Павінны выконваць правілы рэгулярных перавозак у мэтах бяспекі пасажыраў

marshrutka

Вадзіцелі міжгародніх маршрутак павінны выконваць правілы рэгулярных перавозак у мэтах бяспекі пасажыраў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксандр Шышко ў час прамой тэлефоннай лініі, каменціруючы абноўлены закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках».

«Калі сёння нехта хоча займацца рэгулярнымі перавозкамі, ён павінен гэта рабіць у адпаведнасці з законам. Калі нехта хоча займацца нерэгулярнымі перавозкамі, няма праблем, — займайцеся. Гэта, напрыклад, перавозкі аўтамабілямі-таксі. Сёння ў законе і ва ўсіх устаноўленых дзяржавай нарматывах работа прыватнага бізнесу на перавозках вітаецца. Перавозкі пасажыраў строга рэгламентаваны заканадаўствам, ад гэтага зелажыць іх бяспека. Ёсць моманты фіскальнага характару, але Мінтранс звяртае асаблівую ўвагу менавіта на бяспеку пасажыраў», — сказаў Аляксандр Шышко.

Ён абверг інфармацыю аб тым, што вадзіцелі прыватных маршрутак у сувязі з прыняццем новых правіл перавозак апынуцца без работы. «Яны проста павінны заключыць дагаворы на рэгулярныя перавозкі на маршрутах, па якіх працуюць. У рэгулярных перавозчыкаў ёсць расклад руху, маршрут, у дагаворы адзначаны ўсе патрабаванні, якія неабходна выконваць, — растлумачыў намеснік міністра. — Чаму некаторыя з іх не хочуць заключаць дагаворы? Таму што патрабаванні строгія, якія датычацца ў тым ліку рэжыму працы і адпачынку вадзіцеля, скораснага рэжыму. Вадзіцель павінен працаваць не больш за 11 гадзін у суткі з 12-гадзінным перапынкам на адпачынак. На жаль, на нерэгулярных перавозках гэта ўмова не выконваецца ў поўнай меры».

Заключэнне дагавора з аператарам аўтамабільных перавозак пасажыраў абавязвае таксама ўстанаўленне навігацыйнага абсталявання, якое дае магчымасць кантраляваць наяўнасць парушэнняў правіл дарожнага руху. «Калі пры правядзенні аператарам конкурсу будзе, напрыклад, выяўлены вадзіцель з 15 дзеючымі парушэннямі, то ён па конкурсе можа не прайсці. Раней парушэнні не кантраляваліся, мы па факце даведваліся аб ДТЗ з удзелам нерэгулярных перавозчыкаў. Некаторыя не хочуць працаваць у рэжыме кантролю, таму што мы будзем бачыць, з якой скорасцю ён перамяшчаецца. Пастаянна паступаюць скаргі ад пасажыраў, што вадзіцель у час язды заняты пабочнымі справамі. Самае страшнае, што людзі гінуць», — падкрэсліў Аляксандр Шышко.

 

    Начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Дубіна пракаменціраваў асноўныя моманты абноўленага закона «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках».

«Калі прымалася рашэнне аб унясенні змяненняў у закон аб аўтамабільным транспарце, у першую чаргу мы зыходзілі з меркавання павышэння якасці аказваемых паслуг, павышэння бяспекі перавозкі пасажыраў і стварэння дадатковых умоў для добрасумленнай канкурэнцыі на рынку пасажырскіх перавозак», — падкрэсліў прадстаўнік Мінтранса.

Сяргей Дубіна звярнуў увагу, што адной з асноўных задач пры ўнясенні змяненняў у заканадаўства была абарона спажыўца. «У той схеме арганізацыі перавозак, якая на сённяшні дзень дзейнічала пры нерэгулярных перавозках, фактычна заключаўся дагавор фрахтавання транспартнага сродку для перавозкі пасажыраў з трэцімі асобамі, якія ніякага дачынення да пасажыраў не мелі. Гэта значыць пасажыр не меў дагаворных адносін ні з перавозчыкам, ні з арганізатарам гэтай перавозкі. У лепшым выпадку яму выдаваўся чэк аб прыняцці наяўных грашовых сродкаў», — адзначыў прадстаўнік Мінтранса. Ён удакладніў, што ў выпадку нейкіх праблем на маршруце пасажыр потым проста не мог абараніць свае правы.

Акрамя таго, для арганізацыі перавозак у нерэгулярных зносінах не трэба было адпавядаць крытэрыям, устаноўленым конкурсам на права выканання перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах і дагаворам аб арганізацыі перавозак (патрабаванні да рухомага саставу, вадзіцеляў, выканання рэжыму рабочага часу і часу адпачынку вадзіцеляў). Таксама такія перавозчыкі не абавязаны былі распрацоўваць і ўзгадняць пашпарт маршруту з адпаведным падраздзяленнем Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў, выконваць расклад руху. «Фактычна, у непасрэдных арганізатараў такіх перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах адсутнічала адказнасць перад пасажырамі за нясвоечасовую падачу транспартнага сродку, невыкананне рэйса», — удакладніў начальнік упраўлення.

Пры гэтым, паводле слоў Сяргея Дубіны, перавозкі, якія пазіцыянаваліся як нерэгулярныя, выконваліся па канкрэтных напрамках у адзін і той жа час, а гэта з’яўляецца прыкметай рэгулярнай перавозкі. У законе ўдакладнены крытэрыі аднясення аўтаперавозак да перавозак у нерэгулярных і рэгулярных зносінах. Гэта звязана з наяўнасцю фактаў масавага выканання перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах па дагаворах фрахтавання па дзеючых маршрутах руху аўтобусаў рэгулярных зносін. «Тыя ўмовы, якія на сённяшні дзень ствараюцца для аказання паслуг у сферы пасажырскіх перавозак, не накіраваны ні на прыватнага, ні на дзяржаўнага перавозчыка. Яны датычацца ўсіх удзельнікаў рынку», — звярнуў увагу ён.

Пракаменціраваў прадстаўнік Мінтранса і інфармацыю аб тым, што такія перавозкі павінны ажыццяўляцца выключна з вакзала. «У законе не гаворыцца толькі пра вакзалы, размова ідзе пра пасажырскія тэрміналы, да якіх належаць вакзалы, аўтакасы, дыспетчарскія пункты. Гэта норма ў першую чаргу патрэбна для таго, каб кантраляваць расклад руху транспартных сродкаў, каб у пасажыраў была магчымасць выбару: адпраўляцца з пасажырскага тэрмінала або з прыпыначнага пункта, узгодненага з аператарам», — растлумачыў ён.

Акрамя таго, актуальнасць уносімых змяненняў пацвярджаецца частымі фактамі ўчынення парушэнняў, якія непасрэдна ўплываюць на бяспеку перавозкі пасажыраў, у тым ліку якія прывялі да дарожна-транспартных здарэнняў. Пры гэтым толькі за 2017 год было выяўлена 979 фактаў парушэння рэжыму працы і адпачынку для вадзіцеляў аўтамабіляў; 153 факты допуску вадзіцеля, які не прайшоў перадрэйсавы медыцынскі агляд, да выканання аўтамабільных перавозак; 231 факт наяўнасці няспраўнасцей, пры якіх забараняецца ўдзел транспартнага сродку ў дарожным руху; 148 фактаў незабеспячэння кантролю тэхнічнага стану транспартнага сродку перад пачаткам работы; 44 факты адсутнасці адзнакі аб праходжанні дзяржаўнага тэхнічнага агляду.

У ведамстве таксама нагадалі, што арганізацыя ўнутрырэспубліканскіх аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах ажыццяўляецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі або аператарам аўтамабільных перавозак пасажыраў у выпадку яго вызначэння. Пры гэтым з улікам патрабаванняў антыманапольнага заканадаўства, развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы законам устаноўлена забарона на сумяшчэнне функцый аператара аўтамабільных перавозак пасажыраў і перавозчыка адной юрыдычнай асобай.

Адносна міжгародніх міжабласных аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах заказчыкамі выступаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, па тэрыторыі якіх праходзіць маршрут такіх аўтамабільных перавозак. Працаваць у рэгулярных зносінах змогуць тыя аўтамабільныя перавозчыкі, якія былі прызнаны пераможцамі конкурсу на права выканання такіх перавозак.

Па матэрыялах БелТА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars