Позірк у неба

Позірк-у-неба

     Вера Сямёнаўна АНУШЭЎСКАЯ – вядомы на Валожыншчыне чалавек. Многія гады жыцця  яна прысвяціла нетрывіяльнай справе – вывучэнню прыродных з’яў. У працоўнай кніжцы мае адзіны запіс.

Тое, што дзяўчына з Капусціна здатная да розных навук, ведалі і бацькі, і настаўнікі. Яна сябравала амаль з усімі школьнымі прадметамі, што, дарэчы, ускладняла выбар будучай прафесіі. Паступова выспела рашэнне стаць медыкам. Хацела нават пасля сёмага класа ісці вучыцца на медсястру, ды маці не пусціла – шкадавала дачушку. Пазней цётка, што жыла ў Маскве, прапаноўвала ажыццявіць пераезд да яе, абяцала падтрымку пры паступленні і вучобе ў медінстытуце. Аднак сямейныя абставіны і адсутнасць у яе характары авантурызму не дазволілі прыняць прапанову. Вырашыла паступаць у тэхнікум электрасувязі, але не склалася…

У адрозненне ад сваіх сябровак дзяўчына не была апантаная марамі пра хуткі шлюб. Але, як высветлілася, у аднаго з самых шыкоўных мясцовых жаніхоў наконт юнай прыгажуні меўся ўласны разлік. Івана Анушэўскага моцна паважала матуля нашай гераіні. У той час адукаваны малады чалавек ужо ўзначальваў раённую метэастанцыю. Ён скончыў гідраметэаралагічную школу ў Растове-на-Доне, што рабіла яго эксклюзіўным спецыялістам. Іван бачыў сваёй нарачонай толькі Веру. Вяселле адбылося. Нявеста сама вышыла вясельны ручнік, які і зараз старанна захоўвае, як святую сямейную рэліквію.

У кастрычніку 1959 года стала супрацоўнікам метэастанцыі. Спачатку была наглядальнікам, пасля асвоіла работу тэхніка-метэаролага. Шмат гадоў працавала на гэтай пасадзе, а ў 1997 годзе давялося ўзначаліць калектыў, які страціў шматгадовага лідара – раптоўна пайшоў з жыцця І.  І. Анушэўскі.

“Шлях у рэдкую прафесію мне паказаў муж. Менавіта ён доўгі час быў настаўнікам і непасрэдным кіраўніком. Сам лічыўся прафесіяналам з вялікай літары, умеў так “падсадзіць” людзей на работу, што нават спецадукацыя была не патрэбна. Я ж і сапраўды аказалася здольнай. З лёгкасцю скончыла тую ж навучальную установу, што і Іван. Напэўна таму, што было па-сапраўднаму цікава”, –  успамінае суразмоўца. Шкада, але сыны не пайшлі па слядах бацькоў. Тым не менш, агульны стаж сямейнай дынастыі Анушэўскіх у метэаралогіі (абедзве нявесткі таксама працуюць у дадзенай сферы) складае 100 гадоў.

Прыродныя з’явы – цэлы свет, дзівосны і неадназначны. Праўда, каб адолець гэту навуку патрэбны час і жаданне. За ўсё прафесійнае жыццё столькі разоў і днём, і ноччу ўглядалася ў неба, што прывыкла бачыць у ім не толькі прадметы для вывучэння (аблокі, ападкі, сонца, зоры), але і небывалыя вобразы, што лашчаць вока. Яна – вялікая прыхільніца ўсяго прыгожага ўвогуле. Гэта тычыцца людзей, з’яў, мастацкіх твораў. Не дзіва – сама мастачка. Яе вышытыя гладдзю абрусы, ручнікі, сурвэткі ўражваюць буйствам колераў і ўзроўнем якасці. Калісьці разам з матуляй займаліся ткацтвам. Большасць вырабаў раздарылі, але самыя любімыя, як памяць аб родным чалавеку – разумнай і добрай жанчыне, удзячная дачка і вучаніца старанна захоўвае.

Вера Сямёнаўна – чалавек без узросту. Побач з ёй аднолькава ўтульна і маладым, і пажылым. Яна на “ты” з сучаснай тэхнікай, захапляецца літаратурай, навінамі навукі і палітыкі. Шкада, што здароўе не дазваляе падарожнічаць, а то б з радасцю наведала многія загадкавыя мясціны. Зрок апошнім часам таксама падводзіць, але чытаць для яе – як дыхаць, таму знайшла выйсце – любімыя творы Я. Коласа, І. Шамякіна, У. Караткевіча і навукова-папулярны часопіс “Планета” чытае пры дапамозе лупы.

Ёсць людзі, пасля размовы з якімі ўзнікае ўражанне, быццам дыхаць стала лягчэй. Здаецца, што недзе ў душы адкрыліся тысячы вачэй, якія бачаць усё неяк інакш, больш правільна і не так безнадзейна, як здавалася. Вера Сямёнаўна – з такіх. Яе меркаванні заўсёды грунтоўныя, парады – слынныя, а цікаўнасць – ніколькі не марная. Калі яна запытала пра справы, можна быць упэўненым: шчыра непакоіцца. Ёй характэрна сумнявацца ў сабе, а вось у людзей, іх лепшыя якасці і памкненні верыць бяспрэчна. “Мне лёс шчодра дорыць зносіны з сапраўднымі асобамі, ад якіх пастаянна набіраюся мудрасці, вучуся. Яны дапамагаюць не страціць прагу да жыцця”, – прызнаецца жанчына, чый аўтарытэт сярод жыхароў нашага горада перацаніць немагчыма.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars