Слова пра лепшых

    Застаць Генадзія Вацлававіча КАСПЯРОВІЧА – дырэктара ААТ “Агра-Дубінское” – у кабінеце практычна немагчыма. То ён на мехдвары, то на якойсьці з ферм, то па дарозе ў райцэнтр, то ўладжвае пытанні на вытворчым участку “Сугвазды”.  Тым не менш, сустрэча, хоць і кароткая, адбылася.

    – Генадзій Вацлававіч, што ўяўляе сабой і чым жыве калектыў ААТ “Агра-Дубінское”?

– Па-першае, гэта дружная, працаздольная каманда з амаль трымастамі спецыялістамі. Нашы апантаныя работай працаўнікі гатовы вынікова рашаць любыя вытворчыя задачы і дасягаць поспехаў ва ўсіх кірунках. Па-другое, гэта 8584 тыс. гектараў сельгасугоддзяў (6246 га – ворнай зямлі і 1422 га – лугоў), 63 адзінкі тэхнікі, а дакладней, трактароў – 37 (з іх 5 – энерганасычаных), пагрузчыкаў – 9, зернеўборачных камбайнаў – 13, кормаўборачных камбайнаў – 4. Што тычыцца жывёлагадоўлі, на ўтрыманні маем 3840 галоў БРЖ. Дойны статак – 1300 кароў. Валавы надой за мінулы год склаў 7545 тон, надой на карову – 5568 кг. Па вытворчасці малака стабільна ўваходзім у тройку лідараў. У гаспадарцы 10 ферм: 6 – МТФ, 4 – па дарошчванні маладняку. Самыя смелыя спадзяванні на будучыню звязваем з малочнатаварным комплексам “Дубіна Вяршыцкая”. Шмат увагі надаём павелічэнню пагалоўя. Загадчыкі ферм, тэхнікі-асемянатары – усе як адзін вопытныя работнікі, выдатныя прафесіяналы. Іх работа напрамую залежыць ад таго, як спрацуе агранамічная служба і брыгада механізатараў. Традыцыйна ў належныя тэрміны праводзім пасяўную і ўборачную кампаніі. Нават паспяваем дапамагчы суседзям. Сеяць стараемся тыя культуры, якія ў выніку прыносяць прыбытак. Рапсу намалацілі 832 тоны (вага пасля дапрацоўкі). Добра ўрадзілі цукровыя буракі (360 ц/га). З плошчы 650 га ўбрана 23765 тон.

    – З чаго складаецца той падмурак, на якім грунтуецца Ваша праца?

–  Для мяне галоўная каштоўнасць – людзі. Таму ўчора, сёння і заўтра апіраюся ў першую чаргу на свой калектыў. Цаню стаўленне да мяне асабіста і да гаспадаркі ў цэлым з боку кіраўніцтва раёна. Падтрымка, слынная парада, разуменне і своечасовая дапамога – тое, без чаго немагчыма абысціся нават самаму вопытнаму кіраўніку.

    –  Мне стала вядома, што нумары тэлефонаў падначаленых захоўваеце ў галаве. Гэта прынцып ці проста асаблівасці памяці?

–   Не бачу ў гэтым нічога выключнага. Лічбы добра запамінаў заўсёды. Помню  тэлефоны начальства і калег, родных і сваякоў. Даволі зручна.

    – Напярэдадні традыцыйнага Свята працы што пажадаеце сваім калегам?

– Нам неабходна ўсвядоміць, што зямля – найвялікшае багацце. І працаваць на ёй патрэбна з душой. Жадаю кожнаму плёну ў працы, дабрабыту ў доме, а таксама любові, павагі і разумення ад родных.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Слова-пра-лепшых-(Г.-В.-Каспяровіч)

    На тэрыторыі Івянецкага сельскага савета размешчаны 66 населеных пунктаў, дзе пражывае 3171 чалавек. З 2013 года старшынёй сельвыканкама з’яўляецца Іна Раманаўна ЯНОВІЧ.

Вялікую ўвагу кіраўнік надае пытанню навядзення парадку на зямлі. Гэта адзін з асноўных кірункаў працы і на працягу мінулага года. Іна Раманаўна стараецца, каб людзі адчувалі клопат улады, ім было ўтульна жыць і працаваць. Таму лічыць важным ведаць кожнага чалавека, як ён жыве, якія патрэбы мае. Жанчына стараецца мець пастаянныя стасункі з вяскоўцамі, уважліва і дэталёва падыходзіць да кожнага звароту.

Старшыня сельвыканкама сочыць за тым, каб у вёсках працавала асвятленне, дарогі былі ў добрым стане, своечасова ачышчаны ад снегу зімой і грэйдзіраваны летам. Вялікая ўвага надаецца скошванню травы, уборцы кустоўя. З ранняй вясны да позняй восені вядзецца барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага. Ажыццяўляецца работа па зносе старых і пустуючых будынкаў. У 2017 годзе былі падрыхтаваны 17 заключэнняў і знесены 11 занядбаных безгаспадарчых хат. На тэрыторыі сельсавета спілавана 47 старых аварыйных дрэў.

Работнікі сельскага выканаўчага камітэта вельмі ўдзячны вяскоўцам, якія ахвотна ідуць насустрач органу мясцовага кіравання і прымаюць удзел у суботніках. Асаблівую актыўнасць у гэтым пытанні праяўляюць жыхары вёскі Петрусоўшчына. Добрыя ўзаемаадносіны і з кіраўнікамі працоўных калектываў. Іна Раманаўна гаворыць, што ва ўсіх пытаннях знаходзіць іх падтрымку. Па першым закліку на просьбы адгукаюцца мясцовыя сельгаспрадпрыемствы, ДЭУ, жылкамунгас і інш.

Адной з буйнейшых крынiц папаўнення даходнай часткi сельскага бюджэту з’яўляецца продаж з аўкцыёну зямельных участкаў пад будаўнiцтва жылых дамоў. У мінулым годзе купілі 7 такіх участкаў, сёлета ўжо набылі 4.

На тэрыторыі сельсавета пасаджаны 1432 дрэвы. Па ініцыятыве сельвыканкама і падтрымцы кіраўніка фермерскай гаспадаркі “Дзіўны сад” В. А. Ашуркевіча, які прадаставіў саджанцы пладовых дрэў, на пустыры ў Сівіцы быў разбіты сад. Клопат пра яго ўзялі на сябе работнікі сельвыканкама, як і пра іншыя, што знаходзяцца на іх тэрыторыі.

Іну Раманаўну цяжка застаць у кабінеце, яна стараецца кожны дзень праехаць па вёсках, пагутарыць з людзьмі, каб убачыць фронт работ і расставіць прыярытэты. На суботніках першая бярэцца за працу. А калі кіраўнік паказвае прыклад, за ім цягнуцца і падначаленыя, і мясцовыя жыхары.

Тэкст і фота Анжэлы РАДЫНА

 Слова-пра-лепшых-(І.-Р.-Яновіч)

    Другое месца ў вобласці – такі вынік фінансава-эканамічнай дзейнасці за 2017 год Валожынскага філіяла ДП “Мінаблпаліва” сярод 22 прадпрыемстваў Міншчыны. А ў намінацыі “Рэалізацыя прадукцыі на экспарт” валожынцы сталі першымі: паказчык да ўзроўню 2016 года выкананы на 512 працэнтаў!

Такі прыбытак прынеслі пелеты, якіх прададзена за мяжу на 36 тысяч 115 долараў ЗША. Летась удалося выйсці на станоўчую работу Стаўбцоўскага філіяла, які быў далучаны два гады таму з мінусам на той час больш чым на 70 мільёнаў рублёў.

Асноўны від дзейнасці – рэалізацыя торфабрыкету і дроў, нягледзячы на  газіфікацыю, якая ўсё больш ахоплівае раён, таксама прынёс даход. Пры плане 4300 тон прададзена торфабрыкету 6586 тон – рост склаў 153 працэнты. У 1,7 раза перавышаны і аб’ём рэалізацыі дроў.

За кожнай лічбай стаяць людзі: толькі дзякуючы іх стараннасці, адказнасці, добрасумленнасці, а таксама дальнабачнасці і ўмелай арганізацыі работы з боку кіраўніцтва на чале з Міхаілам Ігнацьевічам Радынам прадпрыемству больш за дзесяць гадоў удаецца высока трымаць планку.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея САДОЎСКАГА

Слова-пра-лепшых-(М.-І.-Радына)

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars