Да мілых жанчын з любоўю

Напярэдадні Дня жанчын цудоўны падарунак жыхаркам райцэнтра зрабілі супрацоўнікі і ўдзельнікі творчых калектываў РЦК. Тут адбыўся святочны канцэрт “З любоўю – да вас, мілыя!”.

Вядучыя Уладзімір Ціханоўскі і Валерый Язерскі не шкадавалі ўзнёслых слоў у адрас прыгожай палавіны Валожыншчыны. Ад імя ГА “Беларускі саюз жанчын” да прысутных звярнулася лідар раённай структуры, дырэктар ТЦСАН Галіна Фадзееўна Рай. Яна пажадала сяброўкам (менавіта такі зварот выкарыстоўваюць у арганізацыі, што аб’ядноўвае жанчын краіны) здароўя, увагі ад мужчын і дзяцей, поспехаў у прафесійнай дзейнасці. Першае вясенняе свята стала падставай для ўшанавання жанчын, якія шмат гадоў займалі кіруючыя пасады, уносілі важкі ўклад у развіццё раёна, а сёння прымаюць актыўны ўдзел у працы нефармальных аб’яднанняў, маюць несумненны ўплыў на фарміраванне грамадскай думкі ў нашым горадзе. На сцэну былі запрошаны Софія Ігнацьеўна Кавяза – былы рэдактар раённай газеты, Яўгенія Антонаўна Шышла – былы дырэктар СШ № 1 г. Валожына, Ганна Іосіфаўна Трухоўская – былы галоўны бухгалтар райвыканкама, Алена Ігнацьеўна Барахоўская – былы дырэктар дзіцячай бібліятэкі. З рук Г. Ф. Рай паважаныя актывісткі атрымалі каштоўныя падарункі і абавязковыя ў гэты дзень кветкі.

Сапраўдным упрыгожаннем урачыстасці стаў момант ушанавання жанчын-ваеннаслужачых. Камандзір воінскай часці Андрэй Віктаравіч Калач уручыў ганаровыя граматы старшаму прапаршчыку Аксане Іванаўне Макаравай, старшаму лейтэнанту Вользе Георгіеўне Леўчык, старшыне Алене Мікалаеўне Галавач і лейтэнанту Вікторыі Уладзіміраўне Бараноўскай. Падчас невялікага выступлення з найлепшымі падажаннямі звярнуўся да прысутных і галоўны ўрач раённай бальніцы Павел Алегавіч Ганчар. Кіраўнік каманды людзей у белых халатах параіў жанчынам больш увагі надаваць клопату пра іх самаадчуванне і ніколі не губляць бадзёрасць і выдатны настрой.

Пакуль доўжыўся канцэрт, зноў і зноў гучалі прызнанні ў бязмежнай любові да матуль, бабуль, сясцёр, жонак, дачок, каханых. А пасля зала напаўнялася чароўнымі гукамі музыкі, і лепшыя артысты раёна дарылі па-сапраўднаму элегантным прыгажуням-валожынкам рамансы, эстрадныя і народныя песні, вершы і харэаграфічныя нумары.

Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars