Што ні ўзор – то сімвал

У мэтах развіцця творчасці, далучэння дашкольнікаў да народных традыцый у ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка” г. Валожына арганізаваны і дзейнічае ўжо чатыры гады гурток “Дзіцячае ручное ткацтва”.

Дзеці з захапленнем наведваюць гэты гурток, дзе яны далучаюцца да аднаго з відаў традыцыйнага нацыянальнага мастацтва – ручнога ткацтва на прыкладзе тэхналогіі габеленапляцення. На занятках у дашкольнікаў фарміруюцца элементарныя паняцці пра колер, кампазіцыю, тэхнікі і прыёмы габеленапляцення, развіваюцца ручныя ўменні, інтарэс да нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выхоўваюцца любоў і павага да працы.

Посцілкі, ручнікі, абрусы, іншыя тканыя і вышываныя рэчы – своеасаблівая аповесць пра жыццё народа, яго працу, шчасце і нястачы, мары і спадзяванні. Народнае мастацкае ткацтва – адзін з найбольш папулярных відаў народнага мастацтва. Мы звыкла ацэньваем тканыя рэчы з пазіцыі прыгажосці, адмысловасці арнаментыкі, гармоніі каларыту, але народнае ткацтва – яшчэ і бяздонная крыніца культурна-гістарычных звестак. Што ні ўзор – то сімвал, які мае рознае тлумачэнне. Напрыклад, сімвалы ўраджаю – Спарыш, Рай, Багач – вучаць любіць Маці-Зямлю, працу, дабівацца добрага ўраджаю. Сімвалы свят – Купала, Каляда, Масленіца, Вялікдзень. Тут – радасць, гонар за вынікі сялянскай працы. Сімвалы памяці – Дзяды, Радаўніца – любоў і павага да продкаў. Усё, што захавана ў народным ткацтве, не пералічыць, але кожны ўзор сімвалізуе дабро, праўду, прыгажосць, любоў, гонар за чалавека, мае сваё прызначэнне і назву.

Дзеці захапіліся гісторыяй ткацтва беларускага арнаменту, і таму было вырашана адлюстраваць яго ўзоры-сімвалы ў тэхніцы нятканага габелена. Гэта тэхніка найбольш даступная пяцігадовым выхаванцам. Спачатку яны малююць узоры, а пасля дробна наразаюць ніткі і наклейваюць іх на ўзор.

Такім чынам дзеці знаёмяцца не толькі з гісторыяй ткацтва беларускага арнаменту, з узорамі-сімваламі, але і адлюстроўваюць іх у сваіх работах. І самае галоўнае – дакранаюцца да багацейшай духоўнай спадчыны беларускага народа і разумеюць, што гэта сапраўдны неацэнны скарб, які трэба захаваць для наступных пакаленняў.

Любоў КЕРБЕДЗЬ,

педагог дадатковай адукацыі ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка” г. Валожына

Што-ні-ўзор----то-сімвал-1

Што-ні-ўзор----то-сімвал-2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars