Праект працягваецца

Людзі з інваліднасцю – самая безабаронная катэгорыя насельніцтва як у нашай краіне, так і ва ўсім свеце. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі сітуацыя значна палепшылася. Сёння ў рэспубліцы надаецца вялікая ўвага сацыялізацыі інвалідаў, паляпшэнню якасці іх жыцця. На рэалізацыю планаў і задум выдаткоўваюцца сродкі, сумесна з Еўрасаюзам распачата мноства цікавых праектаў.

Валожынскі раён у гэтым сэнсе займае адну з лідзіруючых пазіцый у Мінскай вобласці. Упраўленне па працы, занятасці і працаўладкаванні, ТЦСАН, грамадскія аб’яднанні часта выступаюць сацыяльнымі партнёрамі пры рэалізацыі ініцыятыў. У рамках праекта “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” рэалізуецца мясцовая ініцыятыва “Даступная прафесія для моладзі ў сельскай мясцовасці”. З 2016 года на тэрыторыі раёна дзейнічае праект “Павестка 50”.

Даволі падрабязна мы расказвалі пра супрацоўніцтва з польскім фондам “ТУС”, спецыялісты якога Малгаржата Перацятковіч і Пётр Тодыс аказваюць зацікаўленым асобам метадычную дапамогу ў рабоце над стварэннем стратэгічнага плана па забеспячэнні роўных магчымасцей для людзей з інваліднасцю. Нядаўна замежныя госці ў чарговы раз правялі навучаючы семінар. На гэты раз акцэнт зроблены на фармуляванні мэтаў і падмэтаў, што вынікаюць з асноўных праблем, выяўленых раней.

Удзельнікаў сустрэчы вітала дырэктар ТЦСАН Галіна Фадзееўна Рай. Было падкрэслена: работа па стварэнні стратэгіі працягваецца. Адбываюцца выязныя сустрэчы з інвалідамі, бацькамі дзяцей-інвалідаў. Да правядзення апошняга мерапрыемства – выезду ў Гародзькаўскі сельскі савет – далучыліся таксама прадстаўнікі МНС. Сумесная работа з усімі зацікаўленымі бакамі дазваляе глыбей вывучыць запыты, што лягуць у аснову будучай стратэгіі. Больш падрабязна аб тым, у якім фармаце праходзяць выязныя мерапрыемствы, расказвала кіраўнік праекта “Распаўсюджванне і прымяненне канвенцыі “Аб правах людзей з інваліднасцю”, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Ларыса Уладзіміраўна Шчарбачэвіч. Па яе словах, на сустрэчу з людзьмі накіроўваюцца добра падрыхтаваныя трэнеры-спецыялісты. Яны кампетэнтна расказваюць пра дзяржаўныя паслугі, што прадастаўляюцца людзям з абмежаванымі  магчымасцямі. У красавіку запланавана навучанне валанцёраў, а таксама кансультацыі па самаадвакатаванні з групамі маладых інвалідаў, заняткі па тэме “Я – дарослы”, трэнінгі асабістага росту, трэнінгі па прынцыпе “Роўны роўнаму”, выпуск інфармацыйных буклетаў.

Падчас семінара шмат увагі надавалася праблемам, якія стаяць на шляху паляпшэння жыцця інвалідаў. Сярод іх – недасканаласць безбар’ернага асяроддзя, недасведчанасць аб сваіх правах, страхі наймальнікаў пры прыёме на працу людзей з інваліднасцю, дыскрымінацыя іх правоў, слабая сацыяльная актыўнасць. Як падкрэслілі супрацоўнікі офіса па правах інвалідаў Міхаіл Мацкевіч і Ксенія Тарасевіч, у будучым глабальным дакуменце павінны быць адлюстраваны ўсе заўвагі тых людзей, дзеля якіх ён будзе працаваць.

У семінарскіх занятках прыняла ўдзел прадстаўніца міжнароднай арганізацыі “Еўрапейскі дом” датчанка Лене Петэрсан. Жанчына прысвяціла жыццё сацыяльнай рабоце. Апошнія 20 гадоў яе дзейнасць непарыўна звязана з нашай краінай. Раённую арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў прадставіў Віктар Субач, ад грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя бацькоў дзяцей інвалідаў і маладых інвалідаў” прысутнічалі Вольга Сяўрук і Алена Рай.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars