Маладзік па небе ходзіць…

Культура

Пераважная большасць народных прыкмет звязана з першай фазай месяца – з маладзіком.

Валасы заўсёды раяць стрыгчы на першай квадры, тады яны будуць добра расці. Кабана лепш біць на маладзік, тады сала будзе белае. Калі ж на поўню – будзе “дуцца” і заплеснее.

Каб пазбегнуць бародавак, трэба ў першы панядзелак, на маладзік, убачыўшы першы раз месяц з правага боку, узяць правай рукой з-пад пальцаў левай нагі крыху зямлі, на якой стаіш, пашмараваць ёй бародаўкі – і яны абавязкова знікнуць. У народзе лічылі, хто ўбачыў  маладзік у першы панядзелак левым вокам, ужо не можа вылечыцца ў тым месяцы. Калі маладзіковы месяц першы раз убачыш з правага боку, то распачаты месяц будзе шчаслівы, а калі з левага – наадварот.

Маладзіковая фаза месяца карыстаецца асаблівай увагай і павагай народных лекараў, якія перакананы, што наймацнейшае тое зелле, што на маладзіку сабрана, і тым больш, калі яго збіраў падлетак ці старая кабета.

Хранічнае застарэлае захворванне імкнуліся лячыць на маладзік. А каб пазбавіць дзіця ад глістоў, наадварот, розныя лекі трэба было даваць у апошнюю квадру і ніколі – на маладзік. Раны, якія ўзніклі на маладзік, доўга не загойваюцца.

У народным этыкеце існавала правіла: нават самым блізкім не пазычаць хоць нешта на маладзік.

Часам можна сустрэць і некаторыя доўгатэрміновыя прагнозы па стану надвор’я і фазе месяца. Калі на 4-ы дзень маладзіка было пахмурна або ішоў дождж, гэткае ж надвор’е застаецца і на працягу ўсяго месяца, аж пакуль месяц пройдзе ўсе наступныя фазы і не дойдзе да той самай, па якой вызначалася прадказанне.



Добавить комментарий