Да вясны гатовы!

Да-вясны-гатовы-8

На Валожыншчыне падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ набліжаецца да завяршэння.

Надышла каляндарная вясна, а разам з ёй для аграрыяў Валожыншчыны пачаўся чарговы гарачы сезон. У гаспадарках раёна плённа і ўвішна рыхтавалі машыны і сельгасагрэгаты да працы на палетках. Гэтаму працэсу ўдзялілі на месцах максімум увагі, бо поспех пасяўной кампаніі ў многім залежыць ад тэхнікі. Каб даведацца, як праходзіла падрыхтоўка да вясновых работ у аграпрамысловых прадпрыемствах, карэспандэнт газеты «Працоўная слава» выехаў у сумесны рэйд з першым намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзімірам Сяргеевічам Чычкіным.

«Сёлета ва ўсіх без выключэння сельгаспрадпрыемствах да рамонтных работ падышлі адказна і зладжана, а таму – як вынік – графік вытрымліваецца. Практычна ўся, за малым выключэннем, тэхніка пастаўлена на лінейку гатоўнасці, – адзначыў кіраўнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. – У гэтым пытанні сёння ў раёне няма лідараў і аўтсайдараў, кожны ў роўнай ступені гатовы ўступіць у вясновую кампанію. Справа цяпер толькі за надвор’ем і своечасовым сходам снегу з палёў».

У бягучым годзе пад сяўбу яравых зерневых і зернебабовых культур з улікам кукурузы, цукровых буракоў і аднагадовых траў у раёне адводзіцца 26 тысяч 489 гектараў. На палетках будуць працаваць 51 энерганасычаны трактар (сёння ў стадыі завяршэння рамонт 4-х), 112 трактараў магутнасцю звыш 100 конскіх сіл, 162 адзінкі кшталту «МТЗ-82». З 25-і камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў гатовы 24, поўнасцю адрамантаваны 29 глебаапрацоўчых агрэгатаў, 75 абаротных плугоў, 17 дыскатараў, 10 машын тыпу «Раса», 26 сеялкаў для кукурузы, 87 агрэгатаў для ўнясення цвёрдых мінеральных і арганічных угнаенняў. Як заўважыў Уладзімір Сяргеевіч, на бліжэйшыя дні запланаваны тэхагляд, які, мяркуючы па ступені падрыхтоўкі машын і агрэгатаў, яны павінны прайсці без нараканняў. І праўда, гледзячы на пакрытыя свежай фарбай і наладжаныя ў адпаведнасці з агратэхнічнымі патрабаваннямі механізмы, роўна выстраеныя на наведаных падчас рэйду мехдварах ААТ «Лоск», КСУП «Падбярэззе», ААТ «Агра-Дубінское», сумненняў у гэтым не ўзнікае.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

Да-вясны-гатовы-1

Па стане на 9 сакавіка ў майстэрнях ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка» знаходзіліся на завяршальных этапах рамонтных работ 5 адзінак глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі, а таксама 1 энерганасычаны трактар. Кваліфікаванымі паслугамі спецыялістаў скарысталіся ТАА «Тарасава», КСУП «Сакаўшчына-Агра» і «Пяршаі-2014», ААТ «Суднікаўскі». Як базу для наладкі двух уласных пасяўных агрэгатаў «Бярэсце» выкарыстоўвае рамонтныя пляцоўкі РАПТ па заключаным дагаворы ААТ «Валожынскі льнокамбінат».

Да-вясны-гатовы-2

У ААТ «Лоск», якое наведалі першым, 100-працэнтная гатоўнасць тэхнікі да выхаду ў поле. У сёлетняй вясновай кампаніі будуць задзейнічаны 2 энерганасычаныя «МТЗ-3022» і «МТЗ-2522», 2 пасяўныя агрэгаты, 2 «АКШ-6», 1 культыватар, 1 дыскатар, 2 васьмікорпусныя плугі і 5 чатырохкорпусных.

Да-вясны-гатовы-3

Механізатар ААТ «Лоск» Генадзь Зянонавіч ЯБЛОНСКІ нездарма лічыцца ў гаспадарцы адным з перадавікоў вытворчасці. Гэтаму спрыяюць яго адказнасць, умеласць, працавітасць і багаты вопыт. Сёлета прафесіянал будзе сеяць на «МТЗ-3022» у агрэгаце з «АПП-6Д».

Да-вясны-гатовы-4

На такой жа тэхніцы выконваць няпростыя вясновыя хлебаробскія задачы будзе і яго малодшы калега Андрэй Ігаравіч БАШЫЛАЎ.

Да-вясны-гатовы-5

У КСУП «Падбярэззе» гатоўнасць тэхнікі да вяснова-палявых работ набліжаецца да 100%. Як паведаміў кіраўнік гаспадаркі Анатоль Яраслававіч Лужынскі, у прадстаячай кампаніі будуць задзейнічаны два энерганасычаныя трактары: адзін на сяўбе, другі – на ворыве. Яшчэ два «МТЗ-1221» плануецца пусціць на падрыхтоўку глебы. Механізатары на трох «МТЗ-82» зоймуцца ўнясеннем угнаенняў, хімізацыяй глебы і сяўбой кукурузы. Дапаможа гаспадарцы завяршыць сяўбу ў вызначаны тэрмін дзвюма адзінкамі тэхнікі Валожынскі філіял ДП «Мінаблпаліва».

Да-вясны-гатовы-6

Віктар Станіслававіч ТАМАШЭВІЧ усё жыццё звязаў з падбярэзскай гаспадаркай. Ён працуе механізатарам з 1983 года. У зімовы перыяд развозіў кармы па малочнатаварных фермах, але асноўная нагрузка кладзецца на яго плечы ўвесну: традыцыйна ён будзе займацца сяўбой цукровых буракоў і кукурузы, уносіць у глебу мінеральныя ўгнаенні.

 Да-вясны-гатовы-7  

Больш за 30 гадоў шчыруе за рулём трактара механізатар КСУП «Падбярэззе» Сяргей Уладзіміравіч ЖАРКЕВІЧ. Клопат пра гаспадарчы статак займае львіную долю яго працоўнага часу ў халодны перыяд года. А хутка яго вопыт у чарговы раз акажацца запатрабаваным на падрыхтоўцы глебы да сяўбы: культыватары, плугі і іншы рыштунак даўно адкрылі рупліўцу свае сакрэты…

У ААТ «Агра-Дубінское» з улікам далучэння да гаспадарчых тэрыторый сугваздаўскіх угоддзяў пасяўныя плошчы таксама ўзбуйніліся. Сёлета хлебаробы павінны ахапіць руплівай працай 6570 гектараў ворыўных земляў. На лінейцы гатоўнасці – 37 трактараў (з іх 9 энерганасычаных), 9 пагрузчыкаў, 3 пасяўныя агрэгаты «АПП-6Д», 9 плугоў, 2 дыскатары, 6 культыватараў. Справу сваю тут ведаюць да дробязяў і не марудзяць з прывядзеннем тэхнікі ў належны выгляд перад маючым адбыцца тэхаглядам. Перад работнікамі пастаўлена задача: тры трактары ў дзень павінны быць вымыты да бляску. Затым іх фарбуюць, сушаць – і вось механічныя транспартныя сродкі ўжо гатовы да любой праверкі!

Да-вясны-гатовы-8

Механізатары аднаго з перадавых сельгаспрадпрыемстваў раёна Юрый Аляксандравіч БОЛВАХ і Сяргей Віктаравіч САЛОМКА (справа налева) будуць працаваць на заворванні глебы. Замацаваныя за імі плугі ўжо падрыхтаваны да маштабных спраў.

Да-вясны-гатовы-9  

Дубінскі механізатар Уладзімір Уладзіміравіч МЫСЛЯВЕЦ гатовы да хуткага ўключэння ў палявыя работы. Сёлета ён будзе шчыраваць на глебаапрацоўчым агрэгаце «АПД-7,5».

Да-вясны-гатовы-10  

Работнікі ААТ «Агра-Дубінское» Аляксандр Васільевіч НЕВЯРОВІЧ і Юрый Генадзьевіч САЛОМКА праводзяць фінальную афарбоўку тэхнікі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars