Кандыцыянеры — фермам, а не фірмам!

Общество

Ёсць такая дзіцячая гульня: адзін называе слова, а іншыя ўгадваюць, з чым яно асацыіруецца. Паспрабую ўгадаць, якія вобразы выклікае ў вас слова “ферма”. Пах гною і сіласу, бруд пад нагамі і змучаныя цяжкай працай даяркі… Падобна?
Спяшаюся запэўніць, што гэта не зусім так. Напрыклад, на МТФ “Ратынцы” (загадчыца Н. У. Харужык) такія чысціня і ўтульнасць, што ні ў кожнай гарадской гаспадыні ў кватэры бывае. І спецыфічнага паху няма. У пакоях, дзе адпачываюць і пераапранаюцца даяркі, на падлозе ляжаць дываны, вокны ўпрыгожаны вазонамі і занавескамі. Ёсць тэлевізар, мяккая мэбля, набор посуду для чайнай цырымоніі. У выдатным стане падтрымліваецца душавая кабінка. Адчуваецца, што тут працуюць людзі акуратныя, паважаючыя сябе і якія па-гаспадарску ставяцца да працоўнага месца.
Ды і іншыя фермы ТАА “МВАВТ “Ракаў-агра” ў Бакачах, Паморшчыне пакідаюць прыемнае ўражанне. Так што калі хто пачуе ў свой адрас пагрозу “пойдзеш на ферму кароў даіць”, не палохайцеся, тут не самыя дрэнныя ўмовы працы.
Безумоўна, праблемы ў ракаўчан ёсць. Найбольш кіраўніцтва турбуе тое, што падаюць надоі. Як паведаміла намеснік дырэктара па менеджменту і ідэалагічнай рабоце Н. А. Наумовіч, гэта абумоўлена недахопам спецыялістаў заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў (не падбіраецца харчовы рацыён жывёле, несвоечасова праводзіцца асемяненне). Многія памяшканні патрабуюць капітальнага ці бягучага рамонту.
Клапоцяцца пра санітарны стан фермаў і ў СВК “Дорскі”. Падчас рэйду тут выяўлены недахопы, выпраўленне якіх не патрабуе значных грашовых затрат. Вось што надзвычай уразіла, дык гэта ферма ў Дварцы, якая абсталявана па апошняму слову тэхнікі, а мае самыя нізкія надоі па гаспадарцы. Прычына – чалавечы фактар. Камп’ютэрная ўстаноўка сама па сабе працаваць не будзе, калі аператар не старанны. Вялікі рускі пісьменнік Леў Талстой меў рацыю, сцвярджаючы, што “чалавечы характар – самы галоўны эканамічны фактар”.
Ферма СВК “Манькаўшчына” таксама парадавала чысцінёй і дагледжанасцю. Санітарны ўрач, праўда, выявіла некаторыя парушэнні, з якімі загадчыца пагадзілася і паспяшалася запэўніць, што абавязкова іх выправіць.
Чатыры аб’екты жывёлагадоўлі і мехмайстэрню давялося наведаць у сельгасфіліяле “Сакаўшчына”. Не скажу, што тут усё радавала вока, але ў цэлым “карцінка” была нядрэннай. Нават на Чартавіцкай, самай старой ферме, дзе працуюць толькі дзве даяркі, праводзяцца санітарныя дні і па магчымасці падтрымліваецца парадак.
Хачу каб і вы, паважаныя чытачы, “знялі капялюш” перад даяркамі Бомбалаўскай фермы. Надоі ў іх, праўда, не рэкордныя. Затое фізічная падрыхтоўка на вышыні: чатыры даяркі жывуць за сем кіламетраў ад месца працы. Улічваючы трохразовую дойку, нескладана падлічыць: даяркі штодня праходзяць 42 кіламетры! Гэта неверагодна, але факт…
Здаецца, ніякіх парад не прагучала ў адрас фермаў і мехдвара філіяла ТДА “Паркінг” па вытворчасці сельгаспрадукцыі “Валожынскі”. Камісіі насам рэч адняло мову. Бруд і смурод на МТФ “Макараўка” выклікаў такі шок, што фільм жахаў адпачывае… Трохі лягчэй было дыхаць на ферме ў Бяляках. Тут нават спрабавалі перад нашым прыездам скасіць бур’ян, які быў ледзь не вышэй даху, ды косы зламаліся, так сказаць, загінулі ў няроўнай схватцы… Але, магчыма, у гаспадарцы прытрымліваюцца прынцыпу “няўлежна, дык уежна”, бо з разліку на галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавалі самую вялікую колькасць кармоў у раёне.
Адметную «рысу» маюць і малочнатаварныя фермы СВК “Багданаўскі”, дакладней сказаць не «рысу», а цэлыя «хмары рысаў»: развялі столькі мух, што і рот боязна раскрыць. Кажуць, што ў павароў-індусаў ёсць прымаўка “пра якасць страў найлепш гаворыць вялікая колькасць мух над ёй”. Дык можа ў “Багданаўскім” самае смачнае малако? Ды і ўручную тут даіць яшчэ не развучыліся. Ёсць, на жаль, і такія фермы…

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *