Вярхом на мары

Ініцыятыва «Развіццё інфраструктуры зялёнага маршруту «Валожынскія гасцінцы» ў Валожынскім раёне» рэалізуецца спажывецкім кааператывам па развіцці аграэкатурызму «Валожынскiя гасцiнцы» ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН). Сума фінансавання з боку Еўрапейскага Саюза складае 12418 еўра.

    Валожыншчына ўпэўнена становіцца адным з самых важных месцаў коннага адпачынку ў Беларусі. Гэты факт і з’явіўся падставай для публікацыі матэрыялу, звесткамі для якога з раённай газетай падзяліліся ўладальнікі аграэкасядзіб – удзельнікі кааператыва «Валожынскія гасцінцы».

Сапраўды, у нашым раёне створана нямала турыстычных аб’ектаў, якія спецыялізуюцца на конным турызме і адпачынку. Штогод ладзяцца шматдзённыя конныя паходы, фэсты гістарычнай рэканструкцыі з шырокім выкарыстаннем коней. Апошнім часам пачалі з’яўляцца і прыватныя музейныя экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі конегадоўлі і выкарыстанню коней у самых розных галінах гаспадаркі. Сёння мы раскажам пра тыя аб’екты вясковага турызму Валожыншчыны, якія актыўна прасоўваюць у жыццё названую ідэю. Большасць з іх сканцэнтравана ў ваколіцах мястэчка Ракаў, дзе створаны калектыўны зялёны конны маршрут.

Вярхом-на-мары-1

“Даўнім Віленскім шляхам”

Даўжыня маршруту – усяго 9,5 кіламетра, але ён не мае аналагаў у краіне, бо праходзіць па былым Мінска-Віленскім тракце, рэшткі якога ў нашым краі прадстаўляюць сабой маляўнічую лясную дарогу. Яна пралягае праз сасновыя бары, ельнікі, лугі і злучае цікавыя аграсядзібы, фермераў, рамеснікаў і людзей, якія прапагандуюць культурны турызм. Шлях перасякаюць мудрагелістыя сцяжынкі, пакрытыя густой коўдрай моху, і таямнічыя лясныя дарогі, што вабяць да рэчкі Яршоўкі. Нярэдка на дарогу выходзяць і дзікія жывёлы. Маршрут, які займае звычайна 3-4 гадзіны, быццам пераносіць вандроўніка на некалькі стагоддзяў назад. Унікальнасць яго яшчэ і ў тым, што падарожнічаюць па ім на конных дыліжансах, якія ўмяшчаюць да 30 чалавек. Існуе і больш доўгі варыянт маршруту (15 км) з праездам праз вёскі Крапіўнікі, Яршэвічы, Кісялі працягласцю ад 3 да 6 гадзін, з магчымымі прыпынкамі для дэгустацыі страў традыцыйнай беларускай кухні.

Прыцягальна для турыста і тое, што ў гасцінных гаспадароў-сяброў кааператыва можна паслухаць старадаўнюю музыку, навучыцца даўнейшым танцам, наведаць рамесніцкія майстар-класы, набыць прыгожыя кветкі, сувеніры, фермерскую прадукцыю. Прадуманы і ўзважаны падыход!

Вярхом-на-Мары-2-(Сядзіба-Коні-Поні)

Вярхом-на-Мары-5-(Сядзіба-Коні-Поні)

  Сядзіба “Коні-Поні” мае ўнікальную экспазіцыю пад адкрытым небам, якая ўводзіць турыста ў свет жывёл – як тых, што традыцыйна пражываюць на мясцовых падворках, так і незвычайных для Беларусі – страусаў, ламаў, альпакаў. Усё гэта багацце можна ўбачыць, катаючыся на конных дыліжансах па ваколіцах. А ў хуткім часе наведванне сядзібы і яе адметнасцяў будзе даступным і для інвалідаў-калясачнікаў.

Гаспадар аграсядзібы сабраў адзіную ў Беларусі поўную экспазіцыю коннага сельскагаспадарчага інвентару, ад сапраўднай сахі да конных рухавікоў.

Непадалёк размешчана і фермерская гаспадарка “Экафлора”. Турысты, пракладваючы цікавы для сябе маршрут, могуць убачыць цудоўныя кветкі і дэкаратыўныя расліны, што растуць як у Еўропе, так і ў гарачай Афрыцы…

Вярхом-на-Мары-4-(Аграэкасядзіба-Налібоцкія-васількі)

    Аграэкасядзіба “Налібоцкія васількі” размяшчаецца на ўскрайку Налібоцкай пушчы і мае магчымасць па папярэдняй дамове прымаць турыстаў на конях. Распрацоўваецца мясцовы цікавы кальцавы маршрут па Налібоцкай пушчы на 15 км. Таксама праз сядзібу праходзіць шматдзённы конны маршрут з Мінскага раёна праз Валожынскі ў Ашмянскі. А можна і ўвогуле дамовіцца на паездку на брычцы, карэце ці дыліжансе.

Гаворачы пра «Налібоцкія васількі», трэба адзначыць, што тут створаны экамузей коннага транспарту. У былой пуні сабрана прыватная калекцыя рэчаў, амуніцыі і розных прылад, звязаных з коннай гаспадаркай. Большая частка гэтых рэчаў засталася ў спадчыну ад гаспадароў, заснавальнікаў радавога гнязда Шакуноў у Белакорцы. Есць надзея, што з цягам часу экспазіцыя перарасце ў этнаграфічны музей гістарычнага профілю і будзе мець самую вялікую калекцыю вясковага транспарту і конных прылад розных эпох у Беларусі. Таксама тут можна будзе ўбачыць старыя і сучасныя фотаздымкі з выявамі коннікаў і коней, вупражы, літаратуру, прысвечаную коням і збруі.

Вандроўнікаў на конях прымаюць і арганізуюць конныя паходы таксама на сядзібе “Хутар Дудара” з экамузеем старадаўніх музычных інструментаў. Уладальнік Аляксандр Лось стаяў ля вытокаў адраджэння беларускай дуды, ліры і іншых традыцыйных музычных інструментаў, якія амаль цалкам сышлі ў нябыт. Тут жа праводзіцца навучанне старадаўнім народным танцам і абрадам, ладзяцца прадстаўленні лялечнага тэатра «Батлейка», майстар-класы па народным кавальстве, вырабах з дрэва і інш.

Аграсядзіба «Пяскі» Евы Гілевіч знаходзіцца побач з ракой Іслач і Налібоцкай пушчай. Уключае ў сябе гаспадарскі дом з выгодамі і стайню, прапаноўвае спакойны адпачынак на прыродзе, жывое знаёмства з гісторыяй навакольных мясцін і верхавой язды, утрымання коней на Беларусі ад мінуўшчыны да нашых дзён…

Вярхом-на-Мары-3-(Аграсядзіба-Засценак-Скрыплеў)

Аграсядзіба “Засценак Скрыплеў” прымае турыстаў, аматараў конных паходаў. Выдатныя краявіды тарфяных лугоў, пагоркі Віленскага ўзвышша, вялікая колькасць археалагічных і гісторыка-культурных помнікаў – вось што вабіць сюды коннікаў. Выбар умоў пражывання, лазня, летняя кухня, смачныя стравы – гэта для людзей. А сакавітая трава, невялікая лівада, побач брод – для коней. Вабіць наведвальнікаў сюды і яшчэ адна прапанова для гасцей – рамантычныя начлегі ў сапраўдных індзейскіх “ціпі” (вігвамах). І ўсё часцей коннікі робяць перапынак сярод доўгага паходу на цэлы дзень, каб даць адпачынак коням…

Да друку падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars