Агульны камфорт – іх прафесіянальны абавязак

Общество

У апошнюю нядзелю сакавіка камунальнікі адзначаюць сваё прафесіянальнае свята. Служба ЖКГ адказвае за важнейшыя ўмовы цывілізаванага існавання ўсяго грамадства: клапоціцца пра ўтульнасць і чысціню ў населеных пунктах, забяспечвае дамы цяплом і вадой, займаецца зборам другаснай сыравіны, аказвае шматлікія бытавыя і рамонтныя паслугі насельніцтву. І наўрад ці сёння адшукаецца чалавек, які б не меў патрэбы ў функцыянаванні камунальнай сферы.

      Напярэдадні Дня работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэдакцыя палічыла патрэбным распытаць дырэктара РУП “Валожынскі жылкамунгас” М. М. Унучака пра іх праблемы, надзённую і запланаваную работу.

Міхаіл Міхайлавіч, у кожным працоўным калектыве ёсць людзі, якія задаюць тон. Каго Вы як кіраўнік цэніце асабліва?

– Па штатным раскладзе ў нас зараз 484 работнікі. Вядома, кожнаму з іх варта было б сказаць некалькі цёплых слоў, але асабліва хачу адзначыць начальніка ўчастка саначысткі Людмілу Жалток і галоўнага энергетыка Алену Саевіч, адзіную ў вобласці жанчыну, якая так бездакорна спраўляецца з гэтай адказнай пасадай. Сярод мужчын сёлета найбольш паспяхова папрацаваў трактарыст Віктар Сівы.

    – Ці адчувае прадпрыемства кадравы голад?

– Асабліва востра стаіць праблема дэфіцыту інжынерна-тэхнічнага персаналу, але і некваліфікаваных работнікаў таксама заўсёды працаўладкуем. Некаторыя вузкія спецыяльнасці, у тым ліку сантэхнік, будуць паступова мадэрнізавацца. Зараз стаіць задача рыхтаваць шырокіх спецыялістаў па рамонце жыллёвага фонду. Неабходна, каб чалавек мог абслугоўваць даручаны ўчастак і як тынкоўшчык, маляр, сантэхнік ці муляр. Два работнікі ўжо накіраваны намі на  адпаведныя курсы.

Спадзяюся, чытачы заўважылі, што жылкамунгас з кожным годам усё актыўней выкарыстоўвае разнастайны спецтранспарт. Акцэнт на тэхнічнае абнаўленне будзе працягвацца і далей. Хутка на вуліцах райцэнтра з’явіцца новая падмятальная машына на базе “МАЗа”, закупляем некалькі аўтамабіляў для вывазу смецця.

    – Што ў камунальнай сферы раёна ўяўляе сёння найбольшую праблему?  

– Зношанасць жыллёвага фонду. Некаторыя шматпавярхоўкі ўзводзіліся больш за трыццаць гадоў назад. Яны і эстэтычна не вельмі выглядаюць, і іх тэхнічныя характарыстыкі сігналізуюць пра неабходнасць абнаўлення. Напэўна, усе чулі, што прыйдзе час, калі камунальныя паслугі цалкам будуць пакрывацца за кошт спажыўца. На цяперашні момант мы з вамі аплачваем прыкладна 70 працэнтаў. Неабходна шукаць больш танныя энегарэсурсы. Падлічана, што нядрэнную эканомію дае выкарыстанне мясцовых відаў паліва. Таму кацельні будуць перааснашчацца больш эфектыўнымі катламі, эксплуатаваць якія можна, выкарыстоўваючы газ, дровы, пялеты, шчапу і іншыя энерганосьбіты.

– Якія віды работ запланаваны на гэты год, што ў планах на будучае?

– Думаю, для жыхароў райцэнтра не сакрэт, што сёлета мы плануем запусціць у горадзе гарачае водазабеспячэнне. Гэта доўгачаканая падзея адбудзецца адначасова з пачаткам новага ацяпляльнага сезона. Больш за паўмільёна рублёў неабходна асвоіць на рамонт дамоў 39 і 33 па вуліцы Чапаева ў райцэнтры, дзе патрабуецца аднаўленне пад’ездаў, балконаў, дахаў. У Івянцы будуць адрамантаваны дамы па вуліцах 17 верасня і імя Леніна. Падаспеў час прывесці ў парадак і дом № 4 па вуліцы Савецкай у Валожыне.

Хачу запэўніць усіх: камунальнікі свае абавязкі ведаюць і гатовы зрабіць усё, каб нашы людзі жылі ў камфорце, каб на вуліцах было чыста і прыгожа. Аднак, пагадзіцеся, не ўсё залежыць і ад нас. Кожны член грамадства павінен паводзіць сябе цывілізавана: не кідаць смецце, не псаваць лаўкі і агароджы, не ламаць кусты і дрэўцы. Здзіўляе і такі факт: некаторыя грамадзяне не звяртаюцца да нас за дапамогай, а скардзяцца адразу ў вышэйстаячыя органы. Давайце ж будзем з павагай ставіцца адзін да аднаго! У выйгрышы акажамся разам…

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий