Сорак з плюсам – узрост спартыўны

У Івянцы прайшоў другі рэспубліканскі сяброўскі адкрыты турнір па валейболе сярод каманд “40+” з гучнай назвай “Мы служылі ў СССР”.      

     На гэты раз ветэранскія калектывы ў гарадскі пасёлак накіравалі Мінск, Заслаўе, Дзяржынск, Стаўбцы, Ашмяны, Маладзечна, Вілейка, Ракаў, Валожын. Самі гаспадары таксама прадэманстравалі свае здольнасці. Дарэчы, у склад івянецкай каманды ўвайшоў пракурор Мінскай вобласці Васілій Сяргеевіч Пашковіч, які з’яўляецца арганізатарам спартакіяды сярод работнікаў пракуратуры Міншчыны і ўжо працяглы час супрацоўнічае з івянчанамі.

На чале карыснай справы – настаўніцка-бацькоўскі спартыўны клуб Івянца, які ў бягучым годзе адзначае сваё 20-годдзе. Адным з кірункаў дзейнасці заснавальнікі нефармальнага аб’яднання азначылі работу з дзецьмі па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін і прапагандзе здаровага ладу жыцця. Выхаванцы сярэдняй школы прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства. Канцэртныя нумары ў іх выкананні сталі ўпрыгожаннем урачыстага адкрыцця. Вялікая заслуга ў гэтым належыць кіраўніку харэаграфічнага гуртка “Экспрэсія” Джульеце Падгоранка. Хлопчыкі і дзяўчынкі дапамагалі ў арганізацыйных момантах, судзействе, назіралі за ігрой у якасці балельшчыкаў.

Асноўная барацьба разгарнулася паміж прадстаўнікамі сталіцы, Ашмяншчыны і ракаўчанамі. У выніку ўсе яны ўзняліся на п’едэстал гонару. Пераходны кубак турніру павезла з сабой каманда “Вікторыя” з Мінска. Лідары адзначаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму. Памятныя сувеніры ад спонсараў – завода мастацкай керамікі, СП “Івкон” ААТ, жылкамунгаса – атрымалі  лепшыя прадстаўнікі кожнай каманды, а таксама самыя ўзроставыя іх удзельнікі. Напрыклад, у складзе Маладзечанскага ветэранскага калектыву быў 67-гадовы ўдзельнік – былы жыхар Валожына Аляксандр Лавіт. Судзейскай брыгадзе дапамагаў 57-гадовы Віктар Маліцкі (родам з Пяршаяў). 55 гадоў споўнілася аднаму з ігракоў Валожынскай каманды – Валерыю Карцялёву.

Ак адзначыў Генадзь Жаўток – энтузіяст спорту, выкладчык фізічнай культуры Івянецкай школы, такія сустрэчы аб’ядноўваюць маладых і сталых. Яны прадугледжваюць абмен вопытам, актыўны адпачынак і напаўненне душы самымі пазітыўнымі эмоцыямі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars