Творчы праект: Соль валожынскай зямлі

Я-ўсё-жыццё-механік...-з-дыпломам-заатэхніка

    …Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі. Змяняюцца пакаленні. Час і людзі робяць гісторыю, пра якую варта не толькі памятаць, але і ведаць яе. Рэдакцыя газеты сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў працягваюць творчы праект над назвай “Соль Валожынскай зямлі”. Задума з’явілася невыпадкова. Падчас правядзення ў красавіку 2015 года маштабнага прафсаюзнага мерапрыемства “Эстафета пакаленняў” ад шаноўных ветэранаў працы, што былі запрошаны на ўрачыстасць, не раз давялося пачуць, як іх кранаюць такія сустрэчы. А колькі прыемнай асалоды на душы яны атрымліваюць ад звычайнай паштоўкі ад колішняга працоўнага калектыву. Ну а запрашэнне падзяліцца назапашаным вопытам з маладымі калегамі – і ўвогуле ажыўляе, надае бадзёрасці, узнімае настрой. Падумалася: наколькі важныя для чалавека, які сваімі працоўнымі здабыткамі праславіў раён, увага і ўсведамленне таго, што праз гады цябе памятаюць, табой ганарацца, з цябе бяруць прыклад.

    На нашай Валожыншчыне жыве нямала ганаровых людзей, адзначаных дзяржаўнымі ордэнамі, медалямі, граматамі. Усе яны ў свой час самааддана працавалі дзеля дабрабыту і росквіту валожынскага краю і ўнеслі важкі ўклад у яго станаўленне. Зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але застаюцца ўсё такімі ж актыўнымі і патрэбнымі грамадству, бо з’яўляюцца прыкладам працавітасці, адказнага стаўлення да даручанага ўчастка работы, улюбёнасці ў сваю справу, якой прысвяцілі жыццё. Радзіма годна адзначыла працоўныя подзвігі, і яны без перабольшвання – гонар і слава раёна. Пра такіх гавораць: соль зямлі.

 

Станіслаў Антонавіч ЛУЖЫНСКІ:

“Я ЎСЁ ЖЫЦЦЁ МЕХАНІК… З ДЫПЛОМАМ ЗААТЭХНІКА”

    Чалавек-глыба, якога можна па праве назваць адным з самых таленавітых, дальнабачных, мудрых гаспадарнікаў: больш за 30 гадоў Станіслаў Антонавіч Лужынскі ўзначальваў калгас “Бальшавік”. У самы развал Савецкага Саюза – з 1990 па 1995 гады – з’яўляўся народным дэпутатам БССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, пяць гадоў засядаў у парламенце поруч з будучым Прэзідэнтам нашай краіны. У скарбонцы яго ўзнагарод – юбілейныя медалі “За воінскую доблесць” у азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна, “60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, неаднаразова заахвочваўся Ганаровымі граматамі Мінскага абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў.

Станіслаў Антонавіч Лужынскі нарадзіўся ў вёсцы Зацішак Вішнеўскага сельсавета. З гэтых мясцін паходзіла ўся радня па мацярынскай лініі. З самага дзяцінства марыў стаць механікам, бо бацька быў механізатарам – мяў лён, малаціў зерне, працаваў на розных трактарах. Тэхніка ж, нібы магніт, прыцягвала хлапчука: увесь вольны час ён праводзіў у калгаснай майстэрні, дадому прыходзіў мурзаты, запэцканы з галавы да ног. Маці злавалася: маўляў, мала ёй аднаго “мазутніка” ў хаце. Старэйшая ж сястра на той час рабіла ў Подберазі, і як больш адукаванай у сям’і ёй даручылі адправіць усе неабходныя дакументы для паступлення Станіслава на механіка ў жыровіцкі тэхнікум. Калі ж прыехаў здаваць экзамены, убачыў: яго прозвішча пазначана ў спісах на заатэхніка. Як пасля высветлілася, такі план быў у маці. Пярэчыць ёй, нягледзячы на роспач і ўнутраны канфлікт, не стаў: ведаў – не здабраваць. Успамінае, маці была вельмі строгая і так трымала дысцыпліну, што магла перацягнуць яму скарачом і пасля арміі. Бацька ж, наадварот – чалавек надзвычайнай дабрыні, нікому ні ў чым не адмовіў у жыцці.

Увогуле, ад кожнага з бацькоў Станіславу Антонавічу перадалося ўсё самае лепшае: надзвычайная працавітасць маці, майстрыхі па ткацтве, кросны якой зараз знаходзяцца ў гістарычным музеі ў Мінску; гаспадарлівасць бацькі, што меў залатыя рукі. Яшчэ падлеткам вельмі імпанаваў яму брыгадзір іх калгаса – Станіслаў Рыснік, некалі фігура паважаная і значная сярод вяскоўцаў. Ён быў чалавекам простым, культурным, але разам з тым высокапатрабавальным, разумным і справядлівым. Праз гады, ужо займаючы кіруючую пасаду, С. А. Лужынскі досыць часта ўспамінаў свайго цёзку і задумваўся: “А як бы зрабіў у гэтай сітуацыі Стась?”

Першым працоўным месцам дыпламаванага спецыяліста-заатэхніка стаў калгас “Перамога”, аднак хутка пайшоў служыць у армію, а калі вярнуўся – пасада была занята. Наступныя пяць гадоў работы звязаны з дзяржплемстанцыяй. Тады ж давялося пабываць на спецыялізаваных курсах у Маскве ва Усесаюзным навукова-даследчым інстытуце жывёлагадоўлі, дзе выкладалі акадэмік Мілаванаў і прафесар Сакалоўская. Вярнуўшыся адтуль, сам пачаў чытаць лекцыі па штучным асемяненні і селекцыі перад заатэхнікамі-селекцыянерамі нашага і Маладзечанскага раёнаў. І гэта яму падабалася. У райкаме ж партыі бачылі бойкі характар і лідарскія задаткі Лужынскага, а камуністы заўсёды давалі пуцёўку ў жыццё такім людзям. Станіслаў Антонавіч і сёння памятае, як на бюро райкама партыі першы сакратар Мікалай Данілавіч Казачонак сказаў, як адрэзаў: “Вось Вам першае партыйнае заданне – узначаліць калгас “Бальшавік”. Калі адмовіцеся, то Вы не здольныя быць членам Камуністычнай партыі”.

Напэўна, такі давер і пасада ў 25 гадоў павінны былі б задаволіць, калі б не адна важная акалічнасць. З 31 гаспадаркі, якія тады налічваліся ў раёне, дзве былі ў заняпадзе, у тым ліку  – “Бальшавік”. Вось такую спадчыну давялося прыняць С. А. Лужынскаму. Было гэта 10 студзеня 1975 года. З усмешкай узгадвае сваё знаёмства з новым месцам работы, як яго пасадзілі ў верандзе, дзе размяшчаліся кантора і клуб. У невялікім памяшканні шыбы ў вокнах павыбіваны, пад дзвярамі – шчыліна, праз якую так дзьмула, што прамерз да касцей. Што адчуваў у тыя хвіліны – цяжка словамі перадаць, але адступаць не ў яго правілах.

У калгасе мелася 1900 гектараў ворнай зямлі і 2400 – сельгасугоддзяў, 500 галоў дойнага статка. З 12 гусенічных трактароў толькі адзін на хаду, а не за гарамі – першая сяўба. Свой уклад жыцця і адносін да работы існаваў і ў мясцовага насельніцтва. Але Станіслаў з маленства засвоіў бацькоўскую навуку: не павінна быць добрых ці дрэнных людзей, калі яны ўсе аднолькавыя. Вельмі слушную параду напачатку старшынства даў вопытны калега з калгаса “1 Мая” Анатолій Пятровіч Горскі: “Я вайну прайшоў, жыццё пражыў. Памятай, будзеш ехаць па вёсцы, можа і спяшацца надта, а там сабралася многа жанчын. Абавязкова спыніся, прывітайся, пагутары і запытайся, што іх хвалюе. Дапаможаш ім ці не – іншая справа, аднак будзеш ведаць, чым жывуць вяскоўцы. Для іх увага старшыні дарагога каштуе”.

Правай рукой маладога кіраўніка стаў галоўны аграном Віктар Антонавіч Русовіч. Граматным спецыялістам была і галоўны бухгалтар Ганна Іванаўна Пратасевіч. А вось механізатарскіх кадраў не хапала, нягледзячы на тое, што якраз у той год прыйшло маладое папаўненне. У гарачую пару дапамагалі шэфы. Але Станіслаў Антонавіч марыў пра той час, калі на палетках будуць працаваць свае дамарослыя кадры, якія душой адчуваюць родную зямлю. Каб іх “выгадаваць”, спатрэбілася амаль 10 гадоў. І такіх людзей, ён лічыць, трэба насіць на руках.

На пытанне, якім павінен быць кіраўнік, С. А. Лужынскі адказаў так: “Строгім, часам жорсткім. А бываюць моманты, што трэба саступіць і нават прабачэння папрасіць, калі давядзецца, – па-іншаму нельга. У мяне былі свае, як казалі, чапаеўскія метады кіравання: калі работнік правініўся, ён пазбаўляўся ўсіх заахвочвальных даплат – падчас уборачнай кампаніі гэта некалькі месячных зарплат. Аднак у яго была магчымасць выправіцца: усвядоміў, што вінаваты, і далей працуеш да сёмага поту – цалкам атрымаеш усё, чаго быў пазбаўлены. І вось гэтыя лейцы трэба цягаць і цягаць, бо не будзе конь кіравацца, не будзе ісці, і галава дугой не будзе”. Трэба сказаць, што Станіслаў Антонавіч заўсёды меў свой погляд і не баяўся адстаяць яго перад вышэйстаячым кіраўніцтвам.

Уклад С. А. Лужынскага на пугачоўскай зямлі цяжка пераацаніць: пры ім пабудаваліся тыпавая мехмайстэрня на 50 рамонтаў, сярэдняя школа, адміністрацыйны будынак, дзе размясціліся сельвыканкам, пошта, бібліятэка, клуб. Вялікі плён прынесла і абранне яго дэпутатам парламента – у дамы вяскоўцаў бясплатна прыйшоў прыродны газ, людзі не плацілі ні за падвядзенне, ні за катлы, ні за пліты. Блакітнае паліва таксама атрымалі івянчане.

З пачаткам пераўтварэння калгасаў у акцыянерныя таварыствы да “Бальшавіка” далучылі “Залескі”, і ён стаў называцца ААТ “Пугачы”. У выніку значна прыбавілася зямлі: 3800 гектараў ворыва і больш за 4 тысячы гектараў сельгасугоддзяў патрабавалі гаспадарлівых рук. Колькі давялося папрацаваць, каб на халодных пугачоўскіх палетках атрымліваць ураджайнасць па 40-45 цэнтнераў з гектара – ведае не на словах: тут пазней за ўсіх сеялі і самымі апошнімі збіралі ўраджай. Сельгаспрадпрыемства лічылася насенняводчым па вырошчванні канюшыны, якую высявалі па строга распрацаванай тэхналогіі… з верталёта. У раёне ведалі заўзятасць і апантанасць Станіслава Антонавіча і нават жартавалі: маўляў, спыніце, інакш хутка будзем усё сеяць на верталёце… Ён пастаянна эксперыментаваў з тэхнікай, разам з механізатарамі шукаў прычыны паломкі і, як калісьці ў дзяцінстве з бацькам, не ганьбаваў стаць поруч і закасаць рукавы. “Я ўсё жыццё механік, нягледзячы на дыплом заатэхніка, – падкрэсліў у размове С. А. Лужынскі. – Люблю пугачоўскую зямлю і ведаю, як да яе падысці. Але больш за ўсё ўдзячны ёй, што дала магчымасць займець вялікае кола сяброў – іх лічу адным з галоўных здабыткаў у жыцці”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars