Час клапаціцца пра хараство!

Общество

    У пачатку красавіка стартуе месячнік па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый населеных пунктаў. Суб’екты гаспадарання ўключацца ў актыўную работу, накіруюць тэхніку на выяўленыя праблемныя месцы. Усё для таго, каб наша малая радзіма стала больш чыстай, прывабнай і для жыхароў Валожыншчыны, і для яе гасцей.

У райвыканкаме прынята рашэнне за № 190 ад 27 лютага «Аб навядзенні парадку на зямлі ў 2018 годзе ў Валожынскім раёне», згодна з якім складзены план мерапрыемстваў. Частка іх пачала ажыццяўляцца яшчэ ў студзені, астатнія будуць рэалізаваны на працягу года. Сярод асноўных пунктаў добраўпарадкавання нашай старонкі – маштабныя работы ў сельскагаспадарчым сектары, барацьба з распаўсюджаннем інвазіўных відаў раслін (у прыватнасці, баршчэўніку Сасноўскага), прыцягненне невыкарыстоўваемых зямель у гаспадарчы абарот і інш. Адказным арганізацыям прадпісана ўпарадкаваць 5 спартыўных і дзіцячых пляцовак у дварах шматпавярховак, устанавіць (адрамантаваць) 140 кантэйнерных пляцовак для смецця, у тым ліку 40 – для раздзельнага збору адходаў. Са студзеня па лістапад камунальнікі будуць займацца і рамонтам 4,18 тысячы метраў квадратных вулічна-дарожнай сеткі, правядуць рэканструкцыю газонаў. Іх калегі-дарожнікі паклапоцяцца пра своечасовую ўборку прыдарожных палос, ачыстку іх ад расліннасці і смецця. Яны запланавалі ў 2018 годзе ўстанавіць 15 малых архітэктурных форм на падведамнай тэрыторыі. Будуць упарадкаваны месцы і зоны адпачынку на водных аб’ектах, аўтамабільных паркоўках. Актыўную работу арганізуюць і члены працоўнага калектыву лясгаса. Іх задача – ажыццявіць санітарныя высечкі і ўбраць ламачча з плошчы ў 180 гектараў ляснога фонду, яшчэ 160 гектараў яны ачысцяць ад смецця, у тым ліку і стыхійных звалак. ДУП «Валожынскае ПМС» абавязуецца ачысціць ад лішняга глею 16 меліярацыйных каналаў, яшчэ 23 «вызваляць» ад непатрэбнай расліннасці. Фронт работ па добраўпарадкаванні прадугледжаны і ў іншых прадпрыемствах і ўстановах горада і раёна.

Гаспадарам прыватных падворкаў таксама варта падрыхтавацца да сезона і ўключыцца ў агульную справу навядзення чысціні. Разам зробім нашу родную зямлю прыгажэйшай!

Віктар ЯКУТОВІЧ,

начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў

і аховы навакольнага асяроддзя



Добавить комментарий