Спіце, родныя, спіце…

Патрыятычная акцыя, прысвечаная памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, прайшла на Валожыншчыне. Трагедыі, падобныя да хатынскай, мелі паўтор і на нашай зямлі. 64 вёскі і сотні хутароў разам з жыхарамі спалены фашыстамі за час акупацыі. Памяць аб бязвінных ахвярах увекавечана на мемарыяльным комплексе у Дорах. Помнікі ўстаноўлены ў Лапіцы, Кражыне і іншых населеных пунктах…

Жудасным падзеям у Кражыне, таксама як і тым, што адбыліся ў Хатыні, у бягучым годзе спаўняецца 75 гадоў. У далёкім 1943-м тут былі забіты і спалены 211 мірных жыхароў, у тым ліку – 33 дзіцяці. Вяскоўцы, западозраныя немцамі ў сувязі з партызанамі, нават у страшным сне не маглі прадбачыць, наколькі лютую долю падрыхтавалі ім нелюдзі ў чалавечым абліччы. Пазней жыхары суседніх населеных пунктаў раскажуць, што напярэдадні расправы па дварах хадзіла незнаёмая жанчына і папярэджвала гаспадароў. Аднак простыя сяляне думкі не дапусцілі, што яе словы могуць быць праўдай. Ды і куды маглі кінуцца яны цэлай вёскай? У лес, на балота? З дзецьмі, старымі, скацінай, хатнім скарбам? “Не, мяне не будуць чапаць, я ж нічога не зрабіў”, – напэўна прыблізна так разважаў кожны ў той час, калі прысуд ад варвараў ужо быў падпісаны…

Марыі Адамаўне Казак у 1943 годзе споўнілася восем гадоў. У той час дзяўчынка з бацькамі жыла на адным з навакольных хутароў. Сёння яна шмат што можа ўзгадаць аб тым страшным дні. Карнікі “дзейнічалі” зладжана і аператыўна. Загнаўшы людзей у хлеў, давалі аўтаматную чаргу і запіхвалі новую партыю. Гвалт, крыкі, стогны… Чалавек са здаровай псіхікай і ворагу не пажадае прыняць мучэнні, праз якія перад смерцю давялося прайсці нашым землякам. Бабуля Марыя расказвае так падрабязна, што здаецца, было тое ўчора: “Непадалёк на полі араў зямлю мужчына. Ён быў не з Кражына, але яго таксама схапілі. Жонка пабегла вызваляць, і яе – туды. Пажылая маці чамусьці вырашыла, што ўпросіць немцаў адпусціць сына і нявестку, кінулася да хлява. Не паслухалі… Двое хлопчыкаў засталіся сіротамі, гадаваліся ў чужых людзей”. Не паспеў развеяцца едкі дым, як карнікі рушылі далей па нашай зямлі. І той, хто страляў, і той, хто ліў бензін, і той, хто падпаліў запалку, – усе яны змаглі есці, піць, спаць… Магчыма некаторыя знайшлі сваю смерць на чужой, спаганенай імі зямлі, а былі ж і тыя, хто вярнуўся дадому і здолеў жыць далей. Страшна… Пажылая жанчына не першы раз дзеліцца цяжкімі ўспамінамі, але ж зноў і зноў не можа стрымаць слёзы – таксама, як у свой час Іосіф Іосіфавіч Камінскі – адзіны жыхар Хатыні, які застаўся жывым і кожны раз, расказваючы пра перажытае, плакаў. Аб экскурсіі з яго ўдзелам узгадала супрацоўнік музея Ніна Уладзіміраўна Бобрык. Юная студэнтка ўражанні ад сустрэчы са сведкам трагедыі пранесла праз дзесяцігоддзі.

Мясцовыя жыхаркі Вера Аляксееўна Морская і Марыя Фёдараўна Пракапенка – яшчэ маладыя жанчыны. На шчасце, яны не зведалі жахаў, што выпалі на долю іх сваякам, але боль за дзядуляў, бабуль, цётак, дзядзькаў, стрыечных брацікаў, сястрычак зноў і зноў кліча іх прыйсці сюды, на могілкі, якія здалёк нагадваюць невялікі астравок.  На помніках, нібы прылепленых адзін да аднаго, – імёны, прозвішчы, даты. Семдзесят гадоў, сорак, сем, годзік… Яны гінулі, шчыльна прыціснутыя адзін да аднаго, і вось ужо восьмае дзесяцігоддзе  спяць побач.

Помнік у выглядзе жанчыны, што схілілася над зямлёй, у якой знайшлі супакой дарослыя і дзеці, устаноўлены ў 1961 годзе. Нядаўна з’явілася алея памяці. За месцам гібелі мірных жыхароў прыглядаюць іх родныя і зусім чужыя людзі. Прыязджаюць экскурсіі, наведваецца моладзь, бываюць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Тут заўсёды ціха, толькі вецер калыша дрэўцы, пасыпае магілы то снегам, то пажоўклым лісцем, і, здаецца, у любое надвор’е можна пачуць яго ціхі шэпт: “Спіце, родныя, спіце…”

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч, спецыяліст Ганна Міхайлаўна Канановіч, дырэктар краязнаўчага музея Наталля Паўлаўна Лоўчая, дырэктар раённай бібліятэкі Ірына Міхайлаўна Зенька, першы сакратар РК БРСМ Юлія Фёдараўна Лагуціна, работнікі ўстаноў культуры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый усклалі кветкі да помніка, у хвіліне маўчання схілілі галовы перад памяццю аб загінуўшых. Кожнае слова, што гучала ў гэтыя імгненні, вярэдзіла душы, усведамленне таго, што і сцэнарысты, і рэжысёры, і галоўныя выканаўцы  ў той п’есе жахаў – людзі, выклікала адчай.

Акцыя мела працяг у раённым Цэнтры культуры, дзе супрацоўнікі музея ладзілі гадзіну памяці “Хроніка палаючых вёсак Валожыншчыны”, арганізавалі паказ тэматычнай прэзентацыі. У гэты ж дзень мітынг-рэквіем адбыўся у Дорах на мемарыяле “Загінуўшых чакаюць вечна”. Установы адукацыі раёна таксама адгукнуліся на жалобную дату – 75-годдзе хатынскай трагедыі – памятнымі мерапрыемствамі. Асноўная думка, што аб’ядноўвае ўсе гэтыя падзеі: вайна – гэта страшна, ніхто не мае права на бясчынствы, што дазволілі сабе фашысты і якія дагэтуль помніць кожная пядзя беларускай зямлі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Спіце,-родныя,-сп1

Спіце,-родныя,-спіце..

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars