Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

За першы квартал бягучага года 12 сем’ям раёна, у якіх нарадзілася трэцяе ці наступнае дзіця, па рашэнні райвыканкама налічаны сямейны капітал у памеры 10 тысяч долараў ЗША кожнай.

У апошнія дні сакавіка такі капітал заслужылі Святлана Юр’еўна Зайцава і Наталля Алегаўна Кісель з аграгарадка Бабровічы, Вікторыя Міхайлаўна Малютка з Каменя, Святлана Мікалаеўна Патаповіч з Ракава, Вольга Антонаўна Рудовіч і Людміла Аляксандраўна Пупко з Івянца, Таццяна Максімаўна Кашалеўская з Паморшчыны, Юлія Віктараўна Лабачэўская з Пугачоў. Усе названыя жанчыны нарадзілі па трэцяму дзіцяці, і іх сем’і аўтаматычна перайшлі ў разрад мнагадзетных. Такім чынам, у раёне паболела на 8 мнагадзетных сем’яў.

 

У канцы сакавіка ў Маладзечне прайшло V Рэгіянальнае свята-конкурс выцінанкі “Папяровыя карункі”. У ім прымалі ўдзел 44 майстры з розных раёнаў Міншчыны.

Члены народнага аб’яднання майстроў “Скарбніца” раённага Цэнтра культуры ўдастоены двух дыпломаў лаўрэатаў. У намінацыі “Непаўторны творчы почырк” званне лаўрэата прысуджана Алене Мурашовай, а ў намінацыі “Асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё традыцый выцінанкі” – Вользе Харлінскай. Дыплом II ступені ў намінацыі “Лепшая калекцыя хатніх работ” быў уручаны Наталлі Рэут.

 

    Пакуль вучні адпачывалі на вясенніх канікулах, некаторыя іх настаўнікі вучыліся.

На працягу пяці дзён шэсць настаўнікаў польскай мовы, якія вядуць гурткі ў розных установах адукацыі раёна, паглыблялі свае веды на курсах павышэння кваліфікацыі пры Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Дарэчы, такіх курсаў не было ўжо некалькі гадоў.

 

З пачатку года ў чытальнай зале раённай бібліятэкі ўстаноўлена электронная праграма AlisWEB, якая дае магчымасць рэгістраваць новых чытачоў, а таксама ў электронным выглядзе весці ўлік выдаваемых кніг і перыядычных выданняў.

Рэгістрацыя чытачоў дазволіла стварыць адзіную базу па ўсёй чытальнай зале. Праграма “Абслугоўванне чытачоў” прызначана для аўтаматызацыі функцый бібліятэчнага работніка па абслугоўванні чытачоў бібліятэкі ў дадзеным структурным падраздзяленні. У бліжэйшых планах – устаноўка аналагічных праграм па рэгістрацыі чытачоў і кнігавыдачы на абанеменце.

 

 Не так даўно мытня “Мінск-2” святкавала 25-годдзе з дня стварэння.

Для ўдзелу ў канцэртнай праграме ў аэрапорт “Мінск-2” былі запрошаны 6 выхаванцаў Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната, з якім у мытнай службы даўнія шэфскія сувязі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з няпростым лёсам пакарылі віноўнікаў урачыстасці сваімі вакальнымі здольнасцямі і асабліва віртуознымі танцамі на інвалідных калясках. А яшчэ падшэфныя прывезлі падарункі, зробленыя сваімі рукамі.

 

    Традыцыйна вясеннія канікулы школьнікаў праходзяць пад знакам кнігі. Упершыню такое свята адбылося ваеннай вясной 1943 года па прапанове дзіцячага пісьменніка Льва Касіля.

Цыкл разнастайных мерапрыемстваў у Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі прапанавала сваім чытачам Валожынская дзіцячая бібліятэка. Фармат іх быў розны, як рознымі былі і самі ўдзельнікі. У пераважнай большасці – вучні сярэдняй школы № 1.

Адкрыла Тыдзень свята музыкі – “У свеце фарбаў, гукаў і пачуццяў”, падрыхтаванае сумесна з выкладчыкамі дзіцячай школы мастацтваў. У ім прымалі ўдзел вакальная група першага класа пад кіраўніцтвам А. М. Лаўрыновіч, гітарысты Арцём Рабчанкаў і Міхаіл Занько (вучні С. А. Сівага і І. І. Каваленкі), баяністка Надзея Бацян (настаўнік А. Ф. Каранеўскі), дуэт настаўнікаў А. С. Далбаносавай і А. Ф. Каранеўскага. Была разгорнута выстава малюнкаў. Цікавым атрымаўся расказ пра школу, пра музычныя інструменты, жадаючым далі магчымасць зрабіць некалькі акордаў на гітары. І кожнага запрасілі паступаць у новым годзе ў школу мастацтваў. Сустрэча з паэткай В. Ф. Гіруць-Русакевіч насіла аптымістычную назву “Якое ты цудоўнае, жыццё!”. У дзень краязнаўства мультымедыйнае падарожжа па родным раёне правялі работнікі краязнаўчага музея Н. П. Лоўчая і Н. У. Бобрык. У вандроўку па бібліятэцы запрасілі выхаванцаў старэйшай групы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” – “Без білета па беламу свету”. Лялечныя інсцэніроўкі казак С. Міхалкова для выхаванцаў дзіцячага сада № 3 падрыхтавалі члены клуба “Кругагляд”, што створаны пры бібліятэцы.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars