Бачыць прыгажосць роднай зямлі

Падчас творчай сустрэчы са сваімі прыхільнікамі таленавіты фотамастак расказаў, з чаго пачалося яго захапленне. Нарадзіўся і вырас наш герой у вёсцы Гародзькі, таму з дзяцінства любіў раку, хадзіў на рыбалку. Потым іншыя клопаты, праца адсунулі хобі на задні план. Але, сустракаючыся з сябрам-аднадумцам, яны марылі пра водныя паходы, ды неяк усё не атрымлівалася здзейсніць задуманае.

Аднойчы, гадоў пятнаццаць таму, мужчыны зноў загаварылі пра падарожжа і прынялі рашэнне адправіцца ў той жа дзень. Усё атрымалася. Сябры хутка сабраліся і ў поўдзень былі на Іслачы недалёка ад вёскі Рум. Першае плаванне было нядоўгім, дайшлі на лодцы да Бакштаў і вярнуліся дадому. Затое колькі ўражанняў і станоўчых эмоцый атрымалі. З таго часу кожнае лета каманда адпраўляецца ў воднае падарожжа, якое доўжыцца 4-5 дзён. Захапленне аб’яднала ўжо чатырох аматараў, таму плывуць на дзвюх лодках. Таварышы пакарылі амаль усе рэкі Беларусі. Самымі прыгожымі з іх Міхаіл Васільевіч лічыць Іслач і Бярэзіну, бо кожны год яны мяняюцца. Хуткае цячэнне падчас разліву падмывае берагі, валіць дрэвы. Выбіраюць маршруты, дзе пануе прыгажосць некранутай прыроды, бывае што за 5 дзён падарожжа не сустрэнеш ні адзін населены пункт. Затое шмат рыбы, якую можна лавіць амаль голымі рукамі, дзічыны і птушак, якія так прыгожа спяваюць вечарамі, калі падарожнікі становяцца на прыпынак.

М. В. Станкевіч лічыць, што адпачыць лепш, чым у нашай сінявокай краіне, немагчыма нідзе. Для таго, каб захаваць убачанае, наш герой заўсёды бярэ з сабой фотаапарат. З самымі цікавымі здымкамі можна пазнаёміцца, завітаўшы на фотавыставу. Міхаіл Васільевіч пра кожны раскажа, калі і дзе ён быў зроблены, з якім цікавым выпадкам звязаны. Вось яны з сябрам на Бярэзіне злавілі шчупака больш за сем кілаграмаў. На другім адлюстравана, як на Шчары аўтар упершыню ўбачыў буслінае гняздо ў лесе. Тут казуля пераплывае раку: падарожнікі пачулі гукі, як быццам бераг абваліўся, а гэта жывёла, ратуючыся ад некага, скочыла ў ваду. А вось водная роўнядзь настолькі празрыстая, што відаць кожная галінка на дне і цэлы касяк рыбы. А яшчэ прыгожыя вадзяныя лілеі, якія, як гаворыць М. В. Станкевіч, пакрываюць плошчы ў некалькі гектараў. Кожны наведвальнік выставы згодзіцца, што аўтар умее бачыць прыгожае і злавіць патрэбны момант. Пажадаем яму новых водных паходаў і творчага натхнення.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars