Раніца 17 сакавіка ў раённым Цэнтры культуры выдалася шчодрай на радасную і хвалюючую для многіх маладых людзей падзею: вучні з усёй Валожыншчыны, іх настаўнікі і госці сабраліся на мерапрыемства ў рамках усебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!”, якая штогод адбываецца падчас святкавання Дня Канстытуцыі. Ініцыятар яе правядзення – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Перад урачыстасцю дырэктар раённага музея Наталля Паўлаўна Лоўчая правяла інтэрактыўны ўрок, дзе расказала пра гісторыю ўзнікнення і развіцця пашпарта. А потым – са сцэны гучалі словы віншаванняў і пажаданняў, артысты РЦК выступілі са святочнай праграмай.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч БІБІК (на здымку) і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручалі галоўны дакумент грамадзяніна краіны лепшым з лепшых – выдатнікам, спартсменам, пераможцам алімпіяд, удзельнікам творчых гурткоў, актывістам, валанцёрам. Усяго на мерапрыемстве пашпарты атрымалі 23 вучні з розных школ раёна. Дадаткова дзяўчатам і хлопцам традыцыйна падарылі памятныя альбомы “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і сувеніры ад рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.
Настасся ЛЯВІНСКАЯ,
фота аўтара