Гучы, беларускае слова, на нашай зямлі!

Бягучы год абвешчаны ў Беларусі Годам малой радзімы. З гэтай нагоды мноства мерапрыемстваў, што праходзяць ва ўстановах культуры і адукацыі раёна, прысвечаны славутым землякам, роднай старонцы, матулінай мове…

Гучы,-беларускае-слова,-на-нашай-зямлі!-1

У рамках Года малой радзімы і да Міжнароднага дня роднай мовы рунеўцамі праведзены круглы стол “Які ж гэта цуд – слова, мова мая!”, што адбыўся з удзелам работнікаў устаноў культуры Валожына.

Літаратары Валянціна Гіруць-Русакевіч, Марыя Шакун, Аляксандр Кулак чыталі свае творы. Да іх далучыліся маладыя ўдзельнікі “Руні” Рыгор Русакевіч, Аляксей Пінчук. Яскравымі фарбамі народных песень упрыгожыла літаратурную канву мерапрыемства спявачка Вольга Дзедуль.

Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ

 

Гучы,-беларускае-слова,-на-нашай-зямлі!-2

Штогод 21 лютага адзначаецца Дзень матчынай мовы. У школе № 1 г. Валожына да гэтай даты праводзіліся тэматычныя мерапрыемствы, цікавыя актыўнасці. Падзея атрымалася насычанай і прыцягнула шмат удзельнікаў.

Свята пачалося з самага ранку. На першым перапынку прайшла акцыя «Гучы, беларускае слова!». Спецыяльна для гэтага ў фае паставілі мікрафон і абсталявалі пляцоўку, дзе кожны жадаючы мог расказаць любімы верш. Вучні чыталі творы беларускіх класікаў, сучасных паэтаў, у тым ліку нашых землякоў. На працягу дня хлопцы і дзяўчаты загадвалі адзін аднаму загадкі на роднай мове і прапаноўвалі перакласці складаныя словы з рускай на беларускую, глядзелі мультфільмы «Піліпка», «Палінка», «Мядзведзік Фантазік», «Выцінанка-выразанка», гулялі ў забавы нашых продкаў – «Пярсцёнак» і «Вожык і мышы».

У школьнай бібліятэцы прайшло мерапрыемства «Чытаем па-беларуску. Далучайся і ты!», дзе супрацоўнікі расказвалі пра літаратуру на роднай мове.

Яшчэ адна з незвычайных задум арганізатараў – акцыя «Надоело «говорить»? Размаўляй!», накіраваная на барацьбу з трасянкай. Навучэнцы пісалі на сэрцайках любімыя беларускія словы і клеілі іх на дрэва, якое з цягам часу «расцвітала» і ўпрыгожвалася. Напрыканцы святочнага дня адбылася сустрэча-дыялог са знакамітым жыхаром райцэнтра Сяргеем Сяргеевічам Маляўскім. Ён распавёў дзецям пра свой жыццёвы шлях, творчасць, гісторыю Валожыншчыны, адказаў на пытанні.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара

 

Гучы,-беларускае-слова,-на-нашай-зямлі!-3

Нядаўна да 210-й гадавіны з дня нараджэння В. І. Дуніна-Марцінкевіча ўдзельнікі літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” падрыхтавалі пазнавальную сустрэчу з юнымі валожынцамі “Паклон удзячных нашчадкаў”.

Зала РЦК гасцінна расчыніла дзверы перад школьнікамі райцэнтра. Вядучыя пазнаёмілі гледачоў з асобнымі старонкамі жыцця вядомага літаратара. Асаблівую ўвагу Валянціна Гіруць-Русакевіч і Ганна Канановіч – кіраўнік і ўдзельніца аб’яднання – звярнулі на сувязь Вінцэнта Іванавіча з Валожыншчынай. Вядома, што змагар за беларускую нацыянальную культуру 44 гады жыў і плённа працаваў у Люцінцы, што ля Пяршаяў.

У выкананні Аляксея Пінчука, Лідзіі Русакевіч гучалі вершы, прысвечаныя асобе знакамітага земляка. Валерый Мазура натхнёна і па-сапраўднаму артыстычна выканаў мініяцюру “Ой, рэчанька-рэчанька”. Апісаная Генадзем Равінскім першая сустрэча Дуніна-Марцінкевіча з люцінскімі сялянамі прагучала кранальна і экспрэсіўна адначасова. Сваё прысвячэнне беларускаму класіку агучыла Валянціна Гіруць-Русакевіч. Цудоўны твор Сяргея Маляўскага і Эдуарда Зарыцкага “Гімн Валожынскай зямлі” стаў прыгожым фіналам сустрэчы.

Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ

 

Гучы,-беларускае-слова,-на-нашай-зямлі!-4

Мова і Радзіма… Гэтыя паняцці непарыўна звязаны між сабой. Менавіта таму ва ўсім свеце з кожным годам большую папулярнасць набіраюць акцыі, падчас якіх праводзяцца напісанні дыктовак на роднай мове.

На 11-ю агульнарэспубліканскую дыктоўку ў Міжнародны дзень роднай мовы запрасілі жыхароў Валожыншчыны актывісты Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Чытальная зала раённай бібліятэкі сабрала людзей, якія любяць і шануюць беларускае слова. Для многіх з іх яно стала часткай прафесійнага жыцця, як, напрыклад, для журналістаў Наталлі Штэйнер, Настассі Лявінскай, былой і сённяшняй загадчыц дзіцячай бібліятэкі Алены Барахоўскай і Алены Трасцянка, настаўнікаў Марыі Трапашкі, Аксаны Пятровіч, кіраўніка любімага на Валожыншчыне і далёка за яе межамі гурта “Гасцінец” Лізаветы Пятроўскай. Паўдзельнічаць у такой акцыі палічылі для сябе справай гонару настаўнік музыкі Сяргей Сівы, псіхолаг Аксана Віршыч, пенсіянеры Тамара Сухавецкая, Алег Балашка, Ірына Жукоўская, Антон Таўгень, Галіна Залеская.

Настаўніца беларускай мовы, старшыня раённага аддзялення Таварыства беларускай мовы Людвіка Таўгень для дыктоўкі выбрала прыгожы, філасофскага кірунку ўрывак-разважанне аб значнасці беларускага слова.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars