Калі рост паказчыкаў не радуе…

Закон и порядок

На пашыраным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама падведзены вынікі работы за год, прааналізаваны прычыны падлеткавай злачыннасці, формы і метады прафілактычнай работы.

Тон у размове задаў старшыня камісіі П. І. Бібік, які прывёў лічбы, што закранулі за жывое ўсіх, хто ў той дзень сабраўся за “круглым сталом”. У 2010 годзе праведзена 36 пасяджэнняў камісіі, з іх 4 – выязныя (у 2009 годзе – 2). У агульнай колькасці на разгляд паступіла 287 матэрыялаў: у тым ліку па правапарушэннях, здзейсненых непаўналетнімі, – 129, за неналежнае выхаванне дзяцей бацькамі – 85. На працягу года разглядалася 12 пытанняў прафілактычнага характару, накіраваных на паляпшэнне сітуацыі па правапарушэннях і злачынствах, учыненых падлеткамі, а таксама па неспрыяльнай сітуацыі ў сем’ях, якія маюць статус нядобранадзейных.

За 2010 год 41 непаўналетні прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці: агульная сума штрафу склала 3249500 рублёў. Па-ранейшаму вострай праблемай застаецца распіццё непаўналетнімі спіртных напіткаў, у тым ліку – слабаалкагольных. У мінулым годзе выяўлены 54 факты, прасочваецца і тэндэнцыя паўторных прыцягненняў менавіта за распіццё спіртнога.

За работу інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС трымаў справаздачу начальнік А. К. Карачун, да якога ўзнікла шмат прэтэнзій з боку пракурора раёна А. М. Сасонкі, які жадаў чуць не сухія лічбы статыстыкі, а менавіта аналіз зробленага.

На ўліку ў інспекцыі стаяць 75 непаўналетніх. Па выніках мінулага года назіраецца зніжэнне колькасці злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, з 28 у 2009 годзе да 22 – у 2010-ым, большасць з іх – крадзяжы ўсіх форм уласнасці. Зафіксаваны таксама 3 выпадкі хуліганства, 1– угон тэхнікі, 1 – незаконны допуск да кіравання транспартным сродкам, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, 1 – пагроза забойства.

27 падлеткаў пастаўлены на ўлік менавіта за ўжыванне спіртных напіткаў. Таму асноўным накірункам прафілактычнай работы было высвятленне прычын і ўмоў гэтага. З выступлення кіраўніка ІДН відавочна, што па кожнаму факту праводзілася праверка, каб высветліць дарослых асоб, якія ўцягвалі непаўналетніх у распіццё спіртных напіткаў. Выклікаліся на адміністрацыйную камісію і панеслі адказнасць 23 (у 2009 годзе – 39) дарослыя, да кожнага прыняты штрафныя санкцыі – па 350 тысяч рублёў. Адначасова праводзілася работа па выяўленню асоб, якія сістэматычна ўцягвалі непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны. Выяўлены два такія фігуранты – Д. Вязаў і Д. Звярынскі, у адносінах да апошняга ўзбуджалася крымінальная справа.

У мінулым годзе супрацоўнікі міліцыі актывізавалі работу па выяўленню фактаў рэалізацыі алкагольнай прадукцыі непаўналетнім у прадпрыемствах гандлю розных форм уласнасці. Калі ў 2009 годзе былі выяўлены толькі 4 выпадкі, то летась ужо 11 парушэнняў. Такім чынам “вызначыліся” 8 магазінаў райспажыўтаварыства (“Мерыдыян”, “Сузор’е”, “Мінскі край”, “Ветразь” у райцэнтры, у вёсках Яцкава, Сівіца, Доры і Сугвазды), прыватны магазін “Ганна” ў Івянцы, а таксама кафэ “Лясное” і “Стары Ракаў”. Даныя факты былі разгледжаны на адміністрацыйнай камісіі, і работнікі аштрафаваны па 700 тысяч рублёў кожны. Якія санкцыі прымяніла кіраўніцтва райспажыўтаварыства да такіх гора-прадаўцоў, невядома. Канкрэтнага адказу так і не дабіліся. Не пазбаўлены адзначаныя крамы і ліцэнзіі на права рэалізацыі алкагольнай прадукцыі.

Дапаўненні па рабоце міліцыі ў гэтым накірунку ўнёс начальнік РАУС І. У. Шакун, які прапанаваў разнастаіць меры прафілактыкі па барацьбе з дзіцячай алкагалізацыяй.

Нераўнадушна ўспрымалі гэтыя лічбы члены камісіі. Былі выслуханы ўсе меркаванні. Вырашана ў далейшым пры выяўленні асоб, што ўцягваюць непаўналетніх у распіццё спіртных напіткаў, ці тых, хто набывае ім вінна-гарэлачныя вырабы, у абавязковым парадку паведамляць пра іх супрацьпраўныя дзеянні па месцы работы ці вучобы, а не абмяжоўвацца штрафнымі санкцыямі. Больш сур’ёзна падыходзіць да выдачы ліцэнзій на гандаль алкагольнай прадукцыяй, у выпадках паўторнага парушэння, пазбаўляць гандлёвыя кропкі ліцэнзій.

Вострая палеміка разгарнулася падчас абмеркавання пытання, дзе і як бавіць падлеткам вольны час, пра апошнія змяненні, прынятыя ў заканадаўстве, па знаходжанню на дыскатэках толькі да 22 гадзін. Была заслухана справаздача прадстаўніка аддзела адукацыі А. М. Грыбоўскай. А потым дадзена слова дырэктарам навучальных устаноў, дзе за мінулы год учынена падлеткамі больш за ўсё правапарушэнняў. Гэта кіраўнікі Івянецкай, Ракаўскай СШ, сярэдняй школы № 2 райцэнтра і сельскагаспадарчага ліцэя. Калі ўжо ў Валожыне і Івянцы адчуваецца востры недахоп месцаў адпачынку моладзі, тых жа камп’ютарных клубаў, спартыўных секцый і гурткоў для юнакоў, то што гаварыць пра сельскія населеныя пункты. Там адна дарога да забаў – Дом культуры…

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий