Хто зямлю мілуе, таго яна шкадуе

Общество

  Кажуць, што на зямлі не разжывешся. Але спакон вякоў у сялянскай душы гарэла жаданне паспрабаваць свае сілы ў аднаасобнай гаспадарцы. Толькі той, хто вырашыў усур’ёз заняцца гэтай справай, можа пераканацца, як няпроста цягнуць груз клопатаў, але і адмовіцца ад распачатага не так і лёгка, бо нейкай невытлумачальнай магіяй валодае зямля.

  У нашым раёне зарэгістраваны 25 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. У іх агульным уладанні знаходзяцца 845 гектараў. Сярэдняя плошча адной гаспадаркі дасягае 35,2 гектара. Але і тут ёсць свае рэкорды. Напрыклад, калі пенсіянер А. А. Кулак мае ў сваім распараджэнні крыху больш чым пяць гектараў, то М. В. Сілін – 151 гектар, а І. І. Нехвядовіч паспяхова ўпраўляецца з 218.

  З якімі ж праблемамі сутыкаюцца сёння фермеры, што трэба зрабіць, каб такі від  прадпрымальніцкай дзейнасці развіваўся ў раёне эфектыўна, якая дзяржаўная дапамога патрэбна, каб вытворчыя вынікі спрыялі агульнаму эканамічнаму росту, працавалі на дабрабыт, мацавалі эканамічную бяспеку. Пра гэта і ішла канструктыўная размова на нядаўняй нарадзе фермераў  з удзелам  старшыні райвыканкама У. А. Наумовіча, кіраўніка групы па развіццю асабістых падсобных гаспадарак і сялянскіх (фермерскіх) і рабоце па закупках прадукцыі ў насельніцтва Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінскага аблвыканкама Л. Д. Салаўёва, а таксама спецыялістаў адпаведных раённых службаў.

  Зазначым, што такія нарады праходзяць ва ўсёй вобласці, наша была 13-ая па ліку. Па даручэнню першага намесніка старшыні аблвыканкама В. М. Іванова карпатліва вывучаецца, якія праблемы існуюць на месцах,  як палепшыць работу ў цэлым. Бо фермерства – важны эканамічны падмурак, як справядліва падкрэслівалася, яно фарміруе неабходны нацыянальны прадукт – харчаванне, да таго ж на вёсцы ствараюцца новыя рабочыя месцы.

  І ў далейшым гэта сфера будзе імкліва развівацца. Ужо цяпер распачата фарміраванне спецыяльнай праграмы на 2011-2015 гады. Работа над дакументам ідзе з абавязковым улікам заўваг, прапаноў і пажаданняў з рэгіёнаў.

  Пра тое, якая вялікая ўвага надаецца ў нашай краіне праблеме эканамічнай, харчовай бяспекі, сведчыць і дзяржаўная падтрымка прыватных падсобных гаспадарак. Сёння любы вясковец можа ўзяць крэдыт на 7 гадоў на суму да 60 мільёнаў рублёў, каб купіць сельскагаспадарчую тэхніку і развіваць асабістую падсобную гаспадарку. Не выключана, што пазней яна можа ўзбуйніцца і перарасці ў фермерскую.

  Нароўні з СВК фермеры  для сваіх зямельных надзелаў атрымліваюць мінеральныя ўгнаенні, банкаўскія крэдытныя рэсурсы, гаруча-змазачныя матэрыялы, наладжана забеспячэнне насенным матэрыялам, праводзіцца вапнаванне глебы, словам, аказваецца рэальная, дзейсная падтрымка з боку дзяржавы па многіх накірунках. У прыватнасці, на правядзенне веснавых палявых работ для фермерскіх гаспадарак у нашым раёне было выдзелена за кошт бюджэтных сродкаў фосфарных угнаенняў на 29,2 мільёна рублёў, адпускаліся іншыя віды ўгнаенняў, пастаўляліся элітныя клубні бульбы і інш. Дапамога адчувальная, таму і вынікі работы пастаянна аналізуюцца, асэнсоўваюцца. Прывядзём некаторыя статыстычная паказчыкі. Калі ў сярэднім па вобласці  на фермерскіх угоддзях  атрымана па 28 цэнтнераў з гектара, то ў нашым раёне ўсяго 25. А некаторыя  гаспадары-ўласнікі летась мелі і таго менш, некаторыя намалацілі скупа – толькі па 10 цэнтнераў на круг.

  Прагучаў справядлівы, хоць і рэзкі папрок, што нават на прыватных сядзібах  руплівыя пенсіянеры і то маюць больш важкі ўраджай. У адказ на такую крытыку фермеры прыводзілі розныя контраргументы. Многія пасевы, аказваецца, церпяць страты ад нашэсця дзікоў, асабліва на прылесных тэрыторыях. Прагучалі і прэтэнзіі да якасці зямлі, якая выдзяляецца фермерам. Нярэдка ім дастаецца няўдобіца, з нізкім балам урадлівасці. Фермеры ад такіх участкаў “не адмахваюцца”, але разам з тым хацелі б, каб забеспячэнне не праводзілася па рэшткаваму прынцыпу, бо збіраць хочацца шчодрыя ўраджаі, а не каменне.

  Ёсць у фермераў і некаторыя праблемы з набыццём  мінеральных угнаенняў. А калі гаспадарка невялікая па плошчы, то не зусім лёгка атаварыцца гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Некаму патрэбна ўсяго паўбензавоза, а адпускаюць ГЗМ вялікім оптам. Таму прагучала прапанова вырашыць гэту праблему праз Маладзечанскую нафтабазу шляхам залічэння на магнітныя карткі. Узнялі на раённай нарадзе і такое  пытанне: калі ў цябе дробнатаварная вытворчасць, слабая тэхнічная база, то няпроста ўзяць і банкаўскі крэдыт. А хочацца развівацца, купляць новую тэхніку, іншае абсталяванне, а ў якасці залогу няма чаго аформіць. Атрымліваецца замкнутае кола. Гэта сур’ёзны стрымліваючы фактар. Фермерам паабяцана, што іх пытанне будзе вырашана ў перспектыве, гэтаму садзейнічаюць і новыя падыходы для актывізацыі падтрымкі  фермерства ў нашай краіне.

  Удзельная вага фермерскіх здабыткаў у агульных сельскагаспадарчых аб’ёмах атрыманай летась у раёне прадукцыі характарызавалася наступнымі статыстычнымі данымі: 0,9 працэнта займае зерне, 4,1 – бульба, 83,7 працэнта – агародніна. У асноўным  фермерская вытворчасць прадукцыі зарыентавана на ўнутраныя патрэбы. Ураджай з сялянскіх надзелаў пастаўляецца ў сталоўкі школ, дзіцячых садкоў, бальніц. На штогадовых восеньскіх кірмашах яна таксама карыстаецца вялікім попытам.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Сёння любы вясковец можа ўзяць крэдыт на 7 гадоў на суму да 60 мільёнаў рублёў, каб купіць сельскагаспадарчую тэхніку і развіваць асабістую падсобную гаспадарку. Не выключана, што пазней яна можа ўзбуйніцца і перарасці ў фермерскую.

Калі ў сярэднім па вобласці  на фермерскіх угоддзях  атрымана па 28 цэнтнераў з гектара, то ў нашым раёне ўсяго 25.  А некаторыя  гаспадары-ўласнікі летась мелі і таго менш, некаторыя намалацілі скупа – толькі па 10 цэнтнераў на круг.



Добавить комментарий