Незабыўныя ўражанні ад паездкі ў Нідэрланды

Нідэрланды – заходнееўрапейская краіна, якая абмываецца Паўночным морам і мяжуе з Германіяй і Бельгіяй. Яе часта называюць Галандыяй, хоць гэта не зусім дакладна, бо Паўднёвая і Паўночная Галандыя – толькі дзве з дванаццаці правінцый Нідэрландаў.

Напэўна, у кожнага Нідэрланды асацыіруюцца з ветракамі, цюльпанамі і сырам. Такія сімвалы можна сустрэць па ўсёй краіне. Вядомыя дзеячы яе ўсім на слыху – філосафы Спіноза, Эразм Ратэрдамскі, мастакі Рэмбрандт ван Рэйн, Вінсэнт ван Гог, Босх.

У гэтай цудоўнай краіне з 15 па 18 сакавіка давялося пабываць узорнаму фальклорнаму гурту Рэспублікі Беларусь “Гасцінец”, які прадстаўляў нашу краіну на II Міжнародным фальклорным фестывалі ў Амстэрдаме. Там беражліва захоўваюць традыцыі сваіх продкаў, у чым мы ўпэўніліся падчас азнаямленчых экскурсій, што былі наладжаны арганізатарамі фестывалю.

Першым чынам накіраваліся ў Заансэ Сханс – музей пад адкрытым небам. Ён уяўляе сабой своеасаблівы Скансэн, накшталт нашага беларускага Музея народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы, аднак з іншым мясцовым каларытам. Там прайшліся па старых галандскіх вулачках і пазнаёміліся з адметнай архітэктурай. Незабыўныя ўражанні пакінуў музей вытворчасці драўляных чаравікаў, у якім можна было паназіраць за майстар-класам па вырабе знакамітага ў Нідэрландах абутку. Не менш цікавым стала наведанне музея вытворчасці галандскага сыру, дзе падрабязна расказалі пра асаблівасці вырабу вядомага ўсім прадукту, а таксама прадэгуставалі розныя гатункі.

Наступнай экскурсійнай кропкай быў горад Гаага – рэзідэнцыя ўрада, парламента і каралеўскага двара краіны, трэці па велічыні і адзін з самых старажытных гарадоў. Але перш за ўсё ён вядома тым, што тут знаходзіцца Палац міру, у якім засядае Міжнародны суд ААН.

Найбольш застанецца ў памяці ўсіх удзельнікаў фестывалю горад Ратэрдам – другі па велічыні горад краіны і найбуйнейшы порт Еўропы, які з 1962 па 2004 гг. быў самым ажыўленым у свеце (потым гэта найменне перахапіў Шанхай). Яго часта называюць горадам архітэктуры – некалькі квадратных кіламетраў у цэнтры Ратэрдама забудаваны самымі сучаснымі і футурыстычнымі будынкамі XX ст. Таксама тут да гэтага часу захаваліся 7 арыгінальных галандскіх ветракоў.

Было надзвычай цікава акунуцца ў правінцыяльную атмасферу старажытных вёсак краіны. Рыбацкая вёсачка Волендам – турыстычнае месца, якое знаёміць з пасяленнем галандскіх рыбакоў у старажытнасці. Вельмі прыгожае, чыстае і шматлюднае месца. Ну і, канешне, як не наведаць Эдам – невялікі горад, што вядомы ва ўсім свеце сваім сырам і сырнымі кірмашамі.

І вось, налюбаваўшыся на мясцовыя краявіды, мы рушылі назад у сталіцу Амстэрдам, дзе ў канцэртнай зале Подыум Мазаік адбыўся сам фальклорны фестываль. Праграма фестывалю была насычанай і разнастайнай. Сваю традыцыйную творчасць тут прадставілі фальклорныя калектывы з розных куткоў свету: Італіі, Інданезіі, Сербіі, Балгарыі, Германіі, Расіі і інш. Кожнае выступленне было яркім і адметным. Гучалі традыцыйная музыка, песні, цешылі вока народныя танцы.

Асабліва запамінальным стала выступленне калектыву з Інданезіі. Экзатычныя яркія касцюмы, арыгінальны танец з элементамі імітацыі рухаў і паводзін птушак, а галоўнае – адкрытыя, усмешлівыя твары саміх выканаўцаў. На фестывалі шмат гучала сербскай музыкі (некаторыя краіны былі прадстаўлены творчымі калектывамі сербаў, што эмігрыравалі, але падтрымліваюць традыцыі свайго народа за межамі радзімы). Наш калектыў паказаў праграму, куды ўвайшлі беларускія традыцыйныя спевы, танцы, музыка веснавога перыяду.

Заключным акордам фестывалю стаў сербскі танец-карагод, які аб’яднаў усіх удзельнікаў. Напрыканцы кожны мог больш цесна пакантактаваць паміж сабой, сфатаграфавацца, абмяняцца ўражаннямі і сувенірамі.

Фальклорныя фестывалі такога кшталту праводзяцца ў розных кутках Еўропы. Прадстаўнікі многіх краін і культур з’язджаюцца ў адно месца, каб пазнаёміцца, абмяняцца вопытам, наладзіць стасункі. Мы вельмі задаволены, што нам пашчасціла пабываць на адным з іх і паказаць сваю багатую беларускую фальклорную спадчыну. Гэта каштоўны вопыт для любога фальклорнага калектыву.

Лізавета ТАЎГЕНЬ,

удзельніца калектыву “Гасцінец”,

фота аўтара

Незабыўныя-ўражанні-ад-паездкі-ў-Нідэрланды-1

Незабыўныя-ўражанні-ад-паездкі-ў-Нідэрланды-2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars