Яны не шукалі скарбаў і славы…

Мой субяседнік ужо 23 гады знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Аднак не было таго дня, каб ён не прыпомніў работу – галоўную і любімую справу свайго жыцця. І не толькі таму, што ў шафе захоўваецца парадная форма падпалкоўніка міліцыі, на нашэнне якой ёсць спецыяльны дазвол, а ў снах яму зноў і зноў даводзіцца збіраць доказы, афармляць следчыя дакументы, шукаць злачынцаў… Анатоль Міхайлавіч КАРНАВУХ застаецца аўтарытэтным прафесіяналам для маладых, яму ёсць пра што пагаварыць і з тымі таварышамі па службе, якія выйшлі на пенсію, але захавалі грамадскую актыўнасць і памкненне быць запатрабаваным.

Так, штогод 10 лістапада Анатоль Міхайлавіч збірае каманду аднадумцаў, каб наведаць кожнага супрацоўніка РАУС на пенсіі, раздаць сімвалічныя падарункі, пацікавіцца, ці патрэбна дапамога. Не забываюцца былыя міліцыянеры і пра калег, адышоўшых у нябыт: паставяць на магілцы лампадку, пакладуць кветкі. Балюча, што раз ад разу жалобна-маўклівых адрасоў становіцца ўсё больш…

Калі Анатоль Міхайлавіч у 1975 годзе прыйшоў працаваць у аддзел унутраных спраў райвыканкама, тут неслі службу сем чалавек з ліку франтавікоў. Гэта былі людзі не толькі мужныя, загартаваныя кулямётным агнём, але і вельмі эрудзіраваныя, кемлівыя, сапраўдныя знаўцы сакрэтаў крымінальнага вышуку, вядзення следства і допытаў. Менавіта такім чалавекам аказаўся першы настаўнік у прафесіі Міхаіл Ануфрыевіч Рэут. Ён запомніўся Анатолю Міхайлавічу бацькоўскім стаўленнем: умеў падтрымаць, падбадзёрыць. Бывала, прынясеш яму няправільна аформлены пратакол, ён спачатку памылкі выправіць, растлумачыць, а потым сам усё начыста перапіша. Але ў другі раз такой памяркоўнасці не чакай. Тагачасны намеснік начальніка РАУС М. М. Фамін, таксама франтавік, не шкадаваў часу на тэарэтычныя і практычныя заняткі з моладдзю. Тады кожны лічыў патрэбным падрыхтаваць сабе дастойную змену…

Праўда, значных заўваг і ў пачатку працоўнай дзейнасці Анатоль Карнавух не атрымліваў. Яшчэ змалку ён вызначаўся дапытлівым розумам і здольнасцямі да навук. Не цураўся і сялянскай працы: з маленства карову даіў, лён даглядаў, сенаваў. Рос у невялічкай вёсцы Клімы, адтуль хадзіў у Запур’еўскую васьмігодку, якую скончыў амаль на выдатна. Асабліва трывалыя веды атрымаў па беларускай мове і літаратуры, якія выкладаў любімы настаўнік і дырэктар школы Нікадзім Іванавіч Барадака. Пры паступленні ў Белдзяржуніверсітэт нічуць не хваляваўся за гэтыя прадметы і атрымаў заслужаныя пяцёркі. З чатырох экзаменаў толькі адзін здаў на чатыры і не паступіў з першага разу – такі высокі конкурс быў на юрфак.

Падбухторыў вясковага хлапчука стаць юрыстам сваяк з горада. Анатоль прызнаўся яму, што хоча вывучаць гісторыю, а мужчына сказаў як адрэзаў: “Лепш стань юрыстам! Гэта больш сапраўднаму мужыку падыходзіць…” І самае цікавае, што пераканаў! Нават пасля крыўднага недабору аднаго бала юнак не расчараваўся і цвёрда вырашыў пакарыць вяршыню правазнаўства. Мара ажыццявіцца толькі пасля службы ў арміі. Два гады, не лічачы тыдня на пабыўцы дома, пражыў па ваенным раскладзе ў сонечным Самаркандзе. І ў РАУС прыйшоў загарэлым, фізічна падрыхтаваным супрацоўнікам. Наперадзе яго чакалі разнастайныя пасады і званні. Быў і ўчастковым інспектарам, і следчым, і членам групы крымінальнага вышуку. У адстаўку пайшоў з пасады намесніка начальніка РАУС.

Тады, у 70-80-я гады мінулага стагоддзя, штат праваахоўнікаў вялікай колькасцю не вызначаўся. Да таго ж не было транспарту, не хапала пішучых машынак, аператыўнікі самі фатаграфавалі, самі праяўлялі плёнку, самі ж і функцыі экспертаў выконвалі. Цяжкасцей хапала, ды яны ніколі на першы план не ставіліся. Галоўнае месца для людзей у пагонах заўсёды займала сяброўства, узаемавыручка, агульная любоў і павага да прафесіі. Варта адзначыць, што цёплыя адносіны складаліся і паміж міліцэйскімі сем’ямі. Па сённяшні дзень Анатоль Міхайлавіч удзячны лёсу, што ён звёў яго з такімі людзьмі, як Уладзімір Іванавіч Садоўскі, Анатоль Аркадзьевіч Трапашка, Уладзімір Мікалаевіч Супрун. На жаль, удзячных слоў ужо не пачуюць З. І. Падгайскі, Р. І. Шумскі. Заўсёды хочацца схіліць галаву перад тымі, хто загінуў, выконваючы свой прафесійны абавязак: Іосіф Трацэўскі, Уладзімір Рэут, Леанід Булыга.

…Гады нястрымана бягуць, пакідаючы на сэрцы зарубкі і раны. І гонар. За тое, што калісьці раскрыў не адно злачынства. Пры гэтым у практыцы А. М. Карнавуха ніколі не было нараканняў. З-пад яго рукі заўсёды выходзілі і адпраўляліся ў суд толькі бездакорна аформленыя дакументы. Зусім заканамерна, што такой жа дакладнасці Анатоль Міхайлавіч зычыць цяперашнім супрацоўнікам РАУС.

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Віталя МЫШЛЁНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars