На свяце працы віталі лепшых!

Падвядзенне вынікаў работы арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, віншаванне лепшых працаўнікоў Валожыншчыны за мінулы год – падзея для раёна заўсёды нетрывіяльная. Запамінаецца яна радаснымі ўсмешкамі ўзнагароджаных, гарачымі апладысментамі, якія заслужана гучаць у гонар сённяшніх, сучасных «стаханаўцаў» – валявых, мужных, самааддана ўлюбёных у сваю справу людзей, што ў літаральным сэнсе рухаюць нашу малую радзіму да новых вытворчых вяршынь, узбагачаюць яе аграрны, прамысловы, сацыяльны патэнцыял новымі дасягненнямі… Каб павітаць лепшых з лепшых на сцэне кінатэатра «Юнацтва», на запрашэнне старшыні райвыканкама Мікалая Анатольевіча Астрэйкі адгукнуліся першы намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ігар Мікалаевіч Макар, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання Іван Станіслававіч Маркевіч, колішні кіраўнік Валожыншчыны Валянцін Іванавіч Малішэўскі, паважаныя госці са Стаўбцоўскага і Дзяржынскага раёнаў.

Мерапрыемства пачалося на ўзнёслай ноце ўслаўлення залатых рук людзей, якія песцяць зямлю-карміцельку, без астатку дораць ёй сілы і веды, а потым збіраюць шчодрыя ўраджаі. Гучала хвала і тым, хто шчыруе на прамысловай ніве, ладзіць адукацыйны працэс, лечыць пацыентаў, развівае культурныя традыцыі краю, прадае тавары, аказвае камунальныя і бытавыя паслугі насельніцтву… Ніводная сфера жыццядзейнасці Валожыншчыны не засталася абдзеленай увагай улады.

Кіраўнік раённай вертыкалі ў сваёй прамове адзначыў важкі ўклад кожнага чалавека ў агульны рэзультат. Летась гаспадаркамі выпушчана валавой прадукцыі на суму 96 мільёнаў рублёў, прамысловымі прадпрыемствамі – на 21 мільён. Адзначаны і рост заработнай платы. У лік самых важных дасягненняў мінулага года варта аднесці завяршэнне будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу, разгортванне работ па мадэрнізацыі сістэмы гарачага водазабеспячэння ў райцэнтры, праектаванне будаўніцтва дзіцячага садка ў гарпасёлку Івянец на 240 месцаў… За ўсімі гэтымі падзеямі стаіць нястомная праца і сённяшняга пакалення, і тых, хто некалі закладваў фундамент трывалай вытворчай базы, якую нам прадстаіць умацоўваць і развіваць далей. Мікалай Анатольевіч не толькі ўзгадаў імёны ветэранаў працы, але і выканаў яшчэ адну прыемную місію – павіншаваў з 70-годдзем і ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама нашаму знакамітаму земляку Сяргею Сяргеевічу Маляўскаму за шматгадовую плённую працу на карысць радзімы і яе жыхароў.

Цырымонія ўзнагароджання лепшых па прафесіі таксама была маштабнай. Дыпломы і грашовыя прэміі атрымалі ў той дзень 46 чалавек. На раённую Дошку гонару занесены 5 арганізацый і 16 новых прозвішчаў.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

На-Свяце-працы-віталі-лепшых-1

Узнагароды абласнога ўзроўню прывёз першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Ігар Мікалаевіч МАКАР. Іх атрымалі галоўны эканаміст КСУП «Пяршаі-2014» Алена Вікенцьеўна Скрундзь і загадчык ясляў-сада № 3 «Пралеска» райцэнтра Тамара Леанідаўна КУШАЛЬ.

На-Свяце-працы-віталі-лепшых-2

Сярод тых, каму ўручыў Дыплом і грашовую прэмію старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА, быў і механізатар ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка» Уладзімір Уладзіміравіч ПАСЕКА.

На-Свяце-працы-віталі-лепшых-3

Сярод пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў па сяўбе яравых зерневых і зернебабовых культур, ільну, цукровых буракоў, пасадцы бульбы – 17 механізатараў і вадзіцеляў з 8-і гаспадарак раёна.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars