Валожынскі папкорн

Валожынскі-папкорн

Напрыканцы лютага ў аддзеле прамысловасці Валожынскага райспажыўтаварыства пачалі выпускаць новы від прадукцыі – кукурузу лёгкую з цукрам.

Тавар пайшоў на ўра: усяго за першыя тры дні сакавіка ў магазіны было пастаўлена больш за 300 папяровых стаканчыкаў. Спажыўцоў прывабілі прыгожая ўпакоўка і даволі прымальная цана – 62 капейкі за 30 грамаў. Яшчэ адным немалаважным фактарам з’яўляецца натуральны састаў прадукту, куды ўваходзяць зерне кукурузы, сланечнікавы алей і цукар, а тэрмін прыгоднасці складае 6 месяцаў.

Як адзначыла тэхнолаг прадпрыемства Наталля Палуянчык, машына па выпуску папкорну набыта даўно: знаходзілася ў аддзеле грамадскага харчавання і мала выкарыстоўвалася з-за недахопу пакупніцкага попыту. Хаця падчас правядзення кірмашоў і святочных мерапрыемстваў каля гандлёвых палатак з кукурузай лёгкай і цукровай ватай заўсёды шматлюдна: прадукцыя запатрабавана не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых.

Для наладжвання вытворчасці ў прамысловых маштабах спачатку распрацавалі рэцэптуру, а пасля правялі даследаванні ў Маладзечанскім цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі на адпаведнасць якасці. Закупілі спецыяльныя стаканчыкі з прывабнымі малюнкамі з самых папулярных сучасных мультфільмаў ёмістасцю 30 і 40 грамаў.

Спецабсталяванне ўстанавілі ў кандытарскім цэху. За адзін раз у яго засыпаецца 3 кілаграмы кукурузы, для ператварэння якой у лёгкую форму патрабуецца дзве гадзіны. А далейшы працэс адбываецца ўручную: атрыманы папкорн фасуецца і запакоўваецца ў тэрмаплёнку.

У хуткім часе ў продаж паступіць кукуруза лёгкая не толькі з цукрам, але і з соллю, цукровым сіропам, а таксама без усялякіх дабавак. Думаецца, што кожны від будзе запатрабаваны і знойдзе свайго пакупніка. Пакуль жа прадукцыя пастаўляецца ў магазіны райспажыўтаварыства і школы раёна.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА

Валожынскі-папкорн

    Майстар-кандытар Людміла Аляксандраўна БАЦЯН.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars