радыятараў. Пры правядзенні на месцы здарэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў неўзабаве была ўстаноўлена асоба зламысніка. Аказалася, што раней несудзімы рабочы мясцовага сельгаспрадпрыемства праз незачыненыя балконныя дзверы пранік у чужую кватэру і змог вынесці некалькі радыятараў на агульную суму 340 тысяч рублёў. Украдзеныя рэчы вернуты гаспадыні.

АДКУЛЬ ДЫЗПАЛІВА?

3 лютага на адной з валожынскіх вуліц была спынена аўтамашына “Рэно-Майстар”, за рулём якой знаходзіўся нідзе не працуючы жыхар райцэнтра. У салоне іншамаркі супрацоўнікі міліцыі выявілі 8 пластыкавых каністраў з дызельным палівам – усяго 150 літраў.

Уладальнік машыны ад якіх-небудзь тлумачэнняў на конт дызпаліва адмовіўся. Праводзіцца праверка, а груз канфіскаваны.

ПАЦЯРПЕЛА ДЗЯЎЧЫНКА

4 лютага пасля 21 гадзіны адбылося дарожна-транспартнае здарэнне на шашы Мінск-Гродна. Мінчанка, якая сядзела за рулём “Опеля-Амегі”, не справілася з кіраваннем, выехала на паласу сустрэчнага руху і сутыкнулася з аўтамабілем “Рэно-Меган”. Па шчасцю, ахвяр няма. Пацярпела толькі сямігадовая дачка жанчыны, што ўтварыла аварыйную сітуацыю. Дзяўчо дастаўлена ў Мінскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

ДАЧНЫЯ ДАМЫ АБЛЮБАВАЛІ НЕСУНЫ

На працягу гэтага года неаднаразова паступалі паведамленні пра крадзяжы з дачнага кааператыва «Світанак», што каля вёскі Пялікшты. 4 лютага чарговы гаспадар выявіў, што яго абрабавалі. Зламыснікі праніклі ў дом № 19 праз разбітае аконнае шкло, вынеслі адтуль шклопакет, металічныя дзверы, стужкавую шліфавальную машыну, 10 кілаграмаў ацынкаваных цвікоў на агульную суму 1895000 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Калі першы гаспадар не наведваўся на дачу каля двух месяцаў, то ў заяве, якая паступіла з дачна-садовага таварыства “Сям’я”, што паблізу вёскі Кіявец, крадзеж здзейснены ў прамежак часу з 31 студзеня па 1 лютага. Там зладзеі дзейнічалі больш вытанчана: адціснулі фортку акна ПВХ. Гаспадарам нанесены значны ўрон. Адна раскладная лесвіца ацэнена ў 660 тысяч рублёў.

КАЛІ ХОЧАЦЦА ЕСЦІ

Раніцай 5 лютага жыхарка вёскі Забрэззе заўважыла пранікненне ў свой склеп, пра што адразу паведаміла ў дзяжурную часць. Неўстаноўлены пакуль злодзей, сарваўшы навясны замок, пажывіўся кансерваванай прадукцыяй уласнага прыгатавання ў літровых шкляных слоіках.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтавала Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий