Ідэалогія – слова, а за ім справа

На мінулым тыдні ў Смалявіцкім гарадскім Доме культуры прайшла выніковая калегія Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. У рабоце калегіі прынялі ўдзел намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь П. М. Лёгкі, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь І. У. Дрыга, намеснік старшыні Мінаблвыканкама В. І. Сірэнка, старшыня Смалявіцкага райвыканкама М. Г. Загорцаў.

Падрабязны даклад аб рабоце ідэалагічнай вертыкалі вобласці ў 2017 годзе і задачах на бягучы год зрабіў начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама С. П. Ладышаў. Ён адзначыў, што летась прайшоў чарговы этап аптымізацыі галоўнага ўпраўлення і аддзелаў у рэгіёнах, значна ўзраслі нагрузка і патрабаванні да кадравага саставу. Адбыліся змены і ў абласных структурах вядучых грамадскіх аб’яднанняў: умацаваўся кадравы састаў ветэранскай арганізацыі, Беларускага саюза жанчын, “Белай Русі”, па-ранейшаму надзейнымі сацыяльнымі партнёрамі з’яўляюцца прафсаюзы і БРСМ.

У 2018 годзе галоўнае ўпраўленне ставіць перад сабой задачу якасна змяніць падбор і прафесійную падрыхтоўку ідэалагічных кадраў. З гэтай мэтай плануецца праводзіць навучальныя семінары ідэолагаў розных узроўняў. Сяргей Паўлавіч унёс таксама прапанову стварыць пляцоўкі перадавога вопыту па канкрэтных кірунках работы – у кожным рэгіёне ёсць свае напрацоўкі, якімі можна падзяліцца з калегамі: да прыкладу, па патрыятычным выхаванні, фарміраванні духоўна-маральных каштоўнасцей, па рабоце са сродкамі масавай інфармацыі. На такіх пляцоўках на працягу некалькіх дзён можна арганізаваць стажыроўку ідэалагічных работнікаў. Гэта не інавацыя – падобная практыка ўжо прымяняецца ў іншых абласцях рэспублікі.

Па словах С. П. Ладышава, на ідэалагічным узроўні недастаткова надаецца ўвагі на нагляднае афармленне населеных пунктаў, стан сацыяльнай рэкламы на шчытах і канструкцыях. У асноўным выкарыстоўваюцца арыгінал-макеты 2-3-гадовай даўніны. Больш трэба паказваць сваіх герояў – людзей працы, выкарыстоўваючы пры гэтым новыя формы падачы.

Незадаволенасць пакуль выклікае і работа з моладдзю, асабліва на вёсцы, не так многа праводзіцца яркіх, цікавых мерапрыемстваў. Зразумела, істотны ўплыў на якасць рэалізацыі маладзёжнай палітыкі аказала аптымізацыя. Таму неабходна максімальна задзейнічаць штатных работнікаў тэрытарыяльных камітэтаў і актыў пярвічных арганізацый БРСМ. Як паказвае практыка, у рэгіёнах, дзе наладжана плённае супрацоўніцтва, работа вядзецца на якасным узроўні. Пры гэтым працаваць трэба канструктыўна, не скоўваючы маладзёжную ініцыятыву. Ад Саюза моладзі чакаюць новых ідэй, праектаў, якія “чапляюць” моладзь і маглі б стаць фішкай рэгіёну.

Асаблівая роля ў ідэалагічным забеспячэнні адводзіцца сродкам масавай інфармацыі. Новым вопытам стала рэарганізацыя газеты “Мінская праўда” шляхам далучэння газет Мінскага раёна “Прысталічча”, Уздзенскага – “Чырвоная зорка” і Дзяржынскага – “Сцяг Кастрычніка”. Пакуль рана гаварыць пра дасягненні, але вынікі ўжо ёсць: павысіўся змястоўны ўзровень выданняў – журналісты стараюцца рэагаваць на запыты чытачоў, удасканалены дызайн, арганізавана падпіска на электронную версію, павялічана колькасць газетных палос раёнак з 16-і да 24-х.

Калі ж гаварыць увогуле пра змест раённых газет, не хапае крытыкі і матэрыялаў на вострыя тэмы, нестандартнай падачы інфармацыі – газетчыкі павінны быць у курсе “гарачых” фактаў, першымі рэагаваць, шукаць цікавыя інфармацыйныя зачэпкі, падкрэсліў С. П. Ладышаў.

Аб тым, як спрацавалі ўстановы культуры Міншчыны ў 2017 годзе, падрабязна расказала першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення С. А. Баранок. На станоўчых і праблемных момантах спынілася і першы намеснік міністра культуры І. У. Дрыга, а таксама акрэсліла задачы, якія пастаўлены перад культработнікамі ў 2018 годзе. Асаблівую ўвагу звярнула на аб’яўлены сёлета Год малой радзімы, падкрэсліўшы, што ў кожным рэгіёне павінны з’явіцца свае брэнды.

Намеснік міністра інфармацыі П. М. Лёгкі выступленне больш адрасаваў галоўным рэдактарам раённых газет, адзначыўшы ўнікальную нішу, якая ёсць у раёншчыкаў і якую ніколі не змогуць ахапіць рэспубліканскія СМІ.

Галоўным інфармацыйным, прапагандысцкім, ідэйным і культуралагічным стрыжнем вобласці назваў ідэалагічную вертыкаль намеснік старшыні Мінаблвыканкама В. І. Сірэнка. У кожным з гэтых кірункаў ёсць яшчэ нямала рэзерваў, і аблвыканкам гатовы аказаць садзейнічанне і дапамогу для сумеснай эфектыўнай работы.

Прыемным момантам мерапрыемства стала ўзнагароджванне лепшых ідэалагічных, культурных, маладзёжных работнікаў, а таксама журналістаў Мінскай вобласці на розных узроўнях. У прыватнасці, Падзяка старшыні Мінаблвыканкама за добрасумленную працу, прафесіяналізм і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў была ўручана кіраўніку народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага Цэнтра культуры Валянціне Францаўне РУСАКЕВІЧ (на здымку).

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Анжэлы РАДЫНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars