Ветэранскі прыклад

Спорт

Нядаўна ў Жодзіне завяршыўся асабісты чэмпіянат Мінскай вобласці па рускіх шашках сярод ветэранаў. Наш раён выставіў двух прадстаўнікоў.

Вельмі паспяхова выступіў настаўнік сярэдняй школы № 1 райцэнтра Міхаіл Іванавіч Шыян. Ён упершыню прымаў удзел у турнірах такога рангу, і з першых тураў захапіў лідарства. А паколькі першынство праводзілася па швейцарскай сістэме, то яму даводзілася пастаянна іграць з мацнейшымі шашыстамі Міншчыны. Састаў удзельнікаў унушаў павагу: з 18 толькі трое былі першаразраднікамі, усе астатнія мелі званні кандыдата ў майстры спорту.

У выніку напружанай трохдзённай барацьбы М. І. Шыян заняў другое месца. Але галоўны яго асабісты поспех – выкананне нормы на прысваенне звання кандыдата ў майстры спорту па рускіх шашках, што было даўняй марай спартсмена-аматара. Дарэчы, варта адзначыць, што сярэбраны медаль гэтага чэмпіянату стаў за апошнія некалькі гадоў сёмай па ліку ўзнагародай, заваяванай Міхаілам Іванавічам на абласных спаборніцтвах па рускіх шашках, шахматах і дартсу.

Не менш паспяхова выступіў і настаўнік Суднікаўскай сярэдняй школы Мікалай Фёдаравіч Саўкін, які заняў трэцяе месца. Пра значны напал барацьбы за чэмпіёнскае званне сведчыць наступны факт: усіх трох прызёраў раздзяляе між сабой толькі адно ачко.

Варта адзначыць і тое, што, дзякуючы плённай рабоце М. І. Шыяна, а таксама настаўніка Вайганаўскай базавай школы Казіміра Іванавіча Біталя, іх выхаванцы з’яўляюцца не толькі пастаяннымі чэмпіёнамі і прызёрамі раённых спаборніцтваў, у апошнія чатыры гады яны двойчы вярталіся з медалямі і з абласных спаборніцтваў. Некаторыя былыя вучні пасталеўшы, не губляюць цікаўнасць да гэтай старадаўняй гульні, а працягваюць на роўных іграць з прызнанымі майстрамі на спаборніцтвах рознага ўзроўню.

Хочацца пажадаць нашым ветэранам спорту яшчэ доўга заставацца ў страі, паказваць прыклад маладым фізкультурнікам.

Інга МАЛАШКЕВІЧ, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *