Захапленне для душы

Захапленне-для-душы-1

У памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” працуе выстава па ткацтве бісерам “Фантазія + Майстэрства”. Нядаўна адбылася творчая сустрэча з яе аўтарам Алесяй Сяргееўнай КУХАРОНАК.

Родам наша гераіня з Маладзечна. З маленства была апантаная творчасцю, душа дзяўчынкі цягнулася да прыгажосці. Бацькі падтрымлівалі захапленне дачкі і адправілі яе вучыцца ў гімназію-каледж мастацтваў.

Аднойчы, убачыўшы работы з бісеру, Алесі захацелася самой навучыцца гэтаму, але нічога падобнага ва ўстанове адукацыі прапанаваць не маглі. Дапамагла маці, якая прынесла трохі бісеру і дрот. Разам яны паспрабавалі сплесці першую работу – невялічкае дрэўца. Гэта прыдало дзяўчыне натхнення.

Калі падарылі кнігу па пляценні з бісеру на станку, сама знайшла ў горадзе гурток, дзе вучылі любімай справе. Бацька змайстраваў для дачкі станок, і мары сталі рэальнасцю. Хутка з’явілася першая работа “Домік у вёсцы”. Ужо ў той час Алеся адчула, што знайшла захапленне на ўсё жыццё. Калі пры заканчэнні базавай адукацыі ў класе з мастацкім ухілам ёй трэба было здаваць дыпломную работу, добра ведала, што тая будзе выканана ў тэхніцы ткацтва бісерам. Працу дзяўчыны высока ацанілі. Яна выклікала вялікі рэзананс.

Затым была вучоба ў Маладзечанскім музычным каледжы імя М. К. Агінскага на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе Алеся спасцігала прамудрасці выцінанкі, малюнка, жывапісу, кампазіцыі, вырабаў з ільну. У гэты перыяд рэдка можна было знайсці вольную часіну для любімай справы.

Па размеркаванні малады спецыяліст трапіла працаваць у Валожынскую дзіцячую школу мастацтваў. Спачатку педагог праводзіла заняткі ў класе, што знаходзіўся ў будынку “Скарбніцы”. Там яна наведвала шматлікія выставы і пазнаёмілася з рознымі таленавітымі людзьмі, а цяпер Алеся Сяргееўна скарысталася магчымасцю прадэманстраваць валожынцам свае работы.

На выставе “Фантазія + Майстэрства” прадстаўлены тканыя бісерам карціны і жаночыя ўпрыгажэнні. Найбольш маштабныя работы былі зроблены ў час, калі маладая матуля знаходзілася ў дэкрэтных водпусках – гэта прыгожая, цудоўная жанчына выхоўвае дваіх дзетак: сына і дачушку. Хапае з малымі работы і ў хаце. Але яна стараецца вышукаць час і на сваё захапленне. Любімы муж яе разумее і падтрымлівае.

Дзяўчат і жанчын не пакідаюць раўнадушнымі ўпрыгажэнні, якія вырабляе Алеся Сяргееўна, бо яны асаблівыя і непаўторныя.

Для кожнага віду работ у творцы існуюць тры розныя па памеры станкі. Адзін з іх цяпер знаходзіцца на выставе. У час сустрэчы Алеся Сяргееўна правяла майстар-клас па ткацтве бісерам. Яна прадэманстравала, як вырабіць незвычайнай прыгажосці пояс. Усе прысутныя пераканаліся, што гэта вельмі карпатлівы, працаёмкі занятах, і якую ўседлівасць трэба мець, каб дамагчыся выніку. Ад вялікай колькасці прыгожых рэчаў вочы разбягаліся. Наведвальнікі выставы надоўга зарадзіліся пазітыўным настроем.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Захапленне-для-душы-1

Захапленне-для-душы-2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars