Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

У перыяд з 13 па 15 сакавіка, калі прыйшло пацяпленне і было зафіксавана значнае таянне снегу, у дзяжурную службу РАНС паступілі паведамленні аб падтапленнях прысядзібных участкаў, надворных пабудоў і падвалаў у населеных пунктах і садовых таварыствах.

З просьбай аб дапамозе звярталіся жыхары райцэнтра, аграгарадка Ракаў, гарадскога пасёлка Івянец, вёсак Яршэвічы і Забрэззе. Прычынай падтаплення сталі менавіта талыя воды. На ліквідацыю такіх паследкаў выратавальнікі выязджалі ўжо дзесяць разоў.

 

У бібліятэцы сельскагаспадарчага ліцэя прайшла сустрэча членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК з навучэнцамі розных курсаў гэтай установы. Мерапрыемства “Душы маёй натхненне” было прымеркавана да Сусветнага дня паэзіі.

У госці да ліцэістаў завіталі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч і Аляксандр Грынкін, паэты Надзея Агіевіч і Наталля Жызнеўская. Падчас сустрэчы па-новаму паглядзелі юнакі і дзяўчаты на намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірыну Сцяпанаўну Жытарук і бібліятэкара Людмілу Садоўскую, якія таксама з’яўляюцца членамі “Руні”. Мясцовыя паэты расказвалі пра сябе, успаміналі юнацкія гады, калі пачыналі пісаць вершы, чыталі ўласныя творы.

 

Маянэз “Дамашні”, які не так даўно пачалі вырабляць у кулінарным цэху аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства, карыстаецца попытам у спажыўцоў.

Адна партыя складае 10 кілаграмаў. Спачатку яго расфасоўвалі ў тару ёмістасцю 800 грамаў, потым з’явіліся крыху меншыя ўпакоўкі – 400 грамаў. Улічваючы пажаданні пакупнікоў, набылі і зусім невялікія пластыкавыя ёмістасці – 200 грамаў. Рэалізуюць маянэз у фірменным магазіне “Мясная лаўка”, які больш вядомы валожынцам, як “Глобус”, а таксама на перадсвяточных кірмашах.

З 3 красавіка прыбавіцца работы ў кулінараў і кандытараў: адкрываецца сезон выязнога гандлю. Цялежка-латок з гарачымі піражкамі з розным начыннем, беляшамі і чабурэкамі зойме звыклае месца ля РЦК. Ці складзе мясцовая прадукцыя канкурэнцыю “грузінскай выпечцы”, якой пачалі гандляваць у ларку ля Універмага, пакажа час. Радуе ўжо тое, што ў гараджан і гасцей горада будзе выбар.

 

21 сакавіка ў свеце адзначаўся Міжнародны дзень чалавека з сіндромам Даўна. Напярэдадні ў Мінску прайшла ўнікальная фотасесія з удзелам маладых жыхарак Валожына – 16-гадовай Ганны Рай і 18-гадовай Настассі Саўчук. Дзяўчаты сталі мадэлямі для дэманстрацыі ўпрыгажэнняў маладога беларускага дызайнера Ксюшы Maеўскай. Такую фотасесію арганізавала каманда праекта “Асаблівая прыгажосць”.

Мэта праекта паказаць, што асаблівыя дзяўчаты мараць пра тое, што і іх равесніцы таксама жадаюць выглядаць прыгожа і прывабна. Ідэя нарадзілася ў псіхолага тэрытарыяльнага цэнтра Алены Жданюк падчас навучання ў стартап-школе праекта Еўрасаюза “Валожын без бар’ераў”. Праект падтрымала першая беларуская мадэль, хворая на ДЦП, Ангеліна Уэльская, якая прыехала і дала майстар-клас будучым мадэлям.

 

    31 сакавіка адбудзецца падвядзенне вынікаў штогадовага раённага літаратурнага конкурсу “Маладыя галасы-2018”, які праводзіцца пад эгідай народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”.

Сёлета ўдзельнікам прапанавана дасылаць свае вершы, прозу, эсэ па наступных намінацыях: “Па вашых сцежках ходзім сёння мы…” (да 210-годдзя В. Дуніна-Марцінкевіча і 125-годдзя К. Буйло), “Табе, мой краю родны!”, “І страпянулася птушкаю сэрца”, “На жартоўнай хвалі”. Палажэнне аб конкурсе было адпраўлена ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і асобна ва ўсе ўстановы адукацыі. Першымі работы на конкурс даслалі юныя творцы з Багданаўскай, Суднікаўскай, Івянецкай сярэдніх школ.

 

У Нацыянальнай бібліятэцы ў сталіцы праходзіў урачысты сход, прысвечаны Дню работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэспублікі.

Да ўдзелу ў канцэртнай праграме з кожнай вобласці былі адабраны па два чалавекі. Міншчыну прадстаўляў аператар ачышчальных збудаванняў з Івянца Анатоль Нядзвецкі. Песняй з рэпертуару А. Малініна “Берагі” ён пакарыў гледачоў.



Добавить комментарий