Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

    У гасцініцы “Карона” ў райцэнтры, якая належыць РУП “Валожынскі жылкамунгас”, размешчаны вялікі рускі більярд, ёсць таксама малы більярдны стол, тэнісныя сталы і трэнажорная зала. Карыстацца імі могуць не толькі пастаяльцы гасцініцы, але і жыхары горада. За мінулы год такую магчымасць скарысталі каля 200 чалавек. Агульны прыбытак склаў 836 рублёў. У студзені бягучага года спартыўныя прылады прынеслі ўсяго 87 рублёў, у асноўным за карыстанне більярдам.

З увядзеннем у строй новага спартыўнага комплексу Валожынскай ДЮСШ гэтыя пляцоўкі сталі запатрабаванымі значна менш. Мне здаецца, што справа не толькі ў з’яўленні канкурэнтаў, але і ў адсутнасці мінімальнай рэкламы. Не расцэнкі адпужваюць наведвальнікаў. Да абеду цэны тут вельмі памяркоўныя. Напрыклад, гадзіна гульні ў настольны тэніс каштуе ўсяго 2 рублі 60 капеек. Па пятніцах-нядзелях стаўкі ўзрастаюць. Усё больш людзей імкнуцца весці здаровы лад жыцця. Відавочнае пацвярджэнне гэтаму – наведванне басейна. Новаму кіраўніцтву жылкамунгаса варта задумацца, як прыцягнуць у трэнажорную залу, більярдную пастаянных наведвальнікаў, каб абсталяванне не прастойвала і даходы прыносіла. Магчыма, заснаваць нейкія турніры, спаборніцтвы, конкурсы на прызы прадпрыемства, прадаставіць ільготы членам свайго калектыву. Год толькі пачаўся…

 

    У сакавіку ў раённым вузле паштовай сувязі пачала дзейнічаць новая паслуга – “Адпраўленне МАХ”. Па жаданні кліентаў прымаюцца і дастаўляюцца па адрасах нестандартныя па вазе і памерах прадметы. Дастаўка вядзецца пакуль што ў межах горада. Магчыма, такія “пасылкі” будуць адпраўляцца і па вобласці. Прымаюцца прадметы вагой да 100 кілаграмаў.

Усё большую папулярнасць набывае такая паслуга, як “Камфорт”. SMS аб дастаўцы і ўручэнні пісьма альбо пасылкі можа атрымліваць як адпраўшчык, так і той, каму яны адрасаваны. Такая паслуга вельмі камфортная для пажылых адрасатаў, якім паштовыя адпраўленні дастаўляюцца прама на дом.

 

    Вельмі насычаныя гэтыя сакавіцкія дні ў наведвальнікаў дзённага аддзялення для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Яны пабывалі на спектаклі паводле п’есы Я. Купалы “Прымакі” ў сярэдняй школе № 1 райцэнтра. Ігра юных акцёраў Данііла Жданюка, Дар’і Лужынскай, Арцёма Гарбачэўскага, Таццяны Субач, Анастасіі Арловіч, Яўгена Шарко, Мар’яна Прыёмкі, Паўла Бацяна і іншых пакарыла сваёй раскаванасцю, натуральнасцю, добрым веданнем тагачаснага побыту. Пра ўсё гэта са словамі падзякі сказала старшыня клуба “Лэдзі” А. І. Барахоўская. У рамках акцыі “Вялікія таленты” прадстаўнік тэрытарыяльнага цэнтра ўручыла акцёрам-школьнікам невялікія сувеніры.

А 6 сакавіка вучні СШ № 2 запрасілі пажылых людзей, а таксама выхаванцаў дзённага аддзялення для інвалідаў на канцэртную праграму, прысвечаную Дню жанчын. Дастаўку ў школу арганізаваў тэрытарыяльны цэнтр. Яго дырэктар Г. Ф. Рай падзякавала школьнікам за хвіліны радасці і святочны настрой.

 

    Выйшла з друку новая кніга аўтара нашай газеты, уладальніка аграсядзібы “Марцінава Гусь” на тэрыторыі раёна, Алеся Белага “Таямніцы Налібоцкай Пушчы”.

Фактычна гэта дзве асобныя кнігі – дарослая і дзіцячая. Першая з’яўляецца як бы завочным правадніком па Пушчы і яе ваколіцах. Дзіцячая кніга – гэта маляванка, заснаваная на некаторых найбольш значных пушчанскіх міфах. Алесь Белы быў удзельнікам Нацыянальнай кніжнай выставы, якая працавала зусім нядаўна ў Мінску. Там ён прадстаўляў адразу тры свае кнігі: “Сакатала Бочачка”, “Хроніка Белай Русі” і апошнюю. У адзін з дзён работы выставы аўтар правёў аўтограф-сесію.

 

    З 27 лютага па 19 сакавіка ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” знаходзяцца чатыры школьнікі з нашага раёна. Зараз там праходзіць змена юных даследчыкаў і знаўцаў, у асноўным, прававой накіраванасці.

Ад нашага раёна ў “Зубраняці” адпачываюць прызёры раённай алімпіяды па Правілах дарожнага руху Мікіта Рэбекеўша і Канстанцін Равяка з Пугачоўскай СШ, а таксама вучаніцы гімназіі № 1 г. Валожына Ксенія Загорская і Валерыя Калугіна.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars