Вядомы ўсяму свету псіхааналітык Зігмунд Фрэйд памёр ва ўзросце 83 гадоў. Ён усё жыццё даследаваў чалавечыя ўзаемаадносіны і псіхалогію людзей, але яму так і не ўдалося даведацца адказ на адно пытанне – “Чаго хочуць жанчыны?”. На гэту вострую тэму спрачаюцца, пішуць кнігі, знімаюць фільмы з Мэлам Гібсанам. Мы вырашылі правесці сваё даследаванне, звярнуліся да жыхароў Валожыншчыны і папрасілі паразважаць наконт жаданняў жанчын.
Кірыл АРЭШКА, 28 гадоў:
– Думаю, што кожны імкнецца да шчасця. Але існуе стэрэатып: мужчына павінен быць здабытчыкам, а жанчына – захавальніцай сямейнага ачага. Здаецца, што большасць маіх знаёмых дзяўчын проста хацелі выйсці замуж і наладзіць быт, нягледзячы на свой патэнцыял. Я лічу, што гэта шаблоны, ад якіх трэба было даўно адмовіцца.
Павел ДРОЖЖА, 29 гадоў:
– Упэўнены, што жанчынам хочацца разумення і падтрымкі з боку моцнага полу. Яшчэ ім патрэбна адчуваць сябе са сваім выбраннікам як за каменнай сцяной, у бяспецы. Мужчынам неабходна ўмець слухаць і не даваць няпрошаных парадаў.
Уладзіслаў КРАЎНЕВІЧ, 21 год:
– Кожная хоча чагосьці асабістага, запыты ва ўсіх розныя. Гаварыць пра такое ў цэлым практычна немагчыма. Магу казаць пра пэўную жанчыну, напрыклад, маю маму. Мама – яна і ў Афрыцы мама: хоча, каб у мяне ўсё было добра. А наогул, гэта ж спрадвечная тэма для анекдотаў!
Ігар БЫЧКОЎСКІ, 27 гадоў:
– Жанчыны хочуць ўсяго і адразу! Грошай, дастатку, шчасця, добра ўладкавацца ў жыцці. Для некага галоўная мэта – пабудаваць моцную сям’ю і нарадзіць дзяцей. Ёсць і тыя, у каго любоў і шчасце стаяць на першым плане. Праўда, мне здаецца, што ў апошні час іх становіцца ўсё менш.
Максім ШТУТЧАНКА, 23 гады:
– Калі б на такое пытанне існаваў адказ, яго б ужо не задавалі. Я проста лічу, што пры камунікацыі і больш блізкіх адносінах з жанчынамі трэба заставацца самім сабой. Толькі так ты зможаш знайсці тую самую душэўную сувязь, з якой не зможа разарваць ніводны зварачны апарат.