Заняткі, на якіх нясумна

Не сакрэт, школьнікі любяць наведваць гурткі, ці, як зараз кажуць, заняткі па інтарэсах. Ва ўстановах адукацыі іх шмат. Праўда, у сувязі з тым, што настаўніцкія калектывы складаюцца ў асноўным з жанчын, прапановы па занятасці ў пазаўрочны час задавальняюць у большай ступені дзяўчынак.

А хлопчыкі? Яны імкнуцца да тэхнікі, мадэліравання, любяць штосьці майстраваць… На жаль, спецыялістаў, якія маглі б дапамагчы займацца такімі відамі творчасці, мала. Таму апошнім часам у райцэнтры карыстаецца папулярнасцю спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа па радыёспорце. Дзейнічае яна на базе раённай арганізацыі дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “ДТСААФ”. Кіруе фарміраваннем для падлеткаў Ф. Ф. Кавалеўскі.

Фелікс Францавіч – ураджэнец Валожына, выпускнік СШ № 1. Скончыў Маладзечанскае радыётэхнічнае вучылішча. Сур’ёзна захапляўся фатаграфіяй. Падчас службы ва Узброеных Сілах давялося асвоіць спецыяльнасць радыётэлеграфіста. Прапаршчыкам трапіў у Германію, быў начальнікам сувязі артылерыйскага ракетнага дывізіёна, затым ужо ў Валожынскай брыгадзе камандзірам узвода сувязі. У Фелікса Францавіча вялікі вопыт выкладчыцкай работы – шмат гадоў займаўся падрыхтоўкай радыстаў.

На прапанову працаваць са школьнікамі ён адгукнуўся з радасцю – прыемна, калі твае вопыт і веды патрэбны. Ад выхаванцаў, як кажуць, “адбою няма”. Многія з іх ужо даволі ўпэўнена карыстаюцца азбукай Морзэ, якая патрэбна для работы “на ключы”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем расказваюць пра тое, чаму навучыліся. Калі я папрасіла пазнаёміць мяне з кодам Морзэ, навыперадкі тлумачылі, што гэта спосаб знакавага кадзіравання, прадстаўленага паслядоўнасцю сігналаў: доўгіх (працяжнік) і кароткіх (кропка).

З ахвотай расказалі юныя радыётэлеграфісты аб перадачы-прыёме кодаў, што выконваецца з дапамогай тэлеграфнага ключа, прадэманстаравалі працэс.

Назіраць за наведвальнікамі школы незвычайна цікава, асабліва, калі яны буквальна “прапяваюць” своеасаблівую азбуку (літара “А” – напеў “ай-даа”, “Е” – напеў “есть”, літара “М” напеў “маа-маа” і г. д.). На занятках заўсёды шумна – стракочуць ключы, вучні прагаворваюць свае “радыёграмы”, але Фелікса Францавіча гэта не раздражняе. Ён цярпліва адказвае на пытанні, тлумачыць новую тэму, дапамае тым, хто штосьці не зразумеў.

Нягледзячы на складаную спецыфіку, на занятках заўсёды людна. Усяго сярод выхаванцаў спецыяліста каля 60 вучняў. У асноўным гэта навучэнцы гімназіі і СШ № 1 г. Валожына. Магчыма падлеткі (вучні 4-8 класаў) пакуль не ўсведамляюць перспектыўнасць рэдкай прафесіі, якую спасцігаюць, –  ім проста цікава. А вось іх настаўнік упэўнены: нават, калі школа не будзе мець працягу ў далейшым жыцці, набытыя навыкі абавязкова акажуць карыснае ўздзеянне на фарміраванне маторыкі рук, паспрыяюць выдатнаму почырку, разаўюць памяць, слых. Карысна займацца гэтай справай і тым, хто хоча вывучаць замежныя мовы. Калі ж падлеткі вырашыць звязаць свой лёс непасрэдна з радыётэлеграфаваннем, набыты вопыт лішнім не будзе.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars