З увагай да кожнага кліента

Общество

На сённяшні дзень Валожынскі камбінат бытавога абслугоўвання — шматгаліновае прадпрыемства, якое аказвае насельніцтву 19 відаў паслуг, 11 з іх – сацыяльна значныя. Дзейнасць накіравана на паляпшэнне якасці выпускаемай прадукцыі, асваенне новых відаў паслуг і забеспячэнне іх даступнасці для кожнага жыхара раёна.

У 2018 годзе перад работнікамі прадпрыемства стаяць задачы па выкананні прагнозных паказчыкаў, павышэнні эфектыўнасці вытворчасці, зніжэнні выдаткаў, забеспячэнні прыбытковасці працы.

Зразумела, што ўсё, што звязана з абслугоўваннем насельніцтва, патрабуе не толькі культуры ўнутранай і знешняй, але і душэўнага падыходу да кожнага кліента. Непасрэдна ў камбінат і ў сельскія комплексныя прыёмныя пункты людзі звяртаюцца, каб адрамантаваць абутак, адзенне, мэблю, тэлерадыёапаратуру, бытавую тэхніку, здаць бялізну ў пральню, зрабіць фотаздымкі, хімічную чыстку адзення, насценных і падлогавых дываноў і пакрыццяў, пуха-пёравых вырабаў, пашыць адзенне па індывідуальным заказе, змалоць зерне і, наогул, зрабіць тое, што чалавеку без дапамогі тэхнікі проста не пад сілу.

За 2017 год найбольшы аб’ём аказаных насельніцтву паслуг атрыманы ад цырульні. Тэмп росту выручкі ў супастаўных цэнах склаў 103,2%. Кіраўніцтва робіць усё дзеля таго, каб кожны кліент застаўся задаволены. Бытавікі пастаянна ўкараняюць новыя віды паслуг. Нядаўна быў заключаны дагавор з індывідуальным прадпрымальнікам, які працуе з прафесіянальнай касметыкай. Наведвальнікі сустрэлі гэту навіну з радасцю, бо цяпер у Доме быту можна атрымаць поўны комплекс паслуг, каб добра выглядаць на карпаратыўным свяце або сямейнай урачыстасці. Вопытныя цырульнікі, майстар манікюру і візажыст нададуць той вобраз, які неабходны кліенту для канкрэтнага выпадку.

Сёлета ў камбінаце вельмі сур’ёзна падышлі да работы пральні. Прадпрыемства прыняло ўдзел у некалькіх тэндарах, дзе было прызнана пераможцам. Упершыню паслугамі стала карыстацца воінская часць 30695, а таксама “Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў” Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, што знаходзіцца ў вёсцы Гарані Мінскага раёна. Бытавікі зноў пачалі абслугоўваць Валожынскую ЦРБ. Цяпер у пральні за месяц мыецца да 13 тысяч кілаграмаў бялізны. Гэта сур’ёзныя аб’ёмы. Дзякуючы вышэйсказанаму былі створаны 3 новыя рабочыя месцы.

З задавальненнем пакупнікі набываюць швейныя і трыкатажныя вырабы, што выпускаюць на камбінаце. Самымі папулярнымі з’яўляюцца пасцельная бялізна, рабочае адзенне, безрукаўкі, курткі, трыкатажныя камплекты. На сённяшні дзень швейны цэх загружаны работай, аказвае паслугі як прыватным, так і дзяржаўным структурам. Каб крочыць у нагу з часам пастаянна распрацоўваюцца новыя мадэлі аддзення. Да вясенняга сезона падрыхтавана калекцыя куртак і безрукавак. У наяўнасці ёсці даволі вялікі асартымент плашчовай тканіны для тых, хто хоча зрабіць індывідуальны заказ. РКБА пастаянна ўдзельнічае ў розных выставах і кірмашах, практыкуе выязны гандаль як у сталіцу, так і ў іншыя населеныя пункты Мінскай вобласці, а таксама за яе межы, дзе шырока прапануе швейную прадукцыю ўласнай вытворчасці.

Напярэдадні прафесійнага свята работнікі Валожынскага камбіната бытавога абслугоўвання прынялі ўдзел у фінале абласнога конкурсу fashion-дызайну “Модны сілуэт”, які прайшоў у Заслаўі. 23 калекцыі аддзення прадэманстравалі лепшыя тэхнолагі, канструктары і швачкі Мінскай вобласці. Паказ стаў вынікам іх творчай працы. У намінацыі «Prеt-à-porter» (штодзённае адзенне) калекцыя “Чырвонае і чорнае” валожынскіх майстроў заняла 3-е месца. Раённы камбінат бытавога абслугоўвання саступіў двум буйным калектывам: ААТ “Слуцкая фабрыка пашыву адзення” і ААТ “Барысаўбытсэрвіс”.

Калекцыя “Чырвонае і чорнае” ўразіла журы выбарам разнастайных вырабаў з трыкатажнай тканіны. Былі прадстаўлены касцюмы, сукенкі, жакеты, кардыганы. Валожынцы знайшлі ідэальны баланс паміж функцыянальнасцю і вытанчанай эстэтыкай, зручнасцю і прыгажосцю. Спалучэнне чорнага і чырвонага колераў выдатна глядзелася ў элегантных і прыгожых камбінацыях. Калекцыя выглядала цэласна, бо ўсе вобразы ідэальна гарманіравалі паміж сабой.

Над мадэлямі будучых вырабаў працавалі калектывам. Кожны ўдзельнік конкурсу ў першую чаргу сам прадумваў касцюм, у якім пасля выйшаў на подыум. Вельмі многае залежала ад закройшчыцы І. М. Таўгень. У пашыве касцюмаў быў задзейнічаны ўвесь швейны цэх. Максімум работы лёг на плечы А. І. Мышлён. Блузы для дзяўчат пашыла А. Ч. Кушаль. Агульныя намаганні прывялі да сапраўднага поспеху на паказе калекцыі.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий