Атрымаць навыкі бяспечных паводзін

дапаможа дзецям міні-цэнтр бяспекі жыццядзейнасці, які пачаў працаваць у сярэдняй школе № 2 Валожына. У мінулы чацвер адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.

У цырымоніі прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі, каардынатар конкурсаў Праекта ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» Н. А. Адамчык і рэгіянальны каардынатар Праекта І. В. Пашкун, намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС В. В. Палтарака, начальнік Валожынскага РАНС Д. Я. Касоўскі і яго першы намеснік П. Г. Тарасевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т. М. Крыкала, дырэктар установы адукацыі, у якой знаходзіцца інавацыйны клас, Л. В. Петрашкевіч.

Міні-цэнтр створаны ў рамках ініцыятывы «Бяспека дзяцей. Інавацыйныя метады навучання бяспецы жыццядзейнасці”, што рэалізуецца ўстановай “Мінскае абласное ўпраўленне МНС” на тэрыторыі нашага раёна па праекце “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Ён фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН). Праект стаў пілотным у Мінскай вобласці, а напрацаваны вопыт будзе распаўсюджвацца сярод іншых раёнаў.

Мэтай работы інавацыйнага класа з’яўляецца павышэнне ўзроўню бяспекі дзяцей, што пражываюць на тэрыторыі раёна. Сучаснае абсталяванне дазваляе ў гульнявой форме выпрацаваць навыкі бяспечных паводзін. Рабяты змогуць на практыцы навучыцца знаходзіць выйсце з разнастайных надзвычайных сітуацый. 5 комплексаў міні-цэнтра абсталяваны з улікам таго, што максімальна рэалістычная візуалізацыя і фізічнае ўзаемадзеянне з навакольнымі прадметамі спрыяюць засваенню на рэфлекторным узроўні правільнага алгарытму дзеянняў.

Напрыклад, калі ідзе адпрацоўка паводзін на лёдзе, прапануецца сітуацыя выратавання чалавека, які апынуўся ў вадзе. Хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца правільна дзейнічаць пры выратаванні тапельца. Пры рабоце з вогнетушыцелем спецэфекты ў выглядзе дыму і гукавога сігналу, што імітуюць рэальную работу прылады, дазваляюць пераадолець страх яго выкарыстання ў рэальнай сітуацыі. На комплексе па аказанні дапамогі пацярпеламу вучні спасцігаюць прыёмы сардэчна-лёгачнай рэанімацыі.

Сітуацыя набору нумара і гутаркі з аператарамі экстранных службаў мадэлюецца ў комплексе “Адпрацоўка навыкаў выкліку выратавальных службаў па тэлефоне”. Набліжэнне да рэальнасці дасягаецца з дапамогай выкарыстання макетаў серыйных тэлефонных апаратаў і імітацыі размовы шляхам інтэлектуальных сістэм апрацоўкі гуку. Рабяты вучацца хутка і выразна фармуляваць сутнасць звароту. Ёсць магчымасць праслухаць запіс размовы і праверыць ступень сваёй падрыхтоўкі да зносін у экстрэмальнай сітуацыі.

У “Пакоі памылак” прадстаўлена большасць тыповых крыніц узгарання і затаплення. Генерыруюцца небяспечныя сітуацыі з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Вучні праходзяць інтэрактыўнае тэсціраванне на памылкі па тэхніцы бяспекі, што максімальна ўздзейнічае на візуальную памяць.

Інавацыйныя тэхналогіі дазваляюць павялічыць інтарэс да працэсу навучання. Для правядзення заняткаў па АБЖ з выкарыстаннем вышэйназваных вучэбных комплексаў былі распрацаваны метадычныя дапаможнікі, а таксама праграмнае забеспячэнне для “Пакоя памылак”.

Права адкрыць міні-цэнтр бяспекі жыццядзейнасці і перарэзаць чырвоную стужку было прадастаўлена С. Ф. Глінскаму, Н. А. Адамчык і В. В. Палтарака.

Пасля ўрачыстай цырымоніі актывісты клуба юных выратавальнікаў-пажарных “Ліквідацыя” паказалі, як праходзіць навучанне ў новым класе. Яны прадэманстравалі адпрацоўку навыкаў паводзін на кожным з комплексаў. Прысутныя змаглі пабачыць усё сваімі вачамі, а жадаючыя нават пабывалі ў ролі навучэнцаў. Асабліва ўсіх зацікавіў “Пакой памылак”. Дарослыя з дзіцячай непасрэднасцю стараліся адшукаць выйсце з прапанаванай надзвычайнай сітуацыі.

У інавацыйным класе будуць наладжаны заняткі для школьнікаў з усіх устаноў адукацыі Валожыншчыны. Для многіх першыя ўрокі ўжо прайшлі, у тым ліку і для інструктараў АБЖ раёна. У планах раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях – стварэнне на базе СШ № 2 яшчэ спецыяльнага комплексу для падрыхтоўкі дзяцей па пажарна-выратавальным спорце, дзе можна будзе трэніравацца, праводзіць спаборніцтвы, а таксама выкарыстоўваць яго на ўроках фізічнай культуры ў рамках вучэбнага працэсу.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Атрымаць-навыкі-бяспечных-паводзін-1

Атрымаць-навыкі-бяспечных-паводзін-2

Атрымаць-навыкі-бяспечных-паводзін-3

Атрымаць-навыкі-бяспечных-паводзін-4

Атрымаць-навыкі-бяспечных-паводзін-5

Атрымаць-навыкі-бяспечных-паводзін-6

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars