Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Сёлета на рамонт аб’ектаў культуры выдаткавана 120 тысяч рублёў, з іх 100 тысяч пойдуць на капітальны рамонт і 20 тысяч – на бягучы.

Асноўны аб’ект для капітальнага рамонту – дах Бабровіцкага культурна-спартыўнага цэнтра. У дадзены момант рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на работы.

 

Аўтапарк філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” папоўніўся новым мікрааўтобусам “Газэль” на 12 пасадачных месцаў коштам 43 тысячы рублёў. Набыты транспартны сродак у лізінг. Да яго дакупілі прычэп для перавозкі інструментаў.

З красавіка і практычна да канца года рабочыя прадпрыемства працуюць на аб’ектах за межамі раёна. Грузапасажырскія машыны, што да гэтага моманту былі ў ДРБУ, разлічаны ў асноўным на 5 чалавек. Гэтага стала відавочна недастаткова. Новую “Газэль” замацавалі за Івянецкім дарожна-рамонтным пунктам, яна ўжо выйшла на лінію.

 

     Пасля заняткаў на спецыяльных курсах у Маладзечне і Мінску кіраўнік гуртка па фітнесу і турызму аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Крысціна Спічак атрымала сертыфікат на права правядзення заняткаў па скандынаўскай хадзьбе.

Гэты від лячэбнай хадзьбы набірае ўсё большую папулярнасць у нашай рэспубліцы. З красавіка скандынаўскай хадзьбой па ўсіх правілах пачнуць займацца і наведвальнікі дзённага аддзялення.

 

    У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры пачала працаваць выстава “Не хитра моя работа – угодить была охота”.

На ёй прадстаўлены экспанаты з фондаў музея: ручнікі, паясы, посцілкі канца ХIХ-першай паловы ХХ стагоддзя. Пра гісторыю побытавых рэчаў, іх месца ў жыцці нашых продкаў, іншыя цікавыя факты можна даведацца пры знаёмстве з экспазіцыяй. Назву выставе даў надпіс на адным з ручнікоў. Менавіта ручнік суправаджаў чалавека ад нараджэння да смерці. Ён быў абярэгам, абавязковым складанкам пасагу і найлепшым дарункам. Сярод першых наведвальнікаў новай выставы заўважаны госці з Германіі, якія пабывалі ў Івянцы 13 сакавіка па лініі Хрысціянскага Саюза маладых людзей “Сетка міру”.

 

    Ля іешывы ў Валожыне і ля могілак у Тупальшчыне, дзе пахаваны пачынальнік беларускай драматургіі В. Дунін-Марцінкевіч, з’явіліся маляўнічыя стэнды з цікавай інфармацыяй пра гэтыя аб’екты. Яны акажуць неацэнную дапамогу, асабліва неарганізаваным турыстам. Да іешывы іх прыязджае дастаткова многа. На стэндзе сканцэнтраваныя значныя звесткі пра будынак, якому больш за два стагоддзі, найбольш вядомых вучняў іешывы.

Задума пра інфармацыйныя стэнды рэалізавана спажывецкім кааператывам “Валожынскія гасцінцы” ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрасаюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН).

 

    “Не! – насіллю ў сям’і” – такая прафілактычная акцыя праводзіцца ў раёне. Псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Жданюк сумесна з супрацоўнікам РАУС Валерыем Жуком наведалі раённыя калектывы электрычных сетак і РАНС.

Спачатку дэманструецца відэафільм, зняты на канкрэтных фактах дамашняга насілля. Прысутным даступна расказваюць пра пакаранне дамашніх тыранаў, прыводзяць факты статыстыкі, даюцца псіхалагічныя парады і тэлефоны, куды можна звярнуцца за дапамогай ці парадай. Пры цесным супрацоўніцтве з РАУС у тэрытарыяльны цэнтр на кансультацыю запрашаюць тых, хто выяўлены ў парушэнні сямейна-бытавых адносін, на каго складаліся адміністрацыйныя пратаколы. У бліжэйшай перспектыве – наведванне райаграпрамтэхнікі і воінскай часці. Увогуле, плануюць пабываць у калектывах, дзе працуе шмат мужчын, якія часцей з’яўляюцца ініцыятарамі насілля на бытавым узроўні.

 

    У Смаргоні адбыўся Рэспубліканскі турнір па міні-футболе сярод хлопчыкаў 2007 года нараджэння, у якім прынялі ўдзел дзве каманды гаспадароў пляцоўкі,  а таксама зборныя з Ашмян і Валожына.

Прапусціўшы наперад каманду Смаргонь-1, нашы юныя футбалісты занялі другое месца. Пераможцам яны прайгралі з лікам 9:5. У каманды Смаргонь-2 выйгралі з лікам 4:3, у равеснікаў з Ашмян – з лікам 9:1. У зборную Валожына ўвайшлі вучні гімназіі і СШ № 1, капітан каманды – вучань 5 “А” класа гімназіі № 1 Даніла Жудрык. Трэніруюць юных футбалістаў Аляксандр Кавяза і Андрэй Пракаповіч.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars