Гонар Івянца

Культура

    Ізабэла Вікенцьеўна Елістратава засталася адзіным ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ў Івянцы.

Да яе дадому завіталі старшыня гарпасялковага Савета дэпутатаў Т. Я. Ліпніцкая і старшыня мясцовага савета ветэранаў А. П. Нядвецкая, каб уручыць юбілейны медаль “100 гадоў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь”. Але не столькі чарговая ўзнагарода ўзрадавала жанчыну, колькі магчымасць пабачыць у сваім доме людзей, пагутарыць з імі. Апошнім часам усё больш бавіць час адна, таму і дні здаюцца бясконцымі, і ночы доўгімі…

Так склалася, што свой доўгі век Ізабэла Вікенцьеўна дажывае адна. Рэдка хто адкрывае брамку ў двор. Але яна ніколі і нікому ні на што не скардзіцца. Не патрабуе ніякай дапамогі, а наадварот імкнецца як мага больш зрабіць па дому сама, хаця за ёй замацаваны сацыяльны работнік. Да прыходу работніка звычайна і печку ўжо запаліць, і дарожкі пачысціць ад снегу.

За 93 гады многае пабачыла і перажыла, сумленна працавала. Было шмат шчаслівых момантаў у жыцці. Два вяселлі ладзіла, унукаў прычакала. На заслужаны адпачынак пайшла з завода мастацкай керамікі. Усё жыццё была вернай сваёй малой радзіме – Івянцу. Не нажыла вялікага багацця, мае ўтульны дом старадаўняй пабудовы, размешчаны ў вельмі маляўнічым месцы. Але дом той без ніякіх выгод. Па маладосці пра гэта не думалася. Няцяжка было і вады нанасіць са студні, і печкі, аздобленыя прыгожай рарытэтнай кафляй, напаліць, і агарод даглядзець. Гаспадыняй яна лічылася адметнай, гатавала вельмі смачна. А ў доме заўсёды было многа гасцей, асабліва летам. Любілі сюды прыязджаць дзеці сястры Рэгіны, іх сябры, пасля – маскоўскія ўнукі. Не аднойчы даводзілася начаваць у Ізабэлы Вікенцьеўны і мне, я са школы сябравала з яе маскоўскай пляменніцай. Але старасць гэтай жанчыны, на жаль, несалодкая, нікому такой не пажадаеш. Некалькі гадоў таму пахавала любімую дачку, якая хоць і жыла далёка, у Маскве, але штогод імкнулася прыехаць да матулі, у родны Івянец, скарыстоўвала для гэтага любую магчымасць. Аляксандра Пятроўна Нядвецкая ведае пра адзіноту ветэрана і іншы раз без ніякай патрэбы забягаецца ў гэты дом, каб проста пагутарыць. Яна ведае, што менавіта такія візіты даюць жанчыне сэнс жыцця. Наведалася да яе і напярэдадні 8 Сакавіка. Гасцям Ізабэла Вікенцьеўна шчыра радуецца, спяшаецца пасадзіць іх за стол, пачаставаць. Яна дрэнна чуе, але мае добры зрок, чытае, вяжа. Немаведама для каго вяжа, але так дні праходзяць хутчэй. А магчыма, завітае той, каму падорыць сваю вязаную рэч…

 

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий