Барацьба з самім сабой

Барацьба-з-самім-сабой

Гэтай зімой многія жыхары Валожыншчыны, нават тыя, хто не цікавіцца спортам, з захапленнем сачылі за XII Паралімпійскімі гульнямі ў паўднёва-карэйскім горадзе Пхёнчхане.

Беларусь на спаборніцтвах прадстаўлялі 15 спартсменаў у двух відах спорту – біятлоне і лыжных гонках. У выніку зборная заняла восьмае месца ў агульным медальным заліку: паралімпійцы заваявалі 12 узнагарод – па чатыры золата, срэбра і бронзы. Абараняць гонар краіны ездзіў і наш зямляк, ураджэнец Івянца Аркадзь Шыкуць.

Аркадзь заўсёды быў рознабакова развітым чалавекам, шмат чым захапляўся, шукаў сябе ў многіх прафесіях – працаваў і аператарам кацельні, і вадзіцелем, адслужыў у войску. Восенню 2013 года трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне, якое падзяліла лёс на «да» і «пасля». Мужчыну ампутавалі нагу да бядра. Расказвае, што было цяжка зразумець, як у XXI стагоддзі магчыма адмовіцца ад канечнасці і, увогуле, як далей складзецца будучыня. Але ж не страціў надзею, паступова прыстасаваўся, наладзіў побыт. Увесь час яго падтрымлівала жонка і родныя. “А які сэнс апускаць рукі? Галоўнае ў такой сітуацыі – сябе не шкадаваць і не папракаць. Ад гэтага і сам, і блізкія пакутуюць”, – прызнаецца наш герой. Пратэзаванне аказалася немагчымым па медыцынскіх паказчыках: костка разрасталася ў бакі.

У той перыяд жыцця Аркадзь сустрэўся з Валянцінай Шыц. Дзяўчына ўваходзіць у склад Беларускай нацыянальнай зборнай па інваспорце, займаецца лыжнымі гонкамі. Потым пазнаёміўся з іншымі спартсменамі, змог паназіраць за адносінамі “трэнер-падапечны” і вырашыў аддаць сябе спорту.

Спачатку зацікавіўся фехтаваннем. На першай жа трэніроўцы зразумеў: шырокія плечы перашкаджаюць кіраваць зброяй і робяць яго жывой мішэнню. Пасля заняўся веславаннем на параканоэ. У 2015 годзе ездзіў на Чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ ў Мілане, дзе заняў 9-е месца. Менавіта тады пагрузіўся ў атмасферу вялікага спорту і зразумеў, што галоўнае спаборніцтва – гэта барацьба не з канкурэнтамі, а з самім сабой. 2016 год – Чэмпіянат Еўропы ў Маскве. Там атрымалася палепшыць свой папярэдні вынік і заняць 5-е месца.

Пазней вырашыў паспытаць сябе ў лыжным спорце, знайшоў трэнера і пачаў занімацца. У мінулым сезоне ў Фінляндыі атрымаў ліцэнзію на ўдзел у Паралімпіядзе і ўвайшоў у зборную. Да галоўнага спаборніцтва рыхтаваліся на зборах у Фінляндыі, Германіі, Італіі, і ўсё гэта – дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы.

У Пхёнчхане Аркадзь змагаўся за медалі ў гонках на 15 км і 7,5 км, спрынце на 1100 м. У першым спаборніцтве сышоў з дыстанцыі на 4 крузе пасля 10-кіламетровай адзнакі – мацаванні санак зламаліся, і спартсмен не ўтрымаўся ў каляіне. Паміж гонкамі аднаўляўся і адпачываў, падтрымліваў членаў зборнай. Нягледзячы на шчыльны графік, удалося наведаць экскурсію ў рыбацкі пасёлак, убачыць побыт карэйцаў XV стагоддзя, бліжэй пазнаёміцца з азіяцкай культурай.

Галоўная задача любой гонкі і паказчык падрыхтоўчай работы –медалі. Аркадзь паставіў перад сабой мэту і працягвае трэніравацца, паляпшаць вынікі, працаваць над сабой, каб аднойчы вярнуцца дадому з золатам.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars