Небяспека ў сацыяльных сетках

121816_030576986443

З 19 па 23 сакавіка ва ўстановах адукацыі Валожынскага раёна праходзіў тыдзень Інтэрнэт-бяспекі. З гэтай нагоды работнікі Валожынскага дзяржаўнага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра інфармавалі бацькоў аб пагрозах для дзяцей ў Інтэрнэце, знаёмілі з гісторыяй пытання бяспекі ў сетцы, расказвалі пра розныя віды інтэрнэт-пагроз і спосабы іх пераадолення, вучылі працаваць з праграмамі «бацькоўскага кантролю». Дарослым былі прадастаўлены інфармацыйныя матэрыялы па псіхалогіі падлеткаў і рэкамендацыі па паляпшэнні ўзаемаадносін, па стварэнні бяспечнага асяроддзя.

Сацыяльныя сеткі ўжо даўно занялі сваё месца ў нашым жыцці. Шмат хто з нас проста не ўяўляе сабе дзень без таго, каб не зазірнуць на старонкі і не праверыць навіны ад сяброў, любімых суполак. Мы не будзем падрабязна спыняцца на вартасцях і недахопах анлайн-жыцця. Пагаворым аб небяспецы, якая падпільноўвае ў “сусветным павуцінні” дзяцей і неасцярожных дарослых.

Калі ў вашага дзіцяці ёсць старонкі ў сацсетках або блог, варта надаць увагу і гэтаму боку яго жыцця. Ашуканцы і зламыснікі выдатна карыстаюцца перавагамі Інтэрнэту, дзе можна замаскіравацца пад іншую асобу і ўвайсці ў давер. Сустракаецца ўсё больш выпадкаў, калі за дзецьмі сочаць, вымагаюць грошы шантажом або падманам, прызначаюць афлайн-сустрэчы, выпытваюць розныя звесткі пра сям’ю (напрыклад, паролі ад банкаўскіх картак), каштоўныя рэчы, якімі валодаюць бацькі. У махляроў шмат спосабаў дасягнуць сваёй мэты. Поўная забарона на зносіны анлайн – малаэфектыўны спосаб абароны. З такім жа поспехам можна не дазваляць падлеткам выходзіць на вуліцу. Нашмат лепш расказаць яму, як правільна весці свае акаўнты і не трапляцца на інтэрнэт-правакацыі.

Што трэба ведаць аматарам сацыяльных сетак?

Калі да дзіцяці прыйшоў запыт на даданне ў сябры ад чалавека, якога ён асабіста не ведае, хай уважліва вывучыць профіль гэтага карыстальніка: што ён там піша, ці ёсць асабістыя фатаграфіі, хто ў сябрах і г. д. Пры сумненнях – не дабаўляць у сябры.  У сваім акаўнце ўказваць мінімум асабістай інфармацыі, не размяшчаць хатні адрас і нумар тэлефона. Нельга пісаць, што ўся сям’я з’ехала на дачу на тыдзень. Інфармацыю пра сям’ю ні ў якім разе нельга выдаваць новым сябрам. Дзеці любяць фатаграфавацца і выстаўляць свае здымкі ў акаўнты сацсетак. Раскажыце, што нельга рабіць залішне адкрытыя фота і здымкі, на якіх бачныя каштоўныя прадметы ў доме. Таксама небяспечна пазначаць сваю геалакацыю. На жаль, выпадкі, калі дзяцей выкрадаюць, карыстаючыся такой інфармацыяй, – сённяшняя рэальнасць. У Інтэрнэце ёсць розныя людзі: ад асоб з псіхічнымі расстройствамі да забойцаў. Не варта рабіць сябе адкрытай мішэнню. Нельга пагаджацца на сустрэчы афлайн, куды запрашаюць незнаёмцы з сацсетак.

Любы акаўнт могуць узламаць і ад вашай асобы рассылаць спам або скарыстацца асабістай інфармацыяй. Лепшая абарона – двухфактарная ідэнтыфікацыя, якую можна ўключыць у настройках акаўнта. Пры ўваходзе на асабістую старонку ад вас запатрабуюць яшчэ і код пацверджання, што прыйдзе на тэлефон. Пароль трэба перыядычна мяняць. Нельга выкарыстоўваць адзін і той жа пароль для розных акаўнтаў. Не думайце, што ваша старонка нікому не патрэбна, таму што там няма нічога цікавага. Яе могуць узламаць проста дзеля цікавасці, рассылкі спаму.

Яшчэ адна актуальная небяспека – кібербулінг – траўля ў сацыяльных сетках. Карыстальнікі могуць зладзіць сапраўдны тэрор дзіцяці, які нечым вылучыўся ці не дагадзіў ім. У ход ідуць здзекі, высмейванні, паклёп, і ўсё гэта выносіцца на публіку. Не варта недаацэньваць такі від ганення, бо справа можа зайсці занадта далёка і прывесці да самагубства ахвяры. Важна, каб дзіця не ўтойвала ад бацькоў, што яно стала мішэнню ў Інтэрнэце. Абавязкова захавайце ўсе сведчанні нападак для звароту ў праваахоўныя органы. Часта самымі ўразлівымі для злачынцаў і агрэсараў становяцца тыя дзеці, якія страцілі даверныя адносіны з бацькамі. Яны імкнуцца знайсці сабе сяброў, і Інтэрнэт – адзін з папулярных метадаў зносін.

Каб пазбегнуць небяспекі, бацькам у першую чаргу патрэбна наладзіць адносіны з дзіцем, забяспечыць яго эмацыянальную падтрымку і расказаць, што ў сацыяльных сетках, як і ў рэальным жыцці, неабходна быць асцярожным.

Ірына ШАКУН,

педагог-псіхолаг Валожынскага раённага СПЦ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars