Юбілей мужных

019052_235681

     Старшыня раённай структуры грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Рыгор Мікалаевіч Русакевіч прыняў удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 25-годдзю з дня засваення арганізацыі. Урачысты сход, які адбыўся ў сталічным Доме культуры ветэранаў, сабраў актывістаў БСВВА з усей рэспублікі. Прэзідэнт краіны накіраваў удзельнікам пасяджэння віншаванне. А. Г. Лукашэнка адзначыў іх уклад у захаванне адзінства і згоды ў грамадства Беларусі, выхаванні падрастаючага пакалення.

Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Андрэй Раўкін звярнуўся да мужных людзей са словамі пашаны і ўдзячнасці за ўмацаванне нацыянальнай бяспекі і патрыятычнае выхаванне моладзі. Старшыня грамадскага аб’яднання Валерый Гайдукевіч падчас выступлення закцэнтаваў увагу прысутных на надзённых пытаннях, якія апошнім часам даводзіцца вырашаць актыву аб’яднання. Былі агучаны таксама моманты, што вызываюць клопат і пэўную занепакоенасць. Напрыклад, зараз поўным ходам ідзе абмеркаванне некаторых змяненняў у парадку вызначэння інваліднасці, магчымая карэкціроўка закона аб ветэранах. Сярод гасцей былі таксама старшыня Украінскага саюза ветэранаў Афганістана, Герой Украіны Сяргей Чэрвонапіскі і старшыня Літоўскага дабрачыннага фонду інвалідаў вайны ў Афганістане Аляксандр Літвіненка. Пасля афіцыйнай часткі адбыўся канцэрт з удзелам групы “СССР” і ўзорнага ансамбля Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўнік Валожыншчыны на высокім форуме Р. М. Русакевіч падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з калегамі: “У нас была магчымасць абмеркаваць пытанні, што хвалююць кожнага “афганца”. Для людзей, чый лёс яшчэ ў маладым узросце апаліла вайна, падтрымка таварышаў і дзяржавы аднолькава неабходная. У першую чаргу яе чакаюць тыя, хто быў цяжка паранены ў час выканання інтэрнацыянальнага абавязку. Многія атрымалі групы інваліднасці ўжо пазней у выніку пагаршэння здароўя, звязанага са старымі ранамі. Сёння існуе сістэма пэўных ільгот. Гэта прыбаўка да пенсіі, магчымасць праходзіць санаторна-курортнае лячэнне, раз у год браць дадатковы адпачынак. Ёсць надзея, што пералік гэты будзе пашыраны”.

Тэба заўважыць: воіны-інтэрнацыяналісты ў беларускім грамадстве лічацца годнымі пераймальнікамі слаўных традыцый ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Сем прадстаўнікоў Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, пяць атрымалі падзякі Прэзідэнта. Валожынскія “афганцы” (60 чалавек) уносяць значны ўклад у развіццё раёна. Гэта, як правіла, лепшыя работнікі, сціплыя і адказныя людзі. Многія з іх мужна змагаюцца з жыццёвымі праблемамі, корань якіх там – на далёкай зямлі Афганістана. Прыцягваць да сябе ўвагу, ганарыцца сваімі баявымі заслугамі, патрабаваць штосьці – гэта не пра іх. Між іншым, 22 нашы землякі з’яўляюцца ўладальнікамі ордэнаў Чырвонай Зоркі, медалёў “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За службу Радзіме”, “За выдатную воінскую службу”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars