Магічная сіла сякеры

Культура

Звесткі аб выкарыстанні сякеры як магічнага прадмета ў розных звычаях і абрадах дазваляюць сцвярджаць, што з яе дапамогай маглі ўздзейнічаць не толькі на іншых людзей, але менавіта і на прыродныя з’явы. Прычым важна адзначыць, што сякера выкарыстоўвалася часцей звычайнымі людзьмі супраць шкоднай дзейнасці чараўнікоў і ведзьмаў.

Беларусам быў вядомы звычай спынення дажджу з выкарыстаннем сякеры. Для гэтага сякеру забівалі ў сцяну, а на яе вешалі пусты кацялок. Гэтыя магічныя ўздзеянні абапіраліся на ўяўленні аб тым, што сякера з’яўляецца зброяй Перуна – бога маланкі, агню, гэта значыць такіх з’яў, якія проціпастаўляюцца воднай стыхіі.

Існавала вераванне, што калі кінуць у віхор сякеру ці нож, то гэтыя прадметы могуць параніць нячыстую сілу, якая знаходзіцца ў сярэдзіне віхра. Яшчэ ў мінулым стагоддзі існавалі старажытныя абрады-засцярогі, якія прадугледжвалі ў прамым сэнсе слова “перасяканне” дарогі. Іншымі словамі, дарогу літаральна перасякалі сякерай, каб стварыць перашкоду нячыстай сіле. Напрыклад, каб адагнаць нечысць ад жывёлы перад першым выганам яе ў поле, сяляне высякалі на зямлі крыж.

У мінулым частымі непажаданымі гасцямі сялянскага жыцця былі розныя эпідэміі – чума, халера і іншыя, якія знішчалі і людзей, і жывёлу. Каб абараніць сябе і скаціну ад гэтай немінучай смерці, людзі выконвалі розныя магічныя абрады, найбольш распаўсюджаным з якіх было абворванне вёскі. Для выканання гэтага абраду жанчыны, часцей удовы, з пэўнай вёскі збіраліся разам ноччу і, запрогшыся, самі абворвалі вёску сахой ці плугам. Пры гэтым яны абавязкова шумелі, білі ў металічныя прадметы, размахвалі ў паветры сякерамі, косамі, віламі, выкрыкваючы пагрозы ў той бок, адкуль магла прыйсці пошасць.



Добавить комментарий